Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няхай апазыцыянэры пасёрбаюць турэмнай баланды — можа, тады зразумеюць, чым жыве народ”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Новае крымінальнае заканадаўства, якое неўзабаве пачне дзейнічаць у Беларусі, застаецца адной з галоўных тэмаў нашай пошты. Нагадаю: паводле паправак, прыняцьця якіх запатрабаваў ад дэпутатаў прэзыдэнт Лукашэнка, да крымінальнай адказнасьці будуць прыцягвацца, у прыватнасьці, асобы, абвінавачаныя ў так званай “дыскрэдытацыі Беларусі” — распаўсюдзе зьвестак, якія суд палічыць заведама непраўдзівымі і зьневажальнымі для органаў беларускай улады. Сёньняшні агляд пачну зь ліста прыхільніка новага крымінальнага заканадаўства. Вось што напісаў нам Уладзімер Зайчанка з Жодзіна:

“Колькі ляманту было на вашай “Свабодзе” пасьля таго, як Лукашэнка распарадзіўся ўвесьці новы Крымінальны кодэкс. А сумленныя людзі толькі радуюцца. Прышчамілі хвост розным гарлапанам-апазыцыянэрам. Нарэшце ў Беларусі будзе наведзены жалезны парадак. Канечне, пару дзясяткаў адшчапенцаў трэба будзе пасадзіць — няхай пасёрбаюць турэмнай баланды, можа, зразумеюць, чым жыве народ. А астатнія самі падціснуць хвост ды заб’юцца ў кут. Напэўна, многія кінуцца наўцёкі. Няхай уцякаюць — трымаць іх ня трэба. Затое тут застанецца чысты сумленны народ, які верыць свайму прэзыдэнту і не паддаецца на розныя правакацыі”.

А ці не атрымаецца так, спадар Зайчанка, што наўцёкі ў выніку кінуцца не адзінкі, а сотні тысяч людзей? Хто ж тады застанецца будаваць рынкавы сацыялізм? І зноў жа, як праверыць ступень чысьціні і сумленнасьці той часткі насельніцтва, якая застанецца пасьля “чысткі”? Ці не завядзецца і там якое-небудзь небясьпечнае таемнае іншадумства?

Калі ўжо цалкам пераймаць бальшавіцкі, сталінскі досьвед, дык трэба памятаць, што там было па-іншаму: спачатку ворагаў выяўлялі і ліквідавалі сярод апазыцыі, а потым браліся за ворагаў таемных, засакрэчаных, якія акапаліся ў наркаматах і партыйных камітэтах, сярод ваенспэцоў і чырвоных дырэктараў. А ваш, спадар Зайчанка, лібэральны падыход (чаго вартая фраза “няхай уцякаюць”) — цалкам меншавіцкі. У 1930-я гады гэта было б кваліфікавана як палітычная недальнабачнасьць і патураньне ворагам народу. І вы, спадар Зайчанка, пры ўсё сваёй адданасьці рэжыму зь лёгкасьцю маглі б загрымець гадоў на дзесяць пілаваць калымскую тайгу. Няўжо вас не турбуе, што ўсё тое можа паўтарыцца?

Электронны ліст ад Дзяніса Кардонава з украінскага Херсону. Слухач піша:

“Я ніколі ня быў у Беларусі. Сёлета разам зь сябрам хацелі наведаць Менск — купіць нейкія кнігі (Караткевіча, Быкава, Іпатаву), паразмаўляць па-беларуску (ня ўсе ж менчукі расейскамоўныя), пабачыць, якая ж яна — зямля старажытных ліцьвінаў. Але пасьля гісторыі з хлопцамі з грузінскай “Кмары” я вырашыў аддаць перавагу ўкраінскаму Львову. Чаму? Думаю, зразумела. Яны б не пыталі нас, навошта мы ў Беларусі — ім ня тое патрэбна. Яны б зрабілі з прыватнага візыту паказальнае мерапрыемства. Магчыма, не зрабілі б. Магчыма, ўсё гэта — параноя. Але пасьля паправак да Крымінальнага кодэксу ды таго, што я чуў па расейскім тэлебачаньні ад нейкага дэпутата Палаты прадстаўнікоў (які казаў: “Дадзім нашым органам палнамочыя унічтажаць без суда і следствія как международных церарыстаў”), ужо ня вельмі хочацца верыць у сваю параною.

