Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году: новыя й старыя праблемы прэзыдэнта Буша


Юрась Бушлякоў, Прага На працягу трох апошніх дзесяцігодзьдзяў пераабраныя на другі тэрмін амэрыканскія прэзыдэнты ня мелі лёгкага жыцьця. Пераабраных прэзыдэнтаў не абміналі скандалы: Ўотэргейцкі скандал прычыніўся да адстаўкі Рычарда Ніксана, скандал у сувязі з тайным продажам Злучанымі Штатамі зброі Ірану выматаў нэрвы Роналду Рэйгану, нарэшце, сэксуальны скандал ледзьве не каштаваў пасады Білу Клінтану. Першы год пасьля пераабраньня прынёс нямала новых праблем і Джорджу Бушу.

Неўзабаве пасьля пераабраньня ў лістападзе 2004-га Буш запэўніў сваіх прыхільнікаў і папярэдзіў апанэнтаў, што цягам наступных чатырох гадоў ён будзе весьці сваю палітыку:

(Буш: ) “Я зарабіў капітал у кампаніі – у палітычнай кампаніі – і цяпер маю намер патраціць яго”.

2005 год блізіцца да канца, а Буш тым часам усё часьцей змушаны бараніцца.

Ключавыя чальцы Бушавай Рэспубліканскай партыі трапілі пад сур’ёзнае падазрэньне ў фінансавых злоўжываньнях. Адначасна Белы дом знаходзіцца пад увагаю сьледчых у сувязі з раскрыцьцём у друку імя сакрэтнай агенткі ЦРУ Вэлэры Плэйм.

Адміністрацыя Буша аказалася таксама кепска падрыхтаванай да ўрагану “Катрына”, які чатыры месяцы назад бязьлітасна пранёсься па паўднёвым узьбярэжжы Злучаных Штатаў. Насельнікі пацярпелага ад стыхіі рэгіёну скардзяцца, што дасюль чакаюць належнай дапамогі, і выказваюць пры гэтым расчараваньне некампэтэнтнасьцю фэдэральных уладаў.

Аднак, выглядае, найбольшай палітычнай праблемаю Джорджа Буша стала вайна ў Іраку. Бушаў рэйтынг на працягу 2005-га значна ўпаў, і ў першую чаргу праз Ірак. Два месяцы назад колькасьць забітых на ірацкай тэрыторыі амэрыканцаў дасягнула дзьвюх тысяч. Як сьведчаць найнавейшыя апытаньні, каля 40 працэнтаў амэрыканцаў не ўхваляюць Бушавай практыкі вядзеньня вайны.

Паводле суразмоўца нашага радыё, супрацоўніка разьмешчанага ў Вашынгтоне навукова-дасьледчага Інстытуту Като Патрыка Бэшэма, скандалы 2005 году разам з ураганам “Катрына” і вайной у Іраку стварылі цэлы клубок праблем, у цэнтры якіх прэзыдэнт Буш. Патрык Бэшэм: (Бэшэм: ) “Гэта свайго роду “абсалютная навала” кепскіх навінаў, памылак і непрадбачаных здарэньняў. Нішто ня выклікала такога нэгатыўнага грамадзкага стаўленьня, як вядзеньне ірацкай вайны. Але я думаю, будзе памылкаю сказаць, што ёсьць толькі адна вялікая праблема – ірацкая вайна, бо фактычна ёсьць некалькі праблемных сфэраў, якія аказаліся зацяжкія для адміністрацыі”.

Да паляпшэньня Бушавай рэпутацыі можа прычыніцца цяперашні рост амэрыканскай эканомікі: традыцыйна папулярнасьць прэзыдэнтаў ЗША ў значнай ступені зьвязаная з эканамічнымі посьпехамі краіны.

Суразмоўца нашага радыё Патрык Бэшэм лічыць, аднак, што эканамічнага росту замала для аднаўленьня грамадзкага даверу да Джорджа Буша. Яшчэ год назад шчырае памкненьне амэрыканскага прэзыдэнта пакончыць з “Аль-Каідаю” давала яму найбольшыя дывідэнды. Сёньня, на думку Бэшэма, Ірак, які Буш называе цэнтральным фронтам вайны з тэрарызмам, стаў для прэзыдэнта ЗША найбольшай перашкодаю. (Бэшэм: ) “Для таго, каб Буш аднавіў сваю рэпутацыю, трэба, каб эканоміка знаходзілася ў добрым стане. Але аднаго гэтага недастаткова, бо галоўная задача на цяперашні прэзыдэнцкі тэрмін – гэта вайна з тэрарызмам. Прадстаўнікі адміністрацыі Буша прыводзілі аргумэнты на карысьць апэрацыі ў Іраку і рэалізоўвалі гэтую апэрацыю як частку вайны з тэрарызмам. І, як вынік, Буш быў пераабраны. І цяпер няўдачу ў Іраку грамадзкая думка будзе трактаваць як ганьбу”.

Праблемы 2005-га не азначаюць пэрсанальна для Буша страту палітычнай пэрспэктывы – як вядома, трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну ў палітыка ў Злучаных Штатах не бывае. Несумненна, аднак, што гэтыя праблемы наносяць сур’ёзны ўдар па пэрспэктывах Бушавай Рэспубліканскай партыі. Прамежкавыя выбары ў лістападзе 2006-га пакажуць, наколькі зможа скарыстаць цяперашнія турботы рэспубліканцаў Дэмакратычная партыя: дэмакраты дэманструюць адзінства ў пытаньнях унутранай палітыкі, але застаюцца па-ранейшаму падзеленыя ў пытаньні вайны ў Іраку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG