Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор Беларусі адказаў Эле Памфілавай


Алесь Дашчынскі, Менск Старшыня Савет ў правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі Эла Памфілава атрымала адказ на свой ліст ад генэральнага пракурора Беларусі Пятра Міклашэвіча.

Ліст спадарыні Памфілавай генпракурору Міклашэвічу прысьвечаны палітычным зьнікненьням у Беларусі.

Яна заявіла, што “ў сваіх зваротах грамадзяне і арганізацыі выказваюць сумнеў у аб''ектыўнасьці расьследаваньняў гэтых злачынстваў ці нават іх адсутнасьці”. Паводле Памфілавай матэрыялы незалежных расьсьледаваньняў “даюць падставы для вэрсіі пра палітычную матывацыю зьнікненьня людзей”.

Памфілава заклікала генпракурора Міклашэвіча, беларускія ўлады “ня толькі інфармаваць грамадзкасьць, але і зьвярнуцца па дапамогу да іншых краінаў, у прыватнасьці, да Расеі”. Старшыня Савету пры расейскім прэзыдэнце таксама папрасіла Міклашэвіча праінфармаваць пра хаду расьсьледаваньня гэтых спраў.

Генпракурор Міклашэвіч адказаў Памфілавай, што па фактах зьнікненьняў узбуджаныя крымінальныя справы, створаны апэратыўна-сьледчыя групы, “неадкладна прыступілі да выкананьня сьледчых дзеяньняў і пошукавых мерапрыемстваў”. У лісьце гаворыцца, што Завадзкі стаў ахвярай выкраданьня ўчыненага бандай Ігнатовіча, Маліка і іншых асобаў. “Месца знаходжаньня Завадзкага ні на папярэднім сьледзтве, ні на судовым паседжаньні ўстанавіць не ўяўлялася магчымым. З гэтай прычыны 10 красавіка 2001 года асобна выдзелена крымінальная справа па факце зьнікненьня Завадзкага, інфармацыя пра яго месцазнаходжаньне не атрымана”, – піша Пётра Міклашэвіч.

Такія ж ляканічныя зьвесткі пададзены пра Юрыя Захаранку: “Атрыманыя дадзеныя сьведчаць пра тое, што ва ўказаны час на пешаходнай дарожцы, недалёка ад дома, Захарнка быў выкрадзены невызначанымі асобамі і зьвезены на аўтамабілі ў невядомым кірунку. Яго месцазнаходжаньне дагