Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое сутак адседзеў — і ня рыпайся


Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых
Судзьдзя Гомельскага абласнога суду Аляксандар Сужаеў адхіліў скаргу сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былога афіцэра міліцыі Ўладзімера Няпомняшчых на пакараньне 2 суткамі арышту.

«Я апавёў у судзе, што мой арышт 25 сакавіка за грубую лаянку на прыпынку грамадзкага транспарту — гэта найчысьцейшай вады правакацыя. Участковы міліцыянт прымусіў вызваленага нядаўна з турмы крымінальніка фальшыва сьведчыць супраць мяне. Аднак на гэта судзьдзя запытаўся: чаму я ня ўзяў у ілжэсьведкі пісьмовае пацьвярджэньне?» — паведаміў Уладзімер Няпомняшчых.

25 сакавіка на пачатку сёмай гадзіны раніцы актывіст выйшаў на прыпынак грамадзкага транспарту, каб дабрацца да чыгуначнага вакзалу і ехаць у Менск на сьвята Дня Волі. Аднак на прыпынку супрацоўнікі спэцназу затрымалі Ўладзімера і завезьлі ў пастарунак. Там у дачыненьні да актывіста ўчастковы інспэктар Сяргей Паўлюшчанка склаў пратакол нібыта за грубую лаянку.

У судзе Чыгуначнага раёну Ўладзімер Няпомняшчых заявіў хадайніцтва аб тым, каб правесьці яму псыхіятрычную экспэртызу, бо, як ён сам кажа, на пустыннай вуліцы толькі вар’ят можа лаяцца. Ён прасіў таксама выклікаць сьведку Валера Патапенку, які нібыта чуў лаянку. Але судзьдзя Чыгуначнага раёну Анатоль Сотнікаў адхіліў усе хадайніцтвы пэнсіянэра МУС і пакараў яго 2 суткамі адміністрацыйнага арышту. Гэтае пакараньне Ўладзімер і спрабаваў аспрэчыць у абласным судзе, але безвынікова.

Актывіст наважаны дамагацца адмены пакараньня ў Вярхоўным судзе, а калі спатрэбіцца, то і ў Камітэце ААН па правах чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG