Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нягледзячы на амаль 15-гадовую эканомію, мы ня здолелі купіць кватэру...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 9 лютага 2008 году


Шмат каго з грамадзянаў Беларусі зацікавіла і абнадзеіла нядаўняе паведамленьне з Кіева пра тое, што ўкраінскі ўрад распачаў выплату кампэнсацыяў падманутым укладчыкам савецкага Ашчаднага банку. Ці варта спадзявацца, што беларусам таксама вернуць грошы, адабраныя на пачатку 90-х гадоў?

Вось якімі меркаваньнямі на гэтую тэму дзеліцца наш слухач Міхал Жук зь Менску. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

“Мае суайчыньнікі, мусіць, ужо страцілі надзею атрымаць абяцаныя кампэнсацыі за савецкія ўклады. За два дзясяткі гадоў шмат хто з былых укладчыкаў сышоў туды, дзе ніякіх грошай ня трэба, так нічога і не дачакаўшыся на гэтым сьвеце.

А мы з жонкай з таго часу больш ня сталі давяраць заробленае ніякім ашчадным касам, а пачалі, як і многія іншыя грамадзяне, зьбіраць, як кажуць, “у панчоху”. Зьбіралі мы на ўласную кватэру, адмаўляючы сабе шмат у чым іншым. Але з гэтага нічога ня выйшла. Чаму?”

Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Міхал Жук падрабязна апісвае, як усе ягоныя ашчаджэньні ў сярэдзіне 90-х гадоў зьнішчыла высокая інфляцыя і як ён пацярпеў ад расейскага дэфолту 1998 году. Былі і іншыя страты (яшчэ адна цытата зь ліста):

“Стоячы ў даўжэзных чэргах, каб абмяняць “драўляныя” на што-небудзь цьвярдзейшае, мы радаваліся і дойчмаркам, якія зь пераходам Нямеччыны на эўра таксама страцілі сваю вартасьць. А ў 1999-м мяне асудзілі за тое, што падчас чарговага абвалу памяняў у чалавека, які аказаўся міліцэйскай “падстаўкай”, 20-даляравую купюру. Ну нельга тады было набыць у банках увогуле ніякай валюты. Апроч таго, міліцыянты правялі ў нас ператрус і канфіскавалі ўсе знойдзеныя грошы, якія ня мелі ніякага дачыненьня да гэтай справы. Казалі, што робяць гэта згодна з дэкрэтам прэзыдэнта. Абскарджваючы гэта, я безвынікова прайшоў усе інстанцыі. Нават Жэнэва не змагла даць рады. А на грошы, сабраныя пазьней, набыць нават аднапакаёвую кватэру мы ня здолелі: кошт нерухомасьці рэзка ўзьняўся. У выніку, нягледзячы на амаль 15-гадовую эканомію, мы засталіся без кватэры”, —

— такую гісторыю распавёў у лісьце на Свабоду Міхал Жук зь Менску, які на падставе ўсяго выкладзенага пытаецца: “Хто ж скраў у нас кватэру?”

Няпростае пытаньне, спадар Жук. Калі на вяртаньне хоць часткі абясцэненых савецкіх банкаўскіх укладаў сякая-такая надзея яшчэ застаецца, то на кампэнсацыю тых беларускіх рублёў, якія ляжалі ў вас “у панчохах”, ніякіх спадзяваньняў няма. Ва ўмовах гіпэрінфляцыі, якая панавала тады ў Беларусі, варта было ўкладаць ашчаджэньні ў што-небудзь больш трывалае.

Дарэчы, вы памыляецеся, калі сьцьвярджаеце, што зь пераходам на эўра старыя нямецкія грошы — маркі — страцілі сваю вартасьць. Амбасада Фэдэратыўнай Рэспублікі афіцыйна паведамляе: у Нямеччыне грамадзянін любой краіны без абмежаваньня сумы і без камісійных збораў можа памяняць свае маркі ў 146 філіялах Федэральнага банку і цэнтральных банкаў земляў. Прычым абмежаваньняў у часе няма — гэта значыць, вы можаце зрабіць гэта і цяпер, праз шэсьць год пасьля ўвядзеньня эўра.

Аляксандар Корж з Гомелю ў сваім лісьце на Свабоду выказваецца пра некаторыя сёньняшнія беларускія рэаліі. Ён піша:

“Як можна казаць пра дэмакратыю пры дыктатарскім рэжыме, дзе сярод палітычных вязьняў — нават экс-кандыдат у прэзыдэнты? Канстытуцыя перароблена пад аднаго чалавека і на бясконцы тэрмін. Дэпутаты і сілавыя структуры — на кароткім павадку. Апазыцыя і грамадзкія арганізацыі заціснутыя драконаўскімі законамі. СМІ хоць і існуюць на сродкі падаткаплатнікаў, але абслугоўваюць толькі ўладу.

Вельмі хацелася б паслаць усё наша кіраўніцтва ў ЗША — каб яны хоць здалёк паглядзелі, як адбываюцца сапраўды дэмакратычныя палітычныя кампаніі, якія перарастаюць у сьвята і трыюмф справядлівасьці. Але ж ня пусьцяць туды свае ж — каб заганны ўплыў дэмакратыі не перакінуўся на непадрыхтаваныя галовы дыктатуры”, — піша Аляксандар Корж з Гомелю. — “Вось тут нядаўна галоўны беларускі банкір Пётар Пракаповіч меў неасьцярожнасьць прагназаваць сярэднюю зарплату ў Беларусі да 2015 году ў памеры тысячы эўра. Лепш бы ён канстатаваў рэальны факт таго, што цяпер у Беларусі не існуе працы, дзе зарплата вышэйшая за 500 эўра. Можа, ён разьлічвае, што чарговы раз спрацуе прынцып: чым больш неверагодная хлусьня, тым лягчэй ёй вераць? Як надакучыла гэтае бясконцае “заўтра”, калі есьці хочацца сёньня”, —

— напісаў у лісьце на “Свабоду” Аляксандр Корж з Гомелю.

Сьцьвярджэньне, што ў Беларусі не існуе працы, дзе зарплата вышэйшая за 500 эўра, памылковае, спадар Корж. Шмат якія высокапастаўленыя чыноўнікі, дэпутаты, афіцэры і генэралы міліцыі і спэцслужбаў, блізкія да ўлады бізнэсоўцы атрымліваюць значна болей, чым 500 эўра на месяц. Іншая справа, што іхнія заробкі маюць настолькі ж мала агульнага зь сярэднімі заробкамі ў краіне, як і агучаная Пятром Пракаповічам лічба — з рэальнымі магчымасьцямі беларускай эканомікі.
Іван Савіч зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну лічыць, што “Свабода” аддае празьмерную ўвагу тэме 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Слухач піша:

Лічу, што гэтая тэма не зусім цікавая ў беларускім гістарычным кантэксьце. Па-першае, БНР — няўдалая спроба пабудовы нашай дзяржаўнасьці. Папраўдзе кажучы, значэньне БНР моцна перабольшанае ў колах сьвядомай эліты. Вядома, гэта — ня толькі наша віна, але ў першую чаргу геапалітычная рэальнасьць таго часу. Як кажуць, на лёс нашага народу карэнным чынам паўплывала няўдалая геаграфія.

Па-другое, любому больш-менш дасьведчанаму ў гісторыі чалавеку зразумела, што ў тагачасных геапалітычных варунках БНР у тых межах, якія для яе пазначылі заснавальнікі, існаваць папросту не магла. Гэта было ўтопіяй.

Я, канечне, схіляю галаву перад мужнымі барацьбітамі БНР, патрыётамі свайго краю, але не разумею пазыцыі вашага радыё. Нашто распаўсюджваць міты і ўтопіі праз Радыё Свабода?”, —

— напісаў у сваім лісьце Іван Савіч зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну.

Мітам і ўтопіяй тыя падзеі, якія адбываліся ў Беларусі ў 1918 годзе, сур’ёзныя гісторыкі ня лічаць, спадар Савіч. Намеры і памкненьні стваральнікаў БНР былі зусім не фантастычнымі. Ахопленыя вайной і рэвалюцыямі, учорашнія імпэрыі бурыліся на вачах. Суседнія зь беларусамі польскі, літоўскі, латыскі народы былі ў такім жа геапалітычным становішчы, і ім права на свае незалежныя дзяржавы ўдалося адстаяць. Рэальныя шанцы на жыцьцё мела і БНР.

І нават яе нядоўгае існаваньне адыграла для будучыні беларускай дзяржаўнасьці лёсавызначальную ролю. Не было б яе — наўрад ці бальшавікі пагадзіліся б на стварэньне ў 1919 годзе марыянэтачнай БССР. Так, статус саюзнай рэспублікі мала што азначаў у СССР, рэальнай незалежнасьці рэспубліка ня мела, але ў 1991 годзе менавіта гэты статус прынёс беларусам незалежнасьць. Калі б у жніўні 1991-га Беларусь была, напрыклад, аўтаномнай рэспублікай у складзе РСФСР (кшталту Татарстану ці Башкартастану), сёньня яна, хутчэй за ўсё, існавала б як заходняя правінцыя Расейскай Федэрацыі.

Аўтар наступнага ліста — грамадзкі актывіст і чарнобыльскі “ліквідатар” Васіль Сіліверст з Калінкавічаў. Вось што ён піша пра сваё бачаньне некаторых чарнобыльскіх праблемаў:

Мне, як вайсковаму ліквідатару наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, ня з чутак вядома, што такое радыяцыя. Цяперашняя ўлада праўду пра Чарнобыль утойвае. Адсюль, з правінцыі, простаму абываталю здаецца, што ўся Беларусь толькі тое і робіць, што пяе, танцуе і гуляе ў хакей — як кажуць, пір падчас чумы.

А тым часам радыяцыйная мэдыцына з 1994 году, на мой погляд, стала казарменнай. Няма ніякіх незалежных навуковых дасьледаваньняў, экспэртных інстытуцыяў, а галоўнае — няма незалежных судоў, якія б адстойвалі правы тых, хто пацярпеў ад Чарнобылю, — піша Васіль Сіліверст з Калінкавічаў. — Мяне як ліквідатара хвалюе тое, што за 22 гады ніводзін грамадзянін Беларусі не зьвярнуўся са скаргай у ААН пра тое, што ягоныя правы на здароўе парушаюцца наступствамі Чарнобылю. А вось грамадзяне Расеі, наколькі мне вядома, туды зьвяртаюцца.

І апошняе. У францускім горадзе Клярмон-Фэране працуе наш вядомы прафэсар радыяцыйнай мэдыцыны Юры Бандажэўскі. Ён хоча дапамагаць беларускаму народу і прапануе адкрыць у Беларусі навуковую лябараторыю, але чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя не дазваляюць. Цікава было б пачуць на хвалях “Свабоды” інтэрвію са славутым навукоўцам на гэтую тэму”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” чарнобыльскі “ліквідатар” Васіль Сіліверст з Калінкавічаў.

Дзякуй вам, спадар Сіліверст, за цікавую прапанову. У свой час мы падрабязна асьвятлялі судовы перасьлед прафэсара Бандажэўскага, які выступіў з крытыкай афіцыйнай палітыкі ў справе вырашэньня чарнобыльскіх праблемаў і пасьля гэтага быў асуджаны да турэмнага зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хабарніцтве. Мяркуем, нашым слухачам цікава будзе даведацца пра цяперашнюю дзейнасьць беларускага навукоўца, які вымушаны быў пакінуць радзіму.

Што да зваротаў у ААН, то, мяркую, Вы недаацэньваеце актыўнасьць беларускіх грамадзянаў. Рознага кшталту скаргі і пратэсты прыходзяць зь Беларусі на адрас гэтай міжнароднай арганізацыі тысячамі. У многіх такіх лістах згадваюцца і чарнобыльскія пытаньні. Іншая справа, што рэальныя магчымасьці для вырашэньня ўсіх гэтых праблемаў у ААН абмежаваныя. Займацца імі можа і павінна найперш сама беларуская дзяржава. Гэта — яе абавязак перад уласнымі грамадзянамі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG