Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Сурвіла, А.Шукелойць, З.Пазьняк успамінаюць пра Франіцшка Бартуля


Ганна Сурмач, Прага Зь Нью-Ёрку прыйшла сумная вестка – 4 сьнежня памёр вядомы дзеяч беларускай эміграцыі ў Ангельшчыне і ЗША – Францішак Бартуль.

Два тыдні таму – 17 лістапада яму споўнілася 87 гадоў. Францішак Бартуль нарадзіўся ў сям’і беларусаў ў Латвіі. Усё ягонае жыцьцё было зьвязанае з нацыянальным рухам.

Пад час вайны вымушаны быў ад’ехаць у эміграцыю, служыў афіцэрам ў войску генэрала Андэрса. Разам зь іншымі беларускімі вайскоўцамі апынуўся ў Вялікай Брытаніі. Там спрычыніўся да арганізацыі беларускага жыцьця. Пазьней выехаў разам з жонкай Вераю ў Амэрыку. У іх сям’і вырасьлі двое дзяцей, і цяпер падрастаюць трое унукаў.

Францішак Бартуль прымаў самы дзейсны ўдзел у адраджэньні працы Рады БНР на эміграцыі. Шмат гадоў ён узначальваў адну зь вядомых беларускіх дабрачынных арганізацыяў у замежжы – Фундацыю імя Пётры Крэчэўскага.

Францішак Бартуль таксама да апошняга часу выконваў абавязкі заступніка старшыні галоўнай управы Беларуска– Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА).

Гаворыць старшыня БАЗА Антон Шукелойць, які ведаў спадара Бартуля ад самага пачатку ягонага прыезду ў ЗША:

(Шукелойць: ) “Сьветлай памяці Францішак Бартуль належаў да людзей выняткава добрых, па сваім характары быў чалавекам вельмі ўложным, стараўся нікога ніколі не пакрыўдзіць, пры ўсякіх нагодах імкнуўся дапамагчы. Ён заўсёды годна рэпрэзэнтаваў беларускую эміграцыю ў ЗША. Спадарства Бартулёў прымалі актыўны ўдзел ва ўсіх нашых імпрэзах.

Апошнія гады Бартуль адыграў вялікую ролю ва ўтварэньні новай хвалі эміграцыі. Найперш забясьпечваў новапрыежджых памяшканьнем ў Фундацыі імя Пётры Крэчэўскага, як старшыня гэтай арганізацыі. Апрача таго, людзям, якія апынуліся ў Амэрыцы, вельмі часта патрэбна было дапамагаць у вырашэньні іх пытаньняў праз суды. Бартуль вельмі часта аказваў дапамогу у судовых справах датычна эмігранцкіх справаў. Так што ва ўтварэньні новай эміграцыі ў Амэрыцы сп. Францішак Бартуль аказаў Беларуска-Амэрыканскаму Задзіночаньню вялікую дапамогу”.

Зянон Пазьняк быў знаёмы з Францішкам Бартулём:

(Пазьняк: ) “"Памёр наш Франціш! Вельмі ён быў цікавы чалавек, заўсёды з гумарам. Быў вельмі добры беларус, перажываў за беларускую справу і, дзе мог, стараўся дапамагчы. Спрыяў беларускаму Адраджэньню, спрыяў канкрэтным людзям. Гэта адзін з тых моцных людзей, якія сфармаваліся ў часы вайны, калі яны са зброяю ў руках змагаліся за Беларусь. Гэты змагарны дух яны пранесьлі ў душы праз усё жыцьцё.

Цяпер гэтае пакаленьне адыходзіць на нашых вачах. Але прыклад іхнага жыцьця і іхняе справы павінны натхняць нашу моладзь і гаварыць аб тым, што трэба за Беларусь змагацца, нельга паддавацца нечысьці, той, хто змагаецца, той пераможа.

Мы належым да такога народу, які змагаецца пакаленьнямі, адно змагарнае пакаленьне адыходзіць, а другое павінна пераняць іхны сьцяг.

І апошняе слова Францішу Бартулю – хай яму будзе зямля пухам і хай яму сьняцца сны аб вольнай Беларусі".

Францішак Бартуль доўгія гады быў сябрам Рады БНР. Гаворыць старшыня Рады сп. Івонка Сурвіла:

(Сурвіла: ) "Зь вялікім сумам атрымала вестку пра адыход у вечнасьць грамадзкага дзеяча і сябра Рады БНР Францішка Бартуля. Маё глыбокае спачуваньне ягонай жонцы Веры, дзецям і ўнукам. Але асіраціў Франціш усю беларускую грамаду, усіх нас. Да канца жыцьця праймаўся за будучыню Беларусі. Быў моцна прыбіты весткамі пра страх, які паралізуе людзей тады, калі так моцна патрэбны адпор на зьдзек з боку ўладаў. Дай, Божа, каб споўніліся ягоныя мары пра вольную Беларусь!"

Па словах блізкіх, думкі пра Бацькаўшчыну не пакідалі сп.Францішка да апошніх хвілінаў ягонага жыцьця, за дзень да сьмерці ён пытаўся: “Як там у Беларусі?”
XS
SM
MD
LG