Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дылемы А.Лукашэнкі: між каралём Лірам і Чаўшэску


Удзельнікі: дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледваньняў Віталь Сіліцкі і палітычны аналітык Аляксандар Фядута.


Чаго варта чакаць у палітычным жыцьці Беларусі ў 2008 годзе? Ці стануць парлямэнцкія выбары каталізатарам пераменаў? Які ўплыў на сытуацыю ў краіне акажуць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі і ў Злучаных Штатах? Ці працягнуцца ў 2008 годзе палітычныя рэпрэсіі? Якія зьмены адбудуцца ва ўладнай клясе краіны? Над гэтымі тэмамі ў перадачы “Экспэртыза Свабоды: вынікі году” у першы дзень новага году разважаюць дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледваньняў Віталь Сіліцкі і палітычны аналітык Аляксандар Фядута.

Дракахруст: “Якія значныя падзеі ў грамадзкім жыцьці Беларусі адбудуцца ў гэтым годзе? Што Вы чакаеце, што прагназуеце? Аляксандар Фядута”.

Фядута
: “Я – пэсыміст, таму я нічога не чакаю. Бо калі лічыць значнай падзеяй парлямэнцкія выбары, то мы можам лічыць значнай падзеяй кожны дзень, які мы пражылі.
Калі лічыць значнай падзеяй парлямэнцкія выбары, то мы можам лічыць значнай падзеяй кожны дзень, які мы пражылі.
А.Фядута


Адзінае, што будзе значнага – гэта спроба Аляксандра Лукашэнкі асэнсаваць, што рабіць далей. Ня што рабіць далей з краінай, ён зразумеў, што апынуўся ў тупіку, а што рабіць самому: заставацца прэзыдэнтам ці сыходзіць. У залежнасьці ад гэтых спробаў асэнсаваньня будзе адбывацца далейшае, наступствы гэтых спробаў будуць мець важныя наступствы для ўсёй краіны і для ўсяго народу”.

Дракахруст: “Віталь Сіліцкі, Аляксандар Фядута ўсё ж пачаў з выбараў. Вы неаднойчы пісалі пра так званыя “цудадзейныя”, нечаканыя выбары, калі ў розных краінах сьвету аўтарытарная ўлада праводзіла выбары, лічачы, што на іх усё перадвызначана, але галасаваньне і наступныя падзеі прыносілі сюрпрыз. Ці ня лічыце Вы, што і парлямэнцкія выбары 2008 году, насуперак чаканьням беларускіх уладаў, могуць прынесьці такія ж нечаканасьці?”

Сіліцкі
: “У наступным годзе наўрад ці, бо апанэнты ўлады паводзяць сябе згодна з тымі сцэнарамі, якія гэтая ўлада ім прапануе. Ня робіцца спробы пераасэнсаваць, чым насамрэч зьяўляюцца выбары, пераасэнсаваць уласныя мэты апазыцыі. Усё робіцца паводле стандартнага сцэнару, які нагадвае сцэнар “цудадзейных” выбараў, але для якіх няма падставаў.
Апанэнты ўлады паводзяць сябе згодна з тымі сцэнарамі, якія ўлада ім прапануе.
В.Сіліцкі


Таму прарыву я не чакаю, а працэсы, якія будуць адбывацца ўнутры самой улады, уключна зь яе падрыхтоўкай да выбараў, будуць больш цікавымі, чым супрацьстаяньне ўлады і нейкіх альтэрнатыўных суб’ектаў”.

Дракахруст: “Часам падзеі, якія адбываюцца за межамі краіны, робяць на яе ўплыў нават большы, чым унутраныя падзеі. У 2008 годзе адбудуцца такія падзеі, якія, наагул кажучы, могуць зрабіць істотны ўплыў – гэта сакавіцкія прэзыдэнцкія выбары ў Расеі і лістападаўскія ў ЗША. Віталь, на Ваш погляд, гэта неяк паўплывае на беларускую сытуацыю?”

Сіліцкі: “Ну, выбары ў Расеі ўжо адбыліся, хаця мы ня ведаем, хто будзе кіраваць Расеяй. Гэта будзе вызначацца не на саміх выбарах, а да іх і пасьля іх.
Выбары ў Расеі ўжо адбыліся, хаця мы ня ведаем, хто будзе кіраваць Расеяй.
В.Сіліцкі


Мне здаецца, што 2008 год пройдзе ў Расеі пад знакам вызначэньня, хто ж ёю будзе кіраваць. Гэтая сытуацыя няпэўнасьці дасьць перадышку Аляксандру Лукашэнку і яго сыстэме ўлады, але мяркую, што да канца году пытаньне ўлады ў Расеі ўстаканіцца і тады пачнуцца новыя сцэнары, улічваючы і эканамічныя адносіны Беларусі з Расеяй і ўсё іншае”.

Дракахруст: “Аляксандар, а на Ваш погляд , як паўплываюць на сытуацыю ў Беларусі гэтыя дзьве, а магчыма і іншыя міжнародныя падзеі?”

Фядута: “На мой погляд, паўплываюць, і паўплываюць вельмі сур’ёзна. На мой погляд, будзе яшчэ адна міжнародная падзея, якая будзе сыгналізаваць, што будзе адбывацца далей, я маю на ўвазе прыняцьцё Расеі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю – УГА. Я заўсёды казаў , што формула беларускай улады – гэта “+2”, праз два гады пасьля таго, як Расею прымуць ва ЎГА, рэжым Лукашэнкі павінен будзе сысьці.
Праз два гады пасьля таго, як Расею прымуць ва ЎГА, рэжым Лукашэнкі павінен будзе сысьці.
А.Фядута


Наколькі я разумею, зараз вырашаецца, ці прымуць Расею ў гэтую арганізацыю ў хуткім часе і ці прымуць туды Ўкраіну. Калі іх прымуць туды амаль адначасова, гэта будзе азначаць, што далей беларускае пытаньне будзе чыста тэхнічным, Расеі ня будзе трэба рабіць нешта асаблівае, ёй трэба будзе толькі выконваць тыя абавязкі, якія накладае на яе сяброўства ва ЎГА”.

Дракахруст: “Аляксандар, зараз вернемся да ўнутранай сытуацыі: на Ваш погляд, палітычны ціск на іншадумцаў, на палітычную апазыцыю – ці працягнецца ён, ці ўзмацніцца пасьля апошняга расейскага крэдыту? Адны гавораць, што гэты новы “мядовы месяц” з Расеяй працягнецца на год, іншыя мяркуюць, што ўжо праз квартал пачнуцца канфлікты з Расеяй і, адпаведна, заляцаньні Менску да Захаду і няпэўная, палавіністая лібэралізацыя. А які Ваш прагноз?”

Фядута: “Палавіністая лібэралізацыя працягнецца, на мой погляд, у любым выпадку, бо сёньня размова ідзе пра зьмену іміджу беларускай улады. І таму непасьлядоўная, але ўсё ж такі лібэралізацыя будзе. А што тычыцца таго, узмацніцца ціск ці не, то ў мяне дастаткова добрыя адносіны з шэрагам польскіх аналітыкаў і палітыкаў. І яны кажуць, што калі параўнаць тое, што мае беларуская апазыцыя сёньня і тое, што мела “Салідарнасьць” у часы Ярузэльскага, дык невядома, на што беларусы скардзяцца.
Калі людзі гуляюць у палітыку, яны павінны разумець, што гэта занятак зь вялікай прафэсійнай рызыкай.
А.Фядута


Калі людзі гуляюць у палітыку, яны павінны разумець, што гэта занятак зь вялікай прафэсійнай рызыкай. Разважаць, робіцца гэтая рызыка большай ці меншай – гэта сьмешна”.

Дракахруст: “Віталь, а Вам таксама сьмешна?”

Сіліцкі: “Па-першае, мне ня сьмешна. Па-другое, мы, здаецца, уступаем у новы перадвыбарчы цыкль. Выбарчы цыкль у нас, незалежна ад таго, сапраўдныя выбары ці несапраўдныя, істотныя ці неістотныя, заўсёды суправаджаецца эскаляцыяй рэпрэсій.

