Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспарт нафтапрадуктаў упаў на траціну. Бэнзін падаражэе?


Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод
Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод

Беларусь «недаатрымала» за І квартал 2016 году каля 1 млрд даляраў ад экспарту нафты, нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў. Пры гэтым цэны на нафту расьлі, а бэнзін не даражэў. Як так? Тлумачыць экспэрт у галіне энэрганосьбітаў Тацяна Манёнак.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у першым квартале 2016 году Беларусь недаатрымала 60,1 млн даляраў ад экспарту ўласнай нафты, 224,9 млн даляраў ад экспарту калійных угнаеньняў і 680,2 млн даляраў ад экспарту нафтапрадуктаў. Агулам па названых трох пазыцыях — амаль мінус мільярд, або мінус траціна па кожнай пазыцыі. Як гэта адабʼецца на эканоміцы Беларусі?

Чаму экспарт падае, калі нафта даражэе?

Першы квартал мінулага году — той момант, калі цэны на нафту нібы пачалі паціху расьці (з 50 да 65 даляраў) пасьля рэзкага падзеньня 2014 году (са 110 даляраў за барэль да 50). Але зь сярэдзіны 2015 году нафта зноў пачала падаць (да 30 даляраў), а з 2016-га — расьці (да 45 даляраў). А як будзе сёлета — ці будзе экспарт нафтапрадуктаў, як цяпер, падаць, ці ўсё ж расьці? Расьці, але не адразу, тлумачыць Свабодзе эканамічны аглядальнік «Белрынку» Тацяна Манёнак:

«Усьлед за падзеньнем цэнаў на нафту падаюць цэны і на нафтапрадукты, але не адразу, праз пэўны час. Беларусь экспартуе нафтапрадукты ў шмат якія краіны, у залежнасьці ад краіны пастаўкі цэны могуць мяняцца ўсьлед за нафтай на працягу месяца, двух, шасьці месяцаў і болей.

Таму гэта пэўнае рэха зьніжэньня цэнаў на нафту, якое адбывалася ў канцы мінулага і пачатку бягучага году. І сёньняшняе падвышэньне цэнаў на нафту адабʼецца на беларускіх нафтапрадуктах празь месяцы, у сярэднім праз 45 дзён».

Цэны на нафту за два гады
Цэны на нафту за два гады

Бэнзін падаражэе? Прынамсі, пра гэта будуць прасіць

Наколькі адчувальнае падзеньне экспарту для беларускіх прадпрыемстваў і ці не падвысяць яны цэны на нафтапрадукты, у прыватнасьці бэнзін, на ўнутраным рынку? Манёнак ня можа даць адназначны адказ:

«У нас сытуацыя рэгулюецца адміністрацыйна, няма нейкага сьведчаньня рынкавых паводзінаў гульцоў гэтага рынку. Гэта залежыць ад ураду, кіраўніцтва краіны. Сёньня відавочна, што пасьля таго, як даволі істотна падвысіліся акцызы на нафтапрадукты, нафтаперапрацоўчыя заводы зацікаўленыя ў тым, каб падвысіць цэны на паліва на ўнутраным рынку.

Але ж хто ім дазволіць! Ёсьць такая ўстаноўка Аляксандра Лукашэнкі: калі падвышалі акцызы, зрабіць гэта не за кошт аўтаўладальнікаў, не за кошт унутранага рынку. А за гэта плоцяць нафтаперапрацоўчыя заводы. Сёньня „Нафтан“ і Мазырскі завод працягваюць маштабныя, капіталаёмістыя праекты па мадэрнізацыі, а атрымліваюць значна менш, чым у мінулым годзе. Вядома, ім складана, і яны б хацелі падвышэньня цэнаў на нафтапрадукты.

Таму, я так разумею, на пэўныя саступкі павінен пайсьці ўрад, каб тыя інвэстыцыйныя праекты былі рэалізаваныя ў тэрміны. І сытуацыя невялікага падвышэньня цэнаў на нафту матывуе нафтаперапрацоўчыя заводы зноў зьвярнуцца ва ўрад і аргумэнтаваць сваю пазыцыю наконт патрэбы падвысіць цэны. Але ці дасьць урад такі дазвол? Гэта складана, гэта залежыць ад таго, ці хопіць грошай, каб падтрымаць заводы і не падвышаць цэны. Тым больш што падвышэньне цэнаў будзе штуршком для раскруткі інфляцыі на ўнутраным рынку, а гэты паказьнік таксама жорстка кантралюецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG