Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганна Кісьліцына: “Я ці ня першая ў горадзе стаўлю навагоднюю ялінку”


Сьвятлана Курс, Менск Беларускія Каляды, бадай, найдаўжэйшыя ў сьвеце – ад 24 сьнежня да 14 студзеня, калі сьвяткуюць Шчодрык. Яны спалучаюць хрысьціянскія і некаторыя паганскія традыцыі. Чаканьні й мары, фантазіі й цуды, нечаканыя павароты лёсаў – пра ўсё гэта ў калядным цыклі Радыё Свабода. Пра свой цуд на Каляды расказвае літаратуразнаўца й крытык Ганна Кісьліцына.

(Кісьліцына:) “19 сьнежня, у Дзень Сьвятога Міколы, нарадзіўся мой сын. Гэта галоўнае сьвята ў маёй сям’і, ад гэтага дня мы пачынаем сьвяткаваць. Сьвята раўнамерна перацякае спачатку ў каталіцкія Каляды, потым у Новы год, потым у праваслаўнае Раство. Я веру ў калядныя цуды і даю ім час рэалізавацца. Большасьць цудаў прыпадае якраз на 25 сьнежня. Для мяне гэта перш за ўсё дзень сонцавароту. Дадаецца яшчэ хвілінка дня, і гэтую хвілінку сьвятла, адабраную ў цемры, я адчуваю амаль фізычна.

Цуды адбываюцца штодня, аднак менавіта чароўная атмасфэра Калядаў дазваляе нам зафіксаваць іх у сьвядомасьці. Таму я ці ня першая ў горадзе стаўлю навагоднюю ялінку. Самай запамінальнай для мяне была абсалютна містычная гісторыя: ноч, вецер у вакно, і раптам сама сабою запальваецца калядная ялінка. Гэта было б цудоўна, каб я не знаходзілася ў кватэры абсалютна адна. Зразумела, што да самай раніцы я прасядзела ля гэтай ёлкі, стукаючы зубамі. А раніцай трэба было ісьці з сынам і ягонымі аднаклясьнікамі на елку ў “Рэактар”. Раніцай іду, ненафарбаваная, неяк так апранутая, бо для каго ж там апранацца? І раптам дзяўчынкі просяць мяне замовіць марудны танец. Я ўскараскалася на сцэну, замовіла й думаю: як бы мне цяпер спусьціцца? І раптам бачу абсалютна закаханыя вочы. У мужчын, калі яны закаханыя, вочы робяцца абсалютна квадратныя. Да мяне падыходзіць хлопчык гадоў адзінаццаці з такімі квадратнымі вачыма і кажа: “Можна запрасіць?” Я пачынаю зь ім танцаваць, ён пытаецца: “Як цябе завуць, у якой клясе ты вучышся?” Я ад нечаканасьці пачала прыкідваць: у якой клясе я магу вучыцца? Кажу: “У адзінаццатай!” А ён на поўным сур’ёзе ўздыхае: “Так, вялікая розьніца!” Мы зь ім затанчылі раз, другі, трэці, ён папрасіў тэлефончык, разьвіталіся, памахалі ручкай. А ў мяне было такое адчуваньне, што я скрала чужое дзіцячае раство, што гэтыя алені пастукаліся ня ў тое вакно”.
XS
SM
MD
LG