І напрыканцы мінулага году прагучалі гэтыя знакавыя заявы старшыні КДБ Юрыя Жадобіна , што ў перадвыбарчы цыкль мы ўжо ўступаем. Але здаецца, што, сапраўды, гэтым разам будзе зроблены акцэнт ня толькі на наўпроставыя рэпрэсіі, але і на даволі традыцыйны набор гэбісцкіх “актыўных мерапрыемстваў” найперш нават не па расколу, а па дэмаралізацыі апазыцыі, каб дасягнуць таго ж самага выніку меншай крывёй.
Выбарчы цыкль у нас заўсёды суправаджаецца эскаляцыяй рэпрэсій.
В.Сіліцкі


Што ж тычыцца паўлібэралізацыі, то яе хада будзе вызначацца двума чыньнікамі. Першае – калі скончацца ўладныя разборкі ў Расеі, бо пакуль яны будуць ісьці, я ня думаю, што ў беларускіх уладаў будзе моцны пазыў да лібэралізацыі. І другое – ці знойдуцца ў іншых зьнешніх актараў рычагі ўзьдзеяньня ў адказ на рэпрэсіўныя крокі Лукашэнкі. Хутчэй за ўсё – наўрад ці”.

Дракахруст: “Апошнія сацыялягічныя дадзеныя сьведчаць пра тое, што менавіта ў апошнія месяцы году адбылося, па меншай меры суб’ектыўна, заўважальнае пагаршэньне жыцьцёвага ўзроўню. Інфляцыя выскачыла за тыя рамкі, якія ёй даваліся, былі скасаваныя ільготы. Самаадчуваньне людзей істотна пагоршылася. У 2008 годзе гэтае пагаршэньне стане аб’ектыўным палітычным чыньнікам, ці ўсяго толькі падвысіцца ўзровень бурчэньня на кухнях і ў курылках? Віталь”.

Сіліцкі: “Пасьля выбараў 2001 году 2002-2003 гады прайшлі пад знакам такога бурчэньня, і больш тады нічога не адбылося. З 2004 году пачаўся разагрэў эканомікі, і бурчэньне наагул сышло на нішто. Зараз рэсурс разагрэву эканомікі значна скарочаны. Я не кажу пра нейкі эканамічны каляпс, але гэты палітычна-бізнэсовы цыкль разагрэву эканомікі напярэдадні выбараў і астужэньня пасьля іх зараз рэалізоўваць значна цяжэй. Таму палітыкай улады зараз робіцца наагул зьмяншэньне грамадзкага інтарэсу да палітычных падзеяў, і выбарчых у тым ліку. “Актыўныя мерапрыемствы”, пра якія я казаў, будуць мець на мэце і насаджэньне сацыяльнай апатыі і нецікавасьці да палітычных працэсаў”.
Цыкль разагрэву эканомікі напярэдадні выбараў і астужэньня пасьля іх цяпер рэалізоўваць значна цяжэй.
В.Сіліцкі


Дракахруст: “Аляксандар, а на Ваш погляд – у якіх формах будзе праяўляцца гэтае раздражненьне пагаршэньнем жыцьцёвага ўзроўню? Можа, яно наагул зьнікне, а можа, набудзе значнае сацыяльна-палітычнае вымярэньне?”

Фядута: “Не, на жаль, не набудзе. І да гэтага таксама трэба рыхтавацца. Адзінае, што можа зрабіць беларускі народ – гэта паказаць уладзе дулю ў кішэні. Гэтую дулю ён выцягвае з кішэні толькі тады, калі гэта дазволена, я маю на ўвазе выбары 1994 году.

Сёньня ўлада разумее, што гэта магчыма, і менавіта таму яна робіць усё магчымае, каб гэтай дулі не было. Калі на пэўным дзяржаўным прадпрыемстве не выплачваюцца заробкі, то людзі выходзяць да заводаўпраўленьня, і празь дзьве гадзіны ім прывозяць грошы. Людзі больш за ўсё баяцца згубіць тое, што ў іх ёсьць, і менавіта таму ўлада падтрымлівае гэты настрой: “Людзі, бяз нас будзе горай”.

І большасьць людзей дагэтуль так лічыць. Яна ня любіць гэтую ўладу, ужо не давярае ёй, але пытаецца ў апазыцыі: “А што вы зрабілі?”, хаця апазыцыя проста ня мела магчымасьці нічога зрабіць”.
Беларускі народ выцягвае дулю з кішэні толькі тады, калі гэта дазволена.
А.Фядута


Дракахруст: “Ну і напрыканцы Ваша, Аляксандар, любімая тэма: прагноз таго, што будзе адбывацца ў шэрагах самой улады. У 2007 годзе мы бачылі вострыя клянавыя войны, якія праявіліся ў гучных адстаўках кіраўніцтва КДБ, летась загаварылі пра зьяўленьне новай генэрацыі ў атачэньні Лукашэнкі. Ці магчыма, што ў беларускай улады зьявіцца новая якасьць, новы твар, нешта кшталту знакамітага павароту Франка ў Гішпаніі, калі ў 1960-х гадох там ва ўладу прыйшло маладое пакаленьне тэхнакратаў? Сыстэма заставалася аўтарытарнай , але і ўлада, і эканоміка, і сацыяльнае жыцьцё тады сталі іншымі. У сучаснай Беларусі гэта магчыма?”

Фядута: “Шмат маіх знаёмых спрабуе пераканаць мяне ў тым, што гэта магчыма. Я не зусім веру ў падобную здольнасьць улады трансфармавацца, таму што ў нас улада – гэта толькі адзін чалавек. Ён разумее, што калі ён паспрабуе рэфармаваць сыстэму прыняцьця рашэньняў і сыстэму кіраваньня краінай, ён будзе няздольны ўтрымаць гэтыя рычагі”.

Дракахруст: “Віталь, а Вы прагназуеце магчымасьці такой трансфармацыі? Аляксандар кажа, што ў Беларусі перашкода ёй – тое, што ўсё вырашае адзін чалавек. Але ў Гішпаніі пры Франка таксама ўсё вырашаў адзін чалавек. Але ж там трансфармацыя адбылася, так бы мовіць, лібэралізацыя без дэмакратызацыі. Што тычыцца Беларусі, то размова ідзе нават не пра выразную лібэралізацыю, а проста пра іншы твар. Ён магчымы ці не?”
У Лукашэнкі няма жаданьня наўпрост ісьці па шляху Чаўшэску.
В.Сіліцкі


Сіліцкі: “Здаецца, ён ужо неяк афармляецца. У 2007 годзе адбыліся падзеі, якія і паказваюць на гэты накірунак: адмена прапіскі, адмена дазвольнага штампу на выезд за мяжу, пэўныя меры па дэбюракратызацыі, хаця і даволі кволыя, але дзякуючы ім Беларусь у рэйтынгу Ўсясьветнага банку па ўмовах бізнэсу паднялася за 2007 год на 11 месцаў. Такія рэчы адбываюцца, і яны зьвязаныя ня столькі з нашымі нафтагазавымі працэсамі, а з аб’ектыўнымі мадэрнізацыйнымі працэсамі, якія ўладзе цяжка кантраляваць.

Тое, што, як сказаў спадар Фядута, усё вырашае адзін чалавек – гэта дакладна так, але ў спадара Лукашэнкі няма жаданьня наўпрост ісьці па шляху спадара Чаўшэску. Тут ёсьць шмат супрацьлеглых гістарычных досьведаў. Ёсьць досьвед уладароў, якія аддалі ўладу і ўсё згубілі, так бы мовіць, досьвед караля Ліра, і ёсьць досьвед Чаўшэску, які трымаўся да апошняга і скончыў так, як скончыў. І таму ўяўляць сабе просталінейнага, тугадумнага Лукашэнку проста ня варта, ён даказаў, што ён нашмат больш складаная істота, больш складаны палітык, чым выглядае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG