Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу журналіста "Белапан" не задаволілі


Уладзімер Лапцэвіч
Уладзімер Лапцэвіч
Магілёўскі абласны суд не задаволіў скаргі карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі "Белапан" Уладзімера Лапцэвіча на вырак Ленінскага суду Магілёва. 28 сакавіка судзьдзя Ірына Ланчава пакарала журналіста сямю суткамі адміністрацыйнага арышту.

Лапцэвіча прызналі вінаватым у зьдзяйсьненьні дробнага хуліганства. Паводле выраку, журналіст нецэнзурна выказваўся, размахваў рукамі, на заўвагі міліцыянтаў не рэагаваў, а пры затрыманьні аказаў супраціў.

Сёньня скаргу Ўладзімера Лапцэвіча разглядала судзьдзя абласнога суду Сьвятлана Мартынава й не знайшла падстаў, каб яе задаволіць.

"Я не чакаў іншага прысуду. Сумнеўна, каб абласны суд скаргу задаволіў. Суду выгадней пакінуць усё як ёсьць, бо яны баяцца наступстваў ад станоўчага для мяне прысуду. І вырак Ленінскага суду, і сёньняшні — абласнога несправядлівыя і незаконныя. Я зьвязваю затрыманьне і прысуд са сваёй журналісцкай дзейнасьцю. Тут добра праглядаецца палітычны падтэкст. Я зьбіраўся асьвятляць сьвяточнае мерапрыемства мясцовай апазыцыі, прымеркаванае да Дня волі. Міліцыя не дала яго правесьці й затрымала ўдзельнікаў", — пракамэнтаваў вырак Уладзімер Лапцэвіч.

25 сакавіка Ўладзімера Лапцэвіча затрымалі на цэнтральнай вуліцы Магілёва — Ленінскай. Двое міліцыянтаў, як сьцьвярджаў на судзе Лапцэвіч, без тлумачэньня загадалі яму прайсьці ў службовы аўтобус. Калі ён адмовіўся, яго туды занесьлі на руках. Трое сутак да суду журналіст правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Акрамя Ўладзімера Лапцэвіча, на Ленінскай затрымалі яшчэ восем чалавек. Старшыню абласной арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва судзьдзя Станіслаў Шандаровіч пакараў пяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту паводле тых жа артыкулаў, што і Лапцэвіча. Астатніх выпусьцілі, не складаючы пратаколаў.

14 красавіка абласны суд адхіліў таксама скаргу Зьмітра Салаўёва. Судзьдзя Мікалай Гладкі не знайшоў падстаў, каб яе задаволіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG