Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні праз 22 гады чаканьня выдалі пасьмяротную кнігу Андрэя Пяткевіча


Кнігі «Шчасьлівым сканаць» (Андрэй Пяткевіч) і «Дайсьці да Каложы» (Данута Бічэль)

З друку выйшлі знакавыя кнігі двух гарадзенскіх аўтараў Дануты Бічэль і Андрэя Пяткевіча.

«Шчасьлівым сканаць» Андрэя Пяткевіча

У гарадзенскім выдавецтве «Юрсапрынт» выйшла першая і пакуль што адзіная пасьмяротная кніга вершаў Андрэя Пяткевіча (1966-1995), укладзеная, дарэчы, самім аўтарам, але з шэрагу прычын вымушаная чакаць друку ажно 22 гады.

Імя паэта зьвязана з літаратурным андэграўндным рухам, што разгарнуўся ў Беларусі напрыканцы 80-х — пачатку 90-х гадоў на знак пратэсту супраць афіцыёзу, які запаланіў ледзь ня ўсю прастору тагачаснага вэрбальнага мастацтва. У выніку паўсталі розныя творчыя суполкі, якія абвясьцілі курс на аднаўленьне айчыннай літаратуры, яе татальную мадэрнізацыю. У Горадні такой суполкай стаў знакаміты верш-гурт «Дыяген».

Андрэй Пяткевіч быў адным з яго стваральнікаў і актыўных удзельнікаў, аўтарам найбольш бескампрамісных вершаў, якія гурткоўцы адрасавалі сваім ідэйным і эстэтычным ворагам, і ці то жартам, ці ўсур’ёз называлі «баевікамі». Яны спавядалі непакору і нонканфармізм. Гэта бачна з першых радкоў першага верша, што адкрывае кнігу «Шчасьлівым сканаць» і называецца «Credo»:

На каленях наканавана паэтам жыць.
Ды я падымуся з каленяў.
Хапае навокал каменьняў,
Каб ворагаў біць.

Праўда, самыя ваяўнічыя вершы так і не ўвайшлі ў кнігу: насуперак уласным грамадзка-палітычным поглядам, якія, зразумела, знаходзілі ўвасабленьне і ў творчасьці, Андрэй Пяткевіч быў перакананы, што любая ідэалёгія шкодзіць мастацкасьці. І таму ўключыў у свой дэбютны зборнік перадусім філязофскую лірыку, якая калі часам і адлюстроўвае палітыку зьнешняга сьвету, дык выключна праз прызму суб’ектыўнага аўтарскага эга:

Я прыехаў. Адкуль? І навошта?
Гэта скажуць пустыя тамы.
Заўтра сьветлае голад і вошы.
Гэта мы, камуняцкія мы.

Усяго ў кнігу «Шчасьлівым сканаць» увайшло 45 вершаў, напісаных пераважна ў 1991 годзе. Большасьць з іх раней нідзе не публікаваліся. Усе яны адметныя сваім тонкім лірызмам, схільнасьцю балянсаваць на мяжы змрочнага імпрэсіянізму і лёгкага дэкадансу, таму на працягу ўсяго зборніка не перастаюць зьдзіўляць непрадказальнасьцю і нават парадаксальнасьцю паэтычных вобразаў.

«Дайсьці да Каложы» Дануты Бічэль

У выдавецтве «ПРО ХРЫСТО» выйшла новая кніга Дануты Вічэль «Дайсьці да Каложы». Гэты зборнік знакамітае гарадзенскае паэткі, якая за сваё творчае жыцьцё зазнала не адно ганеньне ад уладаў, аздобілі вершы, якія былі напісаныя цягам апошняга года. Праўда, некалькі твораў усё ж перавандравала з папярэдніх кніг, аднак у крыху зьмененым выглядзе, таму можна лічыць іх своеасаблівымі інварыянтамі папярэдніх вэрсій.

Увогуле, адметнасьць актуальнага пэрыяду ў творчасьці паэткі, што бачна і з апошняй кніжкі, выяўляецца ў непераадольным жаданьні да ўсякага роду экспэрымэнтаў — з вобразамі, з мовай, нават з жанравай сыстэмай. Так, напрыклад, у падтытуле кнігі заўважаем, што «Дайсьці да Каложы» складаюць ня проста вершы, але малітвы, мэдытацыі і вершасказы. Такое ўдакладненьне дазваляе чытачу хутчэй зразумець сутнасьць паэзіі Дануты Бічэль.

да анёльскіх палётаў
верных людзей выводзіць
гэтых аматараў экстрэмальных прыгодаў...
ад невылечных хваробаў адна дапамога —
вера ў Зьмёртвыхпаўстаньне і ў Духа Сьвятога...

Вершы Дануты Бічэль, складзеныя ў форме малітвы, сапраўды гэтак і выглядаюць: яны напісаныя простай, немудрагелістай мовай, але зачароўваюць неверагоднай глыбінёй сэнсавага напаўненьня, адчуваньнем містычнай сувязі з Адрасатам. Вершы-мэдытацыі і вершасказы таксама шчыра зьдзіўляюць тонкімі назіраньнямі паэткі за няўлоўнымі вібрацыямі ўнутранага сьвету чалавека ў такт зьнешняму:

Рэальны час не рэальны для нас.
Часу простая лінія —
гэта пясчаны гасьцінец,
па якім мы з Падласкай хадзілі...

Яшчэ адна асаблівасьць кнігі — яе падабенства з календарамі, тымі, што некалі выдаваліся ў асьветніцкіх мэтах — з вершамі ды разнастайнымі гісторыямі, з якіх звычайны чалавек, далёкі ад кніжнай культуры, мог усё-ткі да яе наблізіцца. Гэтак і зборнік «Дайсьці да Каложы» можа чытаць кожны, хто проста мае добрае сэрца, а не філялягічную адукацыю, хто моліцца разам з паэткай у касьцёле пад час імшы, а не толькі цытуе модных постмадэрністаў.

На кожнае вялікае каталіцкае сьвята тут абавязкова знойдуцца прыгожыя радкі, ёсьць вершы пра жыцьцё сьвятых, апосталаў, а таксама душэўныя прысьвячэньні беларускім сьвятарам. Новая кніга Дануты Бічэль адкрытая для кожнага, як храм. І паэтка туды запрашае ўсіх нас без выключэньня:

Давайце зьбірацца ў сьвятыя суполкі,
займайце пачэсныя месцы, анёлкі!
Зьбярэмся — нябёсы штовечар паслухаць,
натхняцца дыханьнем высокага духу!

XS
SM
MD
LG