Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла новая кніга пра сакрэтныя апэрацыі КГБ у сьвеце


Вячаслаў Ракіцкі, Прага У Лёндане выйшла ў сьвет кніга “Архівы Мітрохіна 2: КГБ і сьвет”. Яе аснову, як і папярэдняга першага тому, што выйшаў у 1999 годзе, складаюць копіі звышсакрэтных дакумэнтаў, зробленыя афіцэрам КГБ Васіліем Мітрохіным у архіве Першага галоўнага ўпраўленьня. Калі ён у 1992 годзе разам з жонкай і сынам уцёк у Лёндан, дык прывёз туды і свой скарб.

Першы том, які выйшаў у 1999 годзе, распавёў пра сотні апэрацыяў КГБ па ўсім сьвеце, і найперш у Эўропе і ЗША.

“Архіў Мітрохіна 2” пабачыў сьвет праз тры гады пасьля сьмерці архіварыюса КГБ. Ён прысьвечаны савецкім апэрацыям у краінах “трэцяга сьвету”. Задакумэнтаваныя Мітрохіным сувязі паміж былым чылійскім лідэрам Сальвадорам Альендэ і Крамлём, а таксама сакрэтнае фінансаваньне высокапастаўленых палітыкаў у Дэлі ўжо выклікалі скандал.

Але ёсьць і зусім новыя дакумэнты, якія даказваюць датычнасьць Масквы да самых злавесных усясьветных падзеяў. У прыватнасьці, Мітрохін падае пераканаўчыя доказы сакрэтнай ролі КГБ у кіраўніцтве міжнародным тэрарызмам.

З кнігі мы даведваемся, што хросны бацька сучаснага тэрарызму Вадзі Хадад атрымаў кодавую мянушку “Нацыяналіст” і фінансаваўся КГБ, які таксама забясьпечваў яго зброяй і накіроўваў на канкрэтныя мішэні. Хадад ачольваў Народны фронт вызваленьня Палестыны і набыў ўсясьветную вядомасьць у верасьні 1970 году, калі ўпершыню выкарыстаў паветранае пірацтва як інструмэнт палітычнага шантажу. У траўні 1970 году старшыня КГБ Юры Андропаў дакладваў Леаніду Брэжневу, што ягоная арганізацыя “ў пэўнай ступені” кантралюе зьнешнія апэрацыі Нацыянальнага фронту вызваленьня Палестыны, і Мітрохін скапіяваў гэтую цэдулку. Гэта той доказ, якога марна шукалі заходнія выведныя службы цягам доўгіх гадоў.

У кнізе таксама зьмешчана шмат матэрыялаў, якія паказваюць пра апэрацыі КГБ у разьвіцьцёвых краінах дзеля ўзмацненьня там савецкага ўплыву, і аслабленьня заходняга. Асаблівая роля надавалася Кубе. Але Фідэль Кастра адмаўляўся быць звычайнай марыянэткай, і таму, як паказваюць дакумэнты Мітрохіна, стасункі зь ім складваліся не заўсёды проста, асабліва ў пару Карыбскага крызысу.

“Архівы Мітрохіна” зьяўляюцца і дакумэнтальнай ілюстрацыяй таго, у якой ступені КГБ служыў інструмэнтам самаабману сыстэмы, якая адмаўлялася лічыцца з рэальнасьцю. Адкідаліся матэрыялы, якія былі здольныя “расстроіць” Брэжнева, а таму прагнозы разьвіцьця сытуацыі ў “трэцім сьвеце” рэгулярна падаваліся ў ружовых колерах. Менавіта такія неадэкватныя рэкамэндацыі пераканалі Крэмль увайсьці ў Аўганістан у сьнежні 1979 году. Мітрохін прысьвячае два разьдзелы горкаму савецкаму досьведу ў гэтай краіне, але тут яшчэ шмат чаго ня мае дакумэнтальнага пацьверджаньня, бо мала дакумэнтаў рассакрэчана.

Нягледзячы на гэта, як і тое, што многія дакумэнты растварыліся ў аналітычных дапаўненьнях Крыстафэра Эндру – сааўтара Мітрохіна, кніга выклікала моцны рэзананс на Захадзе. Уплывовая брытанская газэта “Файнэншл Таймс” ужо назвала “Архівы Мітрохіна 2“ “сьвятым Граалем шпіянажу ці прынамсі нечым да яго набліжаным, пакуль не адкрыюцца савецкія архівы”, а савецкі КГБ – “нябачнай рукой тэрарызму”.
XS
SM
MD
LG