Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пуцін ніколі не дапусьціць празаходняй дэмакратычнай рэвалюцыі ў Беларусі», — Радзіхоўскі


Леанід Радзіхоўскі

Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — расейскі публіцыст Леанід Радзіхоўскі. Ён лічыць, што Лукашэнку няма куды сыходзіць ад Расеі, прадказвае, якая будзе рэакцыя Пуціна ў выпадку перамогі ў Беларусі дэмакратычнай рэвалюцыі, і тлумачыць, за што расейская палітычная эліта любіць Дональда Трампа. Зь ім гутарыў Віталь Цыганкоў.

— У Менск прыяжджае кіраўніцтва Расеі, бакі будуць улагоджваюць сытуацыю з газавымі перамовамі. Ужо некалькі разоў на ўвесь голас абвяшчалі, што перамовы завершаныя, — але пасьля гэтага высьвятлялася, што на самой справе трэба зноў дамаўляцца. Чаму так адбываецца?

«Лукашэнку няма куды сыходзіць ад Расеі»

— Мне здаецца, што гэта справа пераважна эканамічная. Я б яе не палітызаваў і не надаваў бы гэтаму палітычнага ці ідэалягічнага значэньня. Гэта нармальны торг. Я ня думаю, што з пытаньнем коштаў Расея спрабуе палітычна вытаргаваць нешта ў Беларусі.

Як сказаў Мядзьведзеў — «грошай няма». Гэтая геніяльная фраза, як ні дзіўна, адпавядае рэальнасьці. Грошай сапраўды няма, і ў такой сытуацыі расейскі ўрад без усялякіх палітычных мэтаў спрабуе выціснуць кожную сотню мільёнаў даляраў. Раней гэта была драбяза, і гэта была проста нагода для палітычных разбораў. А цяпер — грошы трэба. Тым болей што красьці ў Расеі менш ня сталі — але ж трэба, каб было што красьці. Ідзе барацьба за грошы, я гэта так разумею.

— А як тая акалічнасьць, што «грошай няма», стратэгічна будзе ўплываць на адносіны Масквы і Менску?

— А я ня думаю, што гэта штосьці зьменіць. Вядома, для Лукашэнкі і для Беларусі мала прыемнага ў тым, што грошай будзе меней. Але альтэрнатывы няма. Знайсьці іншага шчодрага дзядзю, які будзе даваць больш — я моцна ў гэтым сумняюся.

Таму адносіны будуць пагаршацца — без усялякай альтэрнатывы. Будуць больш сварыцца, таргавацца. А ўлічваючы характар Лукашэнкі, ён будзе часьцей хадзіць зь вялікіх козыраў, часьцей прамаўляць гучныя словы. Але падзецца яму асабліва няма куды, як і ў Расеі няма альтэрнатыўнага саюзьніка.

Абодва бакі стратэгічна адзін у адным зацікаўленыя. Расеі патрэбны саюзьнік, а Беларусі патрэбныя грошы

Так што — «скаваныя адным ланцугом». Ланцуг залаты, і ён становіцца ўсё больш напружаным. Але парвацца ён ня можа, бо абодва бакі стратэгічна адзін у адным зацікаўленыя. Расеі патрэбны саюзьнік, а Беларусі патрэбныя грошы.

— Ня ўсе думаюць, што Беларусі няма куды падзецца. Расейская патрыятычная прэса тыпу Рэгнуму часта піша, што Беларусь сыходзіць ад Расеі. Наколькі такія страхі, па-вашаму, распаўсюджаныя не ў маргінальных колах, а ў Крамлі, і наколькі яны апраўданыя?

— Гэтыя меркаваньні (я б іх не назваў страхамі) неапраўданыя, але разьдзьмухваць і спэкуляваць на гэтым лёгка. Але для гэтага патрэбная адна дэталь — сыходзіць трэба кудысьці. Калі муж разводзіцца, то ён звычайна сыходзіць да іншай жанчыны. Гэтак і жонка не сыходзіць бамжаваць на вакзале, а ідзе да іншага мужчыны.

Наколькі я разумею Лукашэнку — яму сыходзіць асабліва няма куды. Ён, вядома, будзе разьвіваць адносіны з Эўропай, але Эўразьвяз не гатовы да таго, каб даваць у той ці іншай форме на ўтрыманьне беларускай дзяржавы. Калі ў Расеі «грошай няма», то і ў Эўропе таксама «грошай няма». Ва ўсялякім разе, няма на тое, каб утрымліваць чужую ім дзяржаву. Усе бачаць, якія праблемы цяпер у Эўразьвязе, — і ім зусім не да Беларусі.

«Расейская ўлада ненавідзіць тыя дзяржавы, якія яна лічыць дэмакратычнымі»

— Але калі працягваць вашы «сямейныя» трапныя аналёгіі — усё ж бывае, калі людзі (часьцей, відаць, мужчыны) сыходзяць у нікуды і проста сапраўды бамжуюць...

— Усяляк бывае. Калі справа дойдзе да нейкай невырашальнай супярэчнасьці, скандалу, асабліва калі б Лукашэнка адчуў, што на яго палітычна ціснуць, спрабуюць адняць частку ўлады — вядома, ён пайшоў бы на што заўгодна, у тым ліку на эканамічныя рызыкі.

Але, наколькі я разумею, адносіны Беларусі і Расеі не такога парадку. Па сутнасьці, Расея ня ўмешваецца ва ўнутраную палітыку Беларусі, і нават у замежнай палітыцы асабліва Лукашэнку не замінае. Яго флірты з Эўропай выклікаюць у Крамля некаторае раздражненьне. Але вельмі абмежаванае.

Трэба мець на ўвазе псыхалёгію расейскай улады. Яна фізычна ненавідзіць тыя дзяржавы, якія яна лічыць дэмакратычнымі, проста не выносіць іх. І вельмі цярпліва, добразычліва, паблажліва, а часам проста баязьліва ставіцца да тых рэжымаў, якія яна лічыць аўтарытарнымі, дыктатарскімі.

Расейская дзяржава ў самую апошнюю чаргу сварыцца з аўтарытарнымі кіраўнікамі. Самы яркі прыклад — сытуацыя з Эрдаганам

Расейская дзяржава ў самую апошнюю чаргу сварыцца з аўтарытарнымі кіраўнікамі. Самы яркі прыклад — сытуацыя з Эрдаганам. Абмяняліся пагрозамі, і потым хутка памірыліся. Цяжка нават уявіць, што было б, калі б расейскі самалёт памылкова зьбілі ня туркі, а любая эўрапейская краіна. Скандал быў бы ў тысячу разоў большы, а замірэньне было б у тысячу разоў больш складаным. Гэта агульная псыхалягічная ўстаноўка асабіста Пуціна. Аўтарытарныя рэжымы для яго псыхалягічна блізкія. Ён іх разумее, часта пабойваецца, і псаваць зь імі адносіны хоча ў апошнюю чаргу.

Таму ні ў якія справы Лукашэнкі Расея асабліва ня ўлазіць. Калі б такія самыя фінты з Расеяй выкідвала Ўкраіна ці Малдова, то скандал быў бы грандыёзны. А зь Беларусьсю ўсё лічыцца ў парадку рэчаў. Таму цяжка сабе ўявіць такую ступень абвастрэньня адносінаў, пры якой для Лукашэнкі паўстала б пытаньне — альбо рваць з Расеяй, альбо станавіцца ў прыніжанае становішча. А калі яму палітычна нічога не пагражае, то зь якой радасьці ён будзе рваць адносіны Расеяй — тым болей што, паўтаруся, сыходзіць яму асабліва няма куды.

— З гэтых вашых лягічных разважаньняў пра адносіны Крамля да розных палітычных рэжымаў паўстае даволі страшная карціна таго, што чакае Беларусь у выпадку перамогі дэмакратыі ў краіне. Якое будзе стаўленьне Масквы да гэтага?

— Калі ў Менску адбудзецца нешта падобнае да таго, што адбылося ва Ўкраіне — то, без усялякага сумневу, у той ці іншай форме паўторыцца ўкраінскі сюжэт. Крыму ў Беларусі няма, забіраць нібыта няма чаго. Але гэта будзе крайняе абвастрэньне, ажно да збройных сутыкненьняў альбо жорсткай эканамічнай блякады — у гэтым няма ніякага сумневу. Чаго-чаго, а празаходняй дэмакратычнай рэвалюцыі ў Беларусі Пуцін не дапусьціць ніколі.

— Чаму большасьць расейскіх палітыкаў і мэдыяпэрсонаў адназначна выказваюцца за Дональда Трампа? Традыцыйна менавіта рэспубліканцы ў ЗША былі больш антырасейскімі, а тут Масква ненавідзіць дэмакратычнага кандыдата і відавочна жадае перамогі рэспубліканскаму.

— Рэч ня ў тым, хто дэмакрат, а хто рэспубліканец. Рэч у тым, што Трамп неаднаразова публічна выказваў сваю сымпатыю Пуціну. І рабіў гэта ён не ад вялікага і шчырага пачуцьця, а таму, што ён ва ўсім павінен ісьці супраць амэрыканскага істэблішмэнту. Яны супраць Пуціна — ён «за», у ЗША з Расеяй кепскія адносіны — значыць, Трамп будзе абяцаць, што адносіны пры ім будуць выдатныя. Трамп — гэта «антыКлінтан». І Пуцін, не расьпешчаны добрым стаўленьнем да сябе — падтрымаў Трампа. Але я б сказаў, што гэтыя абдымкі пайшлі Трампу не на карысьць. Яго абвясьцілі «агентам Пуціна» (што, вядома, поўная лухта), і ў выніку гэтая расейская падтрымка яму толькі бокам выйдзе — чым маглі, пашкодзілі.

Увогуле, Расея займае глябальную антызаходнюю пазыцыю, і паводле лёгікі «вораг майго ворага — мой сябар» падтрымлівае ўсіх, хто выступае супраць істэблішмэнту. Пры савецкай уладзе падтрымлівалі камуністаў, цяпер, наадварот, крайне правых. Вось зьбіраюць у Маскве дзікія зборышчы сэпаратыстаў, фашыстаў — у Расеі такім людзям давалі б турэмныя тэрміны.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG