Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзень дзякаваньня амэрыканцы зьядуць 50 мільёнаў індыкоў


Кастусь Бандарук, Прага Сёньня грамадзяне Злучаных Штатаў адзначаюць сваё вялікае сьвята –Дзень дзякаваньня (Thanksgiving Day). У Ружовым садку Белага дому прэзыдэнт Джордж Буш традыцыйна “вызваліў” пару мажных індыкоў, прызначаных на сьвяточны стол. Яны трапяць у Каліфорнію і возьмуць удзел ў традыцыйным сьвяточным парадзе ў тамтэйшым Дыснэйлэндзе. Традыцыю “памілаваньня” індыкоў запачаткаваў прэзыдэнт Гары Труман ў 1947 годзе. Аднак многім іншым індыкам не пашанцавала. Незважаючы на небясьпеку птушынага грыпу амэрыканцы, як і штогод, зьядуць у сёньняшні дзень каля 50 мільёнаў гэтых птушак.

Сьвята Дзякаваньня было ўстаноўленае ў памяць падзеяў пачатку 17-га стагодзьдзя. 11 сьнежня 1620 году на тэрыторыю цяперашняй Амэрыкі прыбыла група эмігрантаў зь Вялікай Брытаніі, якіх традыцыйна звалі пілігрымамі. Гэта былі ўдзельнікі сэпаратысцкага руху сярод пурытан, прыхільнікі рэлігійнага кансэрватызму і маральнай чысьціні.

Уцякаючы ад рэлігійнага перасьледу ў Брытаніі, яны сьпярша прыбылі ў Галяндыю, але расчараваўшыся тамтэйшым бязбожным, на іхную думку, ладам жыцьця, паплылі на караблі “Мэйфлаўэр” у Амэрыку. Пілігрымы пачалі будаваць калёнію ў індзейскай вёсцы Плімут у цяперашнім штаце Масучэсэтс.

Першая зіма сталася для іх жахлівым выпрабаваньнем: са 102 чалавек цягам году ад голаду і холаду памерлі 46. Аднак прыежджым дапамаглі тамтэйшыя індзейцы. Яны, у прыватнасьці, навучылі эўрапейцаў паляваць на дзікую птушку, і тыя перажылі першы цяжкі год.

Паводле легендаў, у наступным годзе пілігрымы адзначылі сваё выратаваньне сумесным з індзейцамі ўрачыстым банкетам, на якім галоўным блюдам былі дзікія індыкі.

Некаторыя гісторыкі лічаць, што ў выпадку глыбока веруючых пурытанаў пра пышны банкет не магло быць і гутаркі, што гэта быў для іх дзень малітвы, посту і падзякі Богу за выратаваньне, за жыцьцё, за ежу і за братэрскую дапамогу мясцовага насельніцтва. У кожным разе, у Амэрыцы прыжылася менавіта такая вэрсія легенды, у якой важнае месца займае індык.

20 чэрвеня 1676 году губэрнатарская рада Чарльзтаўну ў штаце Масачусэтс прызначыла Сьвята дзякаваньня на 29 чэрвеня. У кастрычніку 1777 году упершыню ў гісторыю сьвята адзначалася ва ўсіх 13 калёніях, таксама ў памяць перамогі над брытанцамі пад Саратогай. У 1789 годзе прэзыдэнт Джордж Вашынгтон абвясьціў Дзень дзякаваньня нацыянальным сьвятам.

У 1863 годзе прэзыдэнт Абрахам Лінкальн прызначыў сьвята на апошні чацьвер лістапада. Дата сьвяткаваньня зьмянялася некалькі разоў: апошні раз падчас прэзыдэнцтва Франкліна Рузвэльта, які перанёс Дзень дзякаваньня на перадапошні чацьвер лістапада, аднак пасьля пратэстаў з боку грамадзтва сьвята вярнулася на ранейшую дату. У 1941 годзе Кангрэс абвясьціў Дзень дзякаваньня афіцыйным, агульнанацыянальным сьвятам.

Дзень дзякаваньня, побач з Днём незалежнасьці 4 ліпеня, лічыцца самым унівэрсальным сьвятам у амэрыканскім шматнацыянальным і шматканфэсійным грамадзтве. Немалаважна і тое, што ў гэтыя дні амэрыканцы маюць магчымасьць адпачыць цэлыя чатыры дні. Чацьвер яны традыцыйна праводзяць у атачэньні сям’і і сяброў, гэтак як беларусы адзначаюць Каляды. На наступны дзень, які пераважна таксама выхадны, практычна пачынаецца калядна-навагодні пэрыяд. Амэрыканцы робяць шматлікія пакупкі і пачынаюць набываюць калядныя падарункі.

Традыцыйна, у памяць пілігрымаў з 17 стагодзьдзя, у якасьці галоўнага блюда яны ядуць печанага індыка з соўсам з журавінаў і салодкай бульбы. Сёлета амэрыканцы не пабаяліся птушынага грыпу. Яшчэ месяц таму Дэпартамэнт сельскай гаспадаркі запэўніў, што ЗША не імпартуюць хатнюю птушку з краінаў, дзе быў выяўлены птушыны грып, і што ўсе індыкі паходзяць зь мясцовых фэрмаў. Амэрыканцы, відавочна, не пабаяліся ніякага вірусу, і сёлета зьядуць таксама як ў мінулыя гады каля 50 мільёнаў індыкоў.
XS
SM
MD
LG