Будзе ці ня будзе ў вас каляровая рэвалюцыя — вырашаць, вядома, самім беларусам. Толькі як жа гэта прыкра — мець за суседа замест нармалёвае дэмакратычнае краіны дзяржаву, якая вядомая ў сьвеце як апошняя дыктатура Эўропы. Прыкра, таму што ведаеш, як яно магло атрымацца, калі б дэмсілы на пачатку 1990-х не змарнавалі час на спрэчкі паміж сабой, а сапраўды штосьці зрабілі для народу. А так здарылася тое, што здарылася. Што да Мілінкевіча, ён мне сымпатычны. Ці той гэта чалавек? Ня ведаю. Адказ — за беларусамі. Жадаю вам перамагчы. Януковіч у 2004 годзе казаў: “Пераможа Украіна” (быў такі біг-борд). Ён меў рацыю — Украіна перамагла. Можа, Бог дапаможа перамагчы і вам. Гэта складана, але тое, што немагчыма чалавеку, магчыма для Бога. З павагай, Дзяніс Кардонаў, г.Херсон, Украіна”.

Думаю, Дзяніс, вам усё ж ня варта баяцца прыяжджаць у Беларусь, каб проста пахадзіць па вуліцах ды зайсьці ў кнігарню. Дагэтуль не было зьвестак, каб спэцслужбы ў Беларусі чапляліся да звычайных турыстаў, якія не дэманстравалі сваіх палітычных прыхільнасьцяў. Іншая рэч — калі размова ідзе пра кантакты з замежнымі грамадзкімі арганізацыямі (як было ў выпадку з актывістамі грузінскай арганізацыі “Кмара”, прыезд якіх у Менск завяршыўся арыштам і дэпартацыяй). Цень Грузіі ды Ўкраіны сёньня лунае над Беларусьсю. Адных гэты цень натхняе, другіх палохае. І ў кожным разе ён уплывае на ўсе палітычныя рашэньні, якія прымаюць сёньня беларускія ўлады. Адно з такіх рашэньняў — нядаўна прынятыя “палітычныя” папраўкі да Крымінальнага кодэксу — можа прывесьці да таго, што іншадумства і крытыка ўлады ў Беларусі будуць лічыцца крымінальным злачынствам.

Драматычную гісторыю ўласнага жыцьця апісаў у лісьце на “Свабоду” наш слухач, які праходзіць цяпер курс прымусовага лячэньня ў Наваградзкім лячэбна-працоўным прафілякторыі. Сваё сапраўднае імя аўтар ліста ўказвае, але называць яго ў эфіры з прычынаў, якія стануць зразумелыя ніжэй, не выпадае — таму назавем яго выдуманым імем — Віктар Дубчык.

“У свае 39 год я тут ужо трэці раз. Ужо тройчы спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Гэтыя страшныя словы я пішу ад чыстага сэрца, гэта, як кажуць, крык маёй душы. Колькі словаў пра маё невялікае і няшчаснае жыцьцё. Трапіў я сюды сёлета ў траўні — паводле рашэньня раённага суду — на 12 месяцаў. Лічыцца гэта месца прафілякторыем, але фактычна тут яшчэ горш, чым у калёніі. Для даведкі: я тройчы быў пад судом, адсядзеў агулам дзесяць год. Але гэта было даўно: апошні раз я выйшаў на волю ў 1995 годзе. І вось у гэтым ЛПП спачатку я працаваў на нарыхтоўцы сена. За першы месяц зарабіў на пяць пачкаў цыгарэтаў “Прыма”. За другі месячны заробак змог купіць ужо 14 пачкаў “Прымы”.

Потым за тое, што ня выйшаў на працу ў суботу, мяне пасадзілі на трое сутак у “дызо” (гэта камэра закрытага тыпу) і перавялі на іншую працу — у сталярны цэх. Заробкі там у мяне былі наступныя: першы месяц 900 рублёў; другі — 1400. А трэці пайшоў “атаварвацца” ў шапік, а мне там сказалі, што я яшчэ і застаўся павінен 1170 рублёў. Так я адбыў палову тэрміну. Пасьля гэтага, калі ёсьць хадайніцтва ад жонкі ці маці, можна вярнуцца дамоў. Але, калі патэлефанаваў дамоў, усё скончылася вялікім скандалам з роднымі. Ад нэрвовага стрэсу я сарваўся і выпіў грамаў дзьвесьце гарэлкі. Тут усё і пачалося. Каб трапіць у шпіталь на волю, я парэзаў сабе жывот. Зашылі і пасадзілі ў “дызо” на сем сутак. Тады я парэзаў горла, вены. Сукамэрнікі двойчы вымалі мяне зь пятлі. Разумееце, я страціў увесь сэнс жыцьця. І такіх, як я, тут набярэцца не адзін дзясятак”.

Гэтыя так званыя “лячэбна-працоўныя прафілякторыі” — савецкае вынаходніцтва, якое ўзьнікла на хвалі вялізнага распаўсюду алькагалізму ў СССР. У Беларусі адзін час яны былі зьліквідаваныя як неэфэктыўныя і прыніжальныя для годнасьці людзей. Але потым іх зноў аднавілі. Іхная сутнасьць, якую зь веданьнем справы апісаў слухач, гэта ізаляваць хворых на алькагалізм людзей ад грамадзтва, выкарыстоўваць іх фактычна бясплатную працу, а лячыць з дапамогай гвалту і прыніжэньняў. Іншы шлях барацьбы з алькагалізацыяй — гэта рэзкае скарачэньне вытворчасьці алькаголю (асабліва алькагольных сурагатаў), абмежаваньне даступнасьці гарэлкі (асабліва для падлеткаў), кваліфікаванае лячэньне — прычым, у нармальных цывілізаваных умовах, а не ў так званых “прафілякторыях” турэмнага тыпу… Так, усё гэта патрабуе вялікіх бюджэтных выдаткаў. Але хто, калі не дзяржава, якая цягам дзесяцігодзьдзяў атрымлівала звышпрыбыткі ад продажу таннага алькаголю, павінен разьлічвацца за гэтыя скалечаныя лёсы і разбураныя сем’і, за зьнявечаную псыхіку людзей і падарванае здароўе.

На заканчэньне фрагмэнт зь ліста Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. У аглядзе пошты 30 кастрычніка прагучала паведамленьне спадара Саца пра тое, як вяскоўцаў забясьпечваюць хлебам. Слухач тады, у прыватнасьці, пісаў: “Хлеб, які нам завозяць, часта недапечаны. Напэўна, начальства лічыць, што на вёсцы і такі пойдзе: самі не зьядуць, дык курам і сьвіньням скормяць. Пішы на іх скаргі ці не пішы — нічога не мяняецца, ніякіх мераў ніхто не прымае. Хоць сама маларыцкая эліта купляе берасьцейскі хлеб — ён больш якасны. А да нас нікому справы няма”. І вось новы ліст ад Паўла Саца:

“Вельмі многія ў нашым Маларыцкім раёне ўдзячныя “Свабодзе” за тое, што згадалі пра тое, як працуе Маларыцкі хлебазавод. Пасьля вашага эфіру ўсё прыйшло ў рух. І раённая газэта, і кіраўніцтва раёну ўзяліся за хлебазавод. Ці дасьць гэта вынік — пакажа час. Але спадзяваньне ёсьць. Для нас і гэта нямала”.

Гэта, спадар Сац, і сапраўды, нямала: калі ад тваіх справядлівых прэтэнзіяў нарэшце перасталі адмахвацца і пачалі хоць нешта рабіць. Тым больш, што для вясковых людзей праблема хлеба — зусім ня дробная і не другарадная.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG