Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якіх палітычных наступстваў варта чакаць ад прапагандысцкай кампаніі вакол справы «Белага легіёну»?


Дзяржаўныя мэдыі разгарнулі псыхалягічную вайну супраць палітычных апанэнтаў. Як ацаніць палітычныя тэхналёгіі, якія выкарыстоўваюцца падчас гэтай кампаніі? Якія мэты і задачы ставяць улады? Ці варта чакаць новых палітычных рэпрэсій супраць апазыцыі і незалежнага грамадзтва?

Удзельнікі: кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў і шэф-рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько.

Як ацаніць палітычныя тэхналёгіі, якія выкарыстоўваюцца падчас гэтай кампаніі?

Валер Карбалевіч: «Спачатку здавалася, што „справа легіянэраў“ — гэта разавы прапагандысцкі прадукт, укінуты ў інфармацыйную прастору напярэдадні Дня Волі, каб запужаць абывацеляў і апраўдаць жорсткі разгон акцыі ў гэты дзень. Здаецца, акцыі пратэсту, у прыватнасьці ў рэгіёнах, пайшлі на спад, можна супакоіцца і сьцішыць імпэт інфармацыйнай вайны супраць апанэнтаў.

Але не. Спачатку зьявілася вялікая, на 2,5 паласы, публікацыя ў „Советской Белоруссии“ 11 красавіка. 12 красавіка на тэлеканале „Беларусь-1“ паказаны прапагандысцкі фільм „Белы легіён чорных душ“. Як бы вы ацанілі тэхналягічны ўзровень гэтага піяр-прадукту? Наколькі эфэктыўныя такія прыёмы? Ці дасягнуць улады патрэбнага эфэкту?»

Андрэй Паротнікаў: «Каб адказаць на пытаньне пра эфэктыўнасьць, трэба мець дадзеныя незалежнай сацыялёгіі. А яе цяпер у нас няма.

Ніякай палітычнай тэхналёгіі я тут ня бачу. Ёсьць звычайная гебэльсаўская прапаганда, навешваньне самых неймаверных ярлыкоў. Мы гэта бачым апошнія 20 гадоў ад фільму „Дзеці хлусьні“. Зьмянілася толькі тое, што на апанэнтаў вешаюць ярлык ня толькі фашыстаў, але і ісламістаў, якія цяпер шмат прадстаўлены ў інфармацыйным полі. Усё гэта недарэчна, але, як казаў доктар Гебэльс, чым больш неймаверны падман, тым лягчэй у яго павераць людзі».

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

Андрэй Дынько: «Убогая прадукцыя, якая разьлічаная на дурняў. Усё дзеля таго, каб нагнаць страху. Грамадзтву пасылаюць сыгнал: нам пляваць на праўду, пляваць на тое, паверыце вы ў гэта ці не, але ведайце, што будзем „мачыць“ і будзем садзіць. Будзем караць усіх, хто замахнецца на нашу ўладу, і нават тых, хто толькі здольны замахнуцца».

Якія мэты і задачы ставяць улады?

Карбалевіч: «Навошта ўсё гэта робіцца? Якія мэты і задачы ставяць улады? Зьбіць хвалю пратэсту? Дык, здаецца, яна пайшла на спад».

Дынько: «Першая задача палягала ў тым, каб запужаць і зьбіць пратэставую хвалю. Бо ўлада з жахам убачыла, колькі нянавісьці назапасілася ў грамадзтве.

Таму ўлады хочуць, каб грамадзтва атрымала такую навуку. Вось у 2010, 2011 гадах апанэнтаў моцна шварганулі, то яны ціха сядзелі, баяліся пікнуць. А вось цяпер паднялі галовы. Таму трэба зноў шваргануць так, каб баяліся. Вось такая чалавеканенавісьніцкая лёгіка.

Другі адрасат — Расея. Барацьбу зь беларускім нацыяналізмам улады прадаюць Маскве за танныя нафту і газ».

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько

Паротнікаў: «Гэта цынічная лёгіка, і, як здаецца ўладам, дастаткова пралічаная. Пратэсты паказалі патэнцыял магчымага выбуху. На вуліцу выходзілі людзі, якія, магчыма, у 2015 годзе галасавалі за Лукашэнку. Улады ведаюць рэальную сацыялёгію, але яе публічна не паказваюць. І спэцслужбы вывучаюць рэальную сытуацыю. Яны ўбачылі, што людзі ў рэгіёнах значна больш злыя, чым у Менску.

Але ёсьць адрозьненьне цяперашняй сытуацыі ад таго, што было ў 2011 годзе. Тады ў 2012 годзе пачаўся рост даходаў насельніцтва. Цяпер бліжэйшыя пяць гадоў гэтага чакаць не выпадае. А значыць, пратэставы патэнцыял будзе павялічвацца.

Таму брутальныя дзеяньні і прапагандысцкі накат на спадзе пратэстаў робіцца дзеля таго, каб запужаць на будучыню. Але, зь іншага боку, гэта праява няўпэўненасьці і страху самой улады».

Карбалевіч: «Ці згодныя вы з сп. Дынько, што тут прысутнічае расейскі чыньнік?

Паротнікаў: «Так. Але ня думаю, што ставіцца мэта запужаць Расею. Хутчэй, гэта спроба зьбіць абвінавачваньні з боку Расеі ў нейкай антырасейскасьці існага рэжыму Беларусі. Таму і дэманстратыўна душаць беларускі нацыяналізм.

Зь іншага боку, накат на нацыяналістаў — гэта спроба атрымаць індульгенцыю ад Расеі, апраўдацца перад ёй за накат на прарасейскія сілы, які таксама адбываецца. То бок гэта спроба атрымаць карт-блянш на здушэньне і тых, і другіх».

Дынько: «У паветры запахла беларускай «Салідарнасьцю»

Карбалевіч: «Вось Арцём Шрайбман пісаў на партале tut.by, што ня варта казаць пра канец лібэралізацыі, што маштаб рэпрэсій не дасягнуў узроўню канца 2010 — пачатку 2011 гадоў. Але калі казаць па колькасьці людзей, якіх пасадзілі ў апошні месяц на суткі, то гэта ўжо ня менш, чым тады. І колькасьць тых, хто праходзіць па крымінальнай справе, набліжаецца да сытуацыі 2011 году. Зь фільму на БТ вынікае, што ў змове, якая ўжо названая „фашысцкім пераваротам“, задзейнічаныя ўся апазыцыя, незалежныя мэдыі, заходнія структуры. І ўсе ўдзельнікі акцый у рэгіёнах — таксама частка гэтай вялікай змовы, хоць яны і не здагадваліся пра гэта. Ствараецца атмасфэра пагрому. Якія гэта можа мець палітычныя наступствы?»

Дынько: «Мы можам толькі гадаць. Бо ўлада кіруецца сваімі выкладкамі, якія нам невядомыя. Мы ж ня ведаем, чаго Пуцін патрабаваў ад Лукашэнкі на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу.

Цяперашняя рыторыка ўладаў вельмі несяброўская адносна суседніх краін. Думаю, хутка зьменіцца стаўленьне да Беларусі з боку Польшчы і Ўкраіны. І гэта будзе з радасьцю вітацца Расеяй. Тое, што цяпер робіцца ўладамі, аслабляе Беларусь і адкідае яе на дзесяцігодзьдзе назад. І гэта выгадна Расеі.

Беларусь вяртаецца ў ранг дыктатур, зь якога яна, здавалася, гатовая была выйсьці. Гэта ніяк не палепшыць інвэстыцыйную прывабнасьць краіны.

Асаблівасьць цяперашніх працэсаў у незалежным грамадзтве палягае ў тым, што ўзрасла салідарнасьць. Гэта дзякуючы сацыяльным сеткам, якія дапамагаюць абʼядноўвацца людзям.

Грамадзтва абʼядноўваецца ў сваёй агідзе, якая ўжо падступіла пад горла, хоць яшчэ зрабіць нічога ня можа

Я паглядзеў камэнты пра гэты фільм на партале tut.by, іншых сайтах. Людзі сьмяюцца і выказваюць сваю агіду. Не заўважаю страху, ёсьць нейкае непрыманьне таго, што робяць улады. Грамадзтва абʼядноўваецца ў сваёй агідзе, якая ўжо падступіла пад горла, хоць яшчэ зрабіць нічога ня можа.

Увогуле гэтыя акцыі недармаедаў далі мне параўнаньне з Польшчай канца 1970-х гадоў, напярэдадні эпохі «Салідарнасьці». Калі дасюль пратэставалі нацыяналісты ці менская інтэлігенцыя, то цяпер на вуліцу выйшлі рабочыя, якія былі падтрыманыя інтэлігенцыяй і апазыцыяй. У паветры запахла беларускай «Салідарнасьцю».

Паротнікаў: «Улады вярнуліся да антызаходняй рыторыкі, да абвінавачаньняў ва ўмяшаньні заходніх спэцслужбаў, стварэньні лягераў баевікоў у суседніх краінах. Менску не ўдалося прадаць сябе на Захадзе. Стратэгія Менску палягала ў тым, што, маўляў, палюбіце нас такімі, якія мы ёсьць».

Карбалевіч: «Чаму не ўдалося? Здаецца, шанец атрымаць крэдыт МВФ цяпер значна павялічыўся».

Паротнікаў: «Я гэта чую апошнія 2–3 гады. Але грошай няма дасюль. Сустрэча Лукашэнкі з прадстаўнікамі МВФ 16 сакавіка нічога, акрамя расчараваньня, у іх ня выклікала.

Адзіным рэсурсам, які застаўся дзеля захаваньня кантролю над сытуацыяй, становяцца рэпрэсіі

Менск спэкуляваў на пытаньнях рэгіянальнай бясьпекі на фоне ўкраінскага крызісу. Ён казаў Захаду: ня хочаце мець справу з Лукашэнкам, то будзеце мець справу ў Беларусі з Пуціным. Была надзея такім чынам атрымаць заходняе фінансаваньне на тых жа ўмовах, на якіх Менск атрымлівае 20 гадоў грошы з Расеі. То бок — давайце грошы і не задавайце больш ніякіх пытаньняў. Але так не атрымалася. І гэта выклікала расчараваньне ў Лукашэнкі, і, можа, нават адчуваньне падману. Таму вяртаньне да антызаходняй рыторыкі сьведчыць пра тое, што адносіны з Захадам будуць марозіцца, прычым, магчыма, больш жорстка, чым раней.

У любым выпадку абʼём рэсурсаў у існага рэжыму зьмяншаецца. Таму адзіным рэсурсам, які застаўся дзеля захаваньня кантролю над сытуацыяй, становяцца рэпрэсіі. І яны будуць пашырацца. Прычым пашырацца яны будуць не на палітычную апазыцыю, якая слабая і інфільтраваная агентамі спэцслужбаў.

Баюся, што асноўны ўдар на сябе прымуць незалежныя мэдыі. Апошнія акцыі пратэстаў паказалі, што дзяржаўныя мэдыі страцілі кантроль над інфармацыйнай прасторай ня толькі на карысьць расейскіх СМІ. Яны аказаліся няздольнымі канкурыраваць зь беларускімі незалежнымі мэдыямі, якія заўсёды лічыліся слабымі, неэфэктыўнымі. Чатыры незалежныя СМІ паказвалі рэпартажы он-лайн з гэтых акцый. Напрыклад, рэпартаж зь менскай акцыі 17 лютага глядзела агулам каля 2 млн чалавек. Гэта абсалютна недасяжны паказчык для дзяржаўных мэдыяў. Таму ўлады будуць імкнуцца нэўтралізаваць незалежныя СМІ».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG