Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Апазыцыянэраў — жменька, а пакрыўджаных і зьняважаных — сотні тысяч...»


Валянцін Жданко

Дармаеды (або, як іх называе ўлада, «сацыяльныя ўтрыманцы) пасьля ўвядзеньня для іх адмысловага падатку сталі надзвычай палітычна актыўнымі. На працягу мінулых тыдняў масавыя акцыі пратэсту адбыліся нават у тых беларускіх гарадах, дзе іх не было з пачатку 90-х гадоў. Гэтая тэма актыўна абмяркоўваецца і сярод аўдыторыі Радыё Свабода.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з такіх лістоў. Наш слухач Пятро Кавалёў зь Менску піша:

«Гэтым дэкрэтам Лукашэнка, можа, упершыню за 23 гады балюча ўдарыў не па багатых, а па бедных, якія раней заўсёды галасавалі за яго. Для багатых 200 даляраў — ня грошы: яны заплацілі іх і забылі. А для бедных гэта вялікая праблема. І такіх бедных у сёньняшняй Беларусі — сотні тысяч.

Бачна, што Лукашэнка дужа адарваўся ад гэтых людзей, ня чуе іх і не разумее. І для іх гэта вельмі балюча і вельмі крыўдна. Гэта ж яны заўсёды галасавалі за яго, бо лічылі сваім, зь нізоў, „ад сахі“. А ён ужо даўно ня той калгасьнік, якім быў калісьці. І ці памятае ўжо ён, што такое пазычаць на хлеб у суседа і ня мець грошай на школьную форму для свайго дзіцяці?

Цяпер улада, баючыся масавых выступаў 25 сакавіка, аддала загад усяляк шчаміць і запалохваць апазыцыянэраў. Але гэта ня мае ніякага сэнсу. Тых апазыцыянэраў — жменька, а пакрыўджаных і зьняважаных — сотні тысяч. І яны выйдуць на вуліцу, не зважаючы ні на якую апазыцыю.

Дзіўна, што ўлада гэтага ня бачыць і не разумее. На месцы Лукашэнкі я неадкладна адмяніў бы дармаедзкі дэкрэт, ды яшчэ і пакараў тых, хто яго прыдумаў. А ён жа маўчыць. На месцах чыноўнікі ствараюць нейкія камісіі, імітуюць бурную дзейнасьць, вядуць тлумачальную працу. І гэтым выклікаюць яшчэ большае раздражненьне».

Як вядома, у мінулы чацьвер Лукашэнка ўсё ж вымушаны быў часткова саступіць перад грамадзкім абурэньнем: хоць дэкрэт і не адменены, але спаганяць зь людзей грошы пакуль што ня будуць. Відавочна, Лукашэнка вельмі ня любіць паддавацца ціску. Для яго прызнаць уласную памылку — гэта паказаць слабасьць. А ён жа слабым ніколі не выглядаў! Памятаеце, як у далёкім ужо 1995 годзе свае правы паспрабавалі адстойваць машыністы Менскага мэтрапалітэну? Зь якой жорсткасьцю тады быў здушаны страйк. Тады сілавы мэтад вырашэньня спрацаваў, і ў далейшым Лукашэнка яго ня раз выкарыстоўваў. Ні на кога не азіраючыся, даваў загады на разгон, на здушэньне, на рэпрэсіі. І ўрэшце сваёй галоўнай мэты дасягаў: улада заставалася ў ягоных руках.

Нішто не паказвае на тое, што Лукашэнка зьмяніўся ці зьмяніў сваё стаўленьне да сілавых мэтадаў вырашэньня праблемаў. Але галоўная праблема для яго — у тым, што іншым стала стаўленьне большасьці грамадзтва да яго і ягонай палітыкі. І зусім няма грошай на тое, каб падтрымліваць той даўні імідж «народнага прэзыдэнта», які калісьці прывёў яго на вяршыню ўлады.

Наш даўні слухач і аўтар Кастусь Сырэль з Вушачаў свой новы ліст на Свабоду напісаў, паслухаўшы апошнюю перадачу «Толькі жанчыны» з удзелам Алены Анісім, Сьвятланы Калінкінай і Юліі Чарняўскай. Размова там ішла, сярод іншага, пра меркаваны «круглы стол» паміж апазыцыяй і ўладай. З нагоды пачутага слухач піша:

«Вы спытаеце: чаму я лічу, што вынік гэтага Вялікага Круглага Стала будзе нулявы? Ды таму, шаноўнае спадарства, што ані ў дзейнай Канстытуцыі, ані ў хоць якім кодэксе ці законе нават слова такога няма — „круглы стол“. Ну няма ў нас такога органа! То бок усё, што там будзе (калі будзе) абмяркоўвацца, можна сьмела прылічыць да фармату ППР — „пасядзелі, патрындзелі, разышліся“, усё гэта неабавязковае для выкананьня скалананьне паветра (хацеў замест „патрындзелі“ ўжыць больш трапнае слова, але ўстрымаўся).

Я лічу, што ўсе пытаньні можна вырашыць пры дапамозе Канстытуцыі 1994 году і вынікаючых зь яе законаў. Толькі выконваць яе павінны няўхільна ўсе як адзін, і без усякіх „але“ і без усякіх прыярытэтаў.

З усяго сказанага трыма жанчынамі не магу абмінуць сваёй увагай арыгінальную прапанову спадарыні Чарняўскай — стварыць на меркаваным „круглым стале“ яшчэ адну фракцыю, акрамя апазыцыі і ўлады, нешта такое нэўтральнае, кшталту інэртнага газу ў хіміі, ці хутчэй ізалятара ў электратэхніцы. Праўда, ідэя мне не зусім зразумелая — гэта што, каб апазыцыя не пабілася з прадстаўнікамі ўлады, ці што? Тым ня менш ідэю спадарыні Юліі падтрымліваю і ўношу сустрэчную прапанову: стварыць яшчэ адну фракцыю, якая будзе засьцерагаць ад бойкі паміж нэўтральнай фракцыяй і дзьвюма асноўнымі».

Праз «круглы стол» удавалася дасягнуць згоды і кампрамісу палітычным супернікам шмат у якіх краінах, спадар Кастусь. На нашай памяці гэта адбывалася падчас краху камунізму ва Ўсходняй Эўропе. Так што інструмэнт гэты апрабаваны і эфэктыўны. Іншая справа, што размова такая можа быць плённай толькі тады, калі за сталом зьбіраюцца роўныя суразмоўцы, якія маюць за сваімі сьпінамі значную грамадзкую падтрымку. Калі ж такой падтрымкі ў аднаго з бакоў няма — то няма і раўнацэннага дыялёгу. У сёньняшніх беларускіх умовах цяжка ўявіць, што Лукашэнка лічыць кагосьці для сябе раўназначным апанэнтам, вартым таго, каб ісьці яму на саступкі. Хоць, зрэшты, сытуацыя цяпер даволі хутка зьмяняецца.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG