Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы на Каляды вуліцы гарадоў літаральна выміраюць


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У каталіцкай Польшчы на Каляды выміраць вуліцы гарадоў, ня ходзяць цягнікі, зачыненыя ўсе крамы і ўстановы – гэта сьвята сямейнае. Між тым, перад Калядамі асноўным стаўся не рэлігійны, а спажывецкі элемэнт сьвята.

(Гандляр: ) “Добрыя карпы, падыходзьце, купляйце”, – чалавек каля вялізнай ёмістасьці з жывымі карпамі, які заахвочвае мінакоў купіць гэтую рыбу напярэдадні калядаў – у Польшчы рэч надзвычай рэдкая. Дзе не прадавалі жывых карпаў ў гэтыя дні, па іх стаяць вялікія чэргі, бо бяз карпа ня можа абысьціся калядны стол паляка.

(Гандляр: ) “Карпаў мы гадуем ужо каля сямі стагодзьдзяў, пра гэта і гісторыкі ў хроніках узгадваюць, напрыклад, Ян Длугаш”, – кажа адзін з гандлаяроў, які займаецца таксама гадоўляй карпаў.

Штогод на Каляды палякі спажываюць каля 16 тысячаў тон гэтай рыбы. Але ня ўсім падабаецца тое, што карпаў забіваюць прама на месцы продажу і таму абаронцы правоў жывёлаў дамагліся, каб гэта рабілася не на вачах пакупнікоў. Ужо некалькі гадоў запар яны ладзяць гэпэнінгі, у часе якіх з воклічам “Гэты карп яшчэ жывы!” выпускаюць дзесяткі рыбінаў у Віслу.

(Актывіст: ) “Карпаў транспартуюць без вады, толькі лёдам перакладаюць, каб жывыя яшчэ былі, калі прывязуць у карму. Там акварыюм з крывавай вадой – хіба ж гэта прыгожая традыцыя? А потым карпаў жыўцом кладуць у поліэтыленавыя пакецікі”, – кажа адзін з актывістаў руху абароны правоў жывёлаў.

Большасьць палякаў, аднак заяўляюць, што ніколі не адмовяцца ад традыцыйнага карпа на Каляды з-за прэсінгу такіх актывістаў. Гэтаксама, як і ад традыцыі рабіць блізкім калядныя падарункі – сёлета палякі выдадуць на іх каля 2 мільярдаў эўра.

(Пакупнік: ) “Такое адчуваньне, што гэтыя сьвяты – апошнія, бо мы ўсё купляем і купляем!”, – кажа кліент адной з парфумэрных крамаў.

Паводле дадзеных апытаньняў, кожны трэці паляк хоча знайсьці пад елкай касмэтыку, 27% – штосьці з вопраткі, а 13% – кнігу. Між тым амаль палова купляе ў падарунак салодкае, 40% – вопратку, а 35% – цацкі. Канкурэнцыя паміж крамамі ў гэты пэрыяд настолькі моцная, што многія зь іх дазваляюць пасьля сьвятаў памяняць падарунак, калі ён не спадабаецца ці ня будзе пасаваць.

Сацыёлягі папярэджваюць – цяпер усё у крамах выглядае каляровым і прыгожым, але потым можа здарыцца што праверка стану банкаўскага рахунку будзе як халодны душ.

Але ці не для гэтага і ёсьць сьвяты, каб у гэты час ня думаць пра такія прыземленыя рэчы, як стан банкаўскага рахунку.
XS
SM
MD
LG