Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штрафная амністыя і скасаваньне транспартнага падатку — грузаперавозчыкі грукаюцца ва ўладныя дзьверы


Аргкамітэт Саюзу беларускіх перавозчыкаў і грамадзкае абʼяднаньне «Восьмы рэгіён» зьвярнуліся ў Каардынацыйную раду Нацыянальнай плятформы бізнэсу Беларусі (НПББ) на 2017 год, каб ініцыяваць зьмены ў галіне транспарту і інфраструктуры.

Найперш прапановы тычацца вырашэньня праблемаў, зьвязаных з увядзеньнем сыстэмы платных дарог BelToll, а таксама зь неабходнасьцю сплачваць падчас тэхагляду так званы транспартны падатак.

Адзін зь лідэраў абʼяднаньня грузаперавозчыкаў і аўтаўладальнікаў «Восьмы рэгіён» Сяргей Штода перакананы, што Каардынацыйная рада здолее данесьці да ўладаў актуальнасьць праблемы, якая тычыцца значнай праслойкі грамадзтва — ня толькі карыстальнікаў платных дарог, а і ўсіх аўтаперавозчыкаў.

Сяргей Штода
Сяргей Штода

Такім чынам, лічыць ён, ёсьць шанец наблізіцца да вырашэньня асноўнай задачы бізнэс-плятформы — дакумэнту, які мае ў прыярытэце давер і стваральную сыстэму матывацыі:

«Паводле афіцыйных дадзеных, у Беларусі звыш 4 мільёнаў афіцыйных аўтаўладальнікаў, — кажа Сяргей Штода. — Аднак толькі 1% згодны плаціць транспартны падатак, узяты з паветра. Як бачна, ніякай гаворкі пра аднадушнасьць разуменьня такога кроку няма і блізка... Мы не заклікаем да парушэньня законаў і ня ставім невыканальных патрабаваньняў, мы просім унесьці папраўкі ў выглядзе зьменаў у пастанову Савету міністраў аб платных дарогах. Паверце, усім ад гэтага стане толькі лепш. Напрыклад, просім адвязаць спагнаньні ад курсу эўра. Эўравалюта ўмацоўваецца, кошт праезду таксама расьце. Таксама прапануем зьменшыць або наагул скасаваць транспартны падатак, які з году ў год чамусьці павялічваецца».

Штрафы BelToll як спосаб залатаць бюджэтныя дзіркі

Ад 1 жніўня 2013 году згодна з указам прэзыдэнта № 426 і пастановай Саўміну № 340 запушчана ў камэрцыйную эксплюатацыю сыстэма платных дарог BelToll. Ужо ў першыя месяцы дзейнасьці зафіксавана вялізная колькасьць парушэньняў парадку аплаты, субʼекты гаспадараньня атрымалі акты аб накладаньні гіганцкіх штрафаў — ад 1000 да 80 000 эўра ў эквіваленце. Неплянаваныя выдаткі паставілі ў складанае фінансавае становішча цэлыя прадпрыемствы і асобных прадпрымальнікаў.

Пасьля дэталёвага разгляду судовых гісторыяў нават транспартнікі прызналі, што сыстэма недасканалая, адпаведна, патрабуецца ўмяшаньне органаў, у чыёй кампэтэнцыі пытаньне карэкціроўкі сыстэмы. У гэтым зьвязку «Восьмы рэгіён» прапануе ўласнае бачаньне асноўных прычынаў недапрацоўкі.

1) Адпачатку карыстальнікаў вельмі слаба інфармавалі: калі ацаніць памер наступстваў, зьвестак на сайце Міністэрства транспарту і навінаў на БТ аказалася недастаткова.

2) Не хапала адмыслова навучанага пэрсаналу — ад касіраў на выдачы прыстасаваньняў у пунктах абслугоўваньня да адмыслоўцаў у транспартнай інспэкцыі.

3) Не было пэрыяду тэставага рэжыму працы, самі бартавыя прылады былі тэхнічна недасканалыя.

4) Аб парушэньнях папярэджвалі несвоечасова — акты высылаліся праз 2–3 месяцы пасьля фіксацыі факту.

5) Іншыя адмоўныя моманты: не хапала пунктаў абслугоўваньня карыстальнікаў, былі складанасьці ў працы з «пэрсанальным кабінэтам» і г.д.

«У цэлым гэта выглядала так, — папулярна тлумачыць Сяргей Штода. — Учора далажылі прэзыдэнту, што ўсё гатова, сёньня ўсталявалі тэрміналы-рамкі, заўтра пачалі зьбіраць грошы. І хутчэй зноў далажылі прэзыдэнту: маўляў, грошай так шмат, што імі можна прыкрыць „дзіркі“ бюджэту. На ўсе прэтэнзіі ад карыстальнікаў, паралельна гледзячы ў свае тэлефоны, адказвалі 18-гадовыя дзяўчаты. Сэнс зводзіўся да аднаго: вы сплаціце штрафы, потым напішыце прэтэнзіі, і цягам месяца вырашыцца, з чыёй віны атрымаліся такія штрафы — па 50–80 тысяч эўра».

Пасьля таго як гісторыі зь непамернымі штрафамі атрымалі шырокі розгалас, прадстаўнікі BelToll прапанавалі стварыць ініцыятыўную групу дзеля ўрэгуляваньня спрэчных момантаў. Неўзабаве падрыхтавалі зварот да ўладаў адносна штрафной амністыі з унясеньнем дадаткаў у пастанову № 340. Прапаноўваўся шэраг ільгот, а таксама зьніжэньне памеру аплаты ў залежнасьці ад тыпу парушэньня.

Аднак на пачатку 2015 году, пасьля першых эмацыйных абяцаньняў, было абвешчана, што ніякай амністыі ня будзе. Як кажа Сяргей Штода, пачалася працэдура прымусовага спагнаньня сродкаў. Самога яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за пагрозу спаліць фуры пацярпелых грузаперавозчыкаў перад Домам ураду:

«Мы прыйшлі да высновы, што нас чарговы раз падманулі: абяцалі ўвайсьці ў складанае становішча, разумеючы абсурднасьць таго, што адбываецца, але зрабіць канкрэтна нічога не змаглі. Дзеля праформы, зноў жа, спасылаюцца на пастанову Саўміну і ўказ прэзыдэнта. Але, ведаючы, што гэта не аксіёма, бо амаль ва ўсе пастановы рана ці позна ўносіліся дапаўненьні, мы настойваем на неадкладным унясеньні такіх зьменаў. Таму просім працоўную групу Нацыянальнай плятформы бізнэсу Беларусі падтрымаць нас у гэтым пытаньні і ўзьняць тэму на больш высокі ўзровень».

Транспартны падатак як узаконенае выцягваньне грошай

Суразмоўца акцэнтуе ўвагу на тым, што сытуацыя з платнымі дарогамі — гэта віна не Дзяржаўтаінспэкцыі, а сыстэмы BelToll. Мэханізм запазычаны з досьведу Аўстрыі, дзе мэнталітэт і прыбыткі грамадзянаў несувымерныя зь беларускімі рэаліямі. Як кажа Сяргей Штода, штраф у 260 эўра за аднаразовае парушэньне ва ўмовах Беларусі рабаўнічы, а несвоечасовае папярэджаньне з боку транспартнай інспэкцыі прывяло да фантастычных сумаў у дзясяткі тысяч эўра. Такія штрафы найлепш сьведчаць пра недапрацоўкі сыстэмы і ставяць пад сумнеў мэтазгоднасьць такога «сэрвісу» — для многіх перавозчыкаў гэта ўжо абярнулася банкруцтвам.

Правёўшы штрафную фінансавую амністыю, краіна верне давер з боку тых, хто, апынуўшыся ў цяжкім фінансавым становішчы, ужо задумаўся пра рэгістрацыю свайго бізнэсу ў іншай краіне

Пацярпелыя нават гатовыя да кампрамісу: рэкамэндаваць дадатковым пунктам неабходнасьць фінансавай амністыі толькі за першыя месяцы працы сыстэмы. «Мы не злачынцы, а законапаслухмяныя грамадзяне. Мы стварылі нямала працоўных месцаў, спраўна папаўнялі бюджэт падаткамі і мытам і лічым, што ўлада мае права пайсьці нам насустрач у вырашэньні надзённых праблемаў», — пішуць аўтары звароту і прапануюць:

— абвясьціць «штрафную амністыю» за першыя тры месяцы працы сыстэмы BelToll;

— адвязаць сыстэму платных дарог ад курсу эўра;

— адмяніць або зьменшыць «транспартны падатак» для грузавых аўто.

«Правёўшы штрафную фінансавую амністыю, краіна верне давер з боку тых, хто, апынуўшыся ў цяжкім фінансавым становішчы, ужо задумаўся пра рэгістрацыю свайго бізнэсу ў іншай краіне, — кажа Сяргей Штода. — На гэтыя моманты можна рэагаваць па-рознаму: чыноўнік можна адмахнуцца — едзь куды хочаш, ніхто цябе не трымае. Зь іншага боку, чаму павінна быць такое стаўленьне, такі падыход? Чаму грамадзянін сваёй краіны павінен зьяжджаць, а ня жыць і працаваць у сваёй краіне?»

Суразмоўца нагадвае, што хутка сканчаюцца абавязаньні па прэзыдэнцкім дэкрэце № 6 «Аб стымуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці ў сельскай мясцовасьці». Паводле прагнозаў, сотні прадпрыемстваў і грузаперавозчыкаў, якія раней скарысталіся льготамі і пагарэлі на штрафах, пачнуць закрываць свае бізнэс-праекты. Таму прапанову аб фінансавай амністыі ініцыятары прапануюць разглядаць як мінімум у залежнасьці ад тыпу парушэньняў — хай нават з аплатай рэшты за наступныя месяцы пасьля рабаўнічага «тэставага рэжыму», але з гарантыяй захаваньня працоўнага месца. Нават гэта будзе ўратаваньнем ад банкруцтва.

Адмена ці зьмяншэньне памеру транспартнага падатку для грузавых аўто, як перакананы Сяргей Штода, таксама паспрыяе росту эфэктыўнасьці працы. Па яго словах, для невялікіх прадпрыемстваў 20–25 базавых велічынь за тэхагляд кожнай адзінкі тэхнікі — удар надзвычай адчувальны. Зьніжэньне фінансавай нагрузкі дадасьць сілы прадпрымальнікам, стане прыкладам рэальных захадаў дзеля разьвіцьця малога і сярэдняга бізнэсу ў транспартнай галіне.

Нацыянальная плятформа бізнэсу Беларусі — дакумэнт, у якім зьмешчаныя прапановы дзелавой супольнасьці, як палепшыць умовы для вядзеньня бізнэсу. Сёлета абмяркоўваецца пад лёзунгам «Ад узаемаразуменьня да ўзаемадзеяньня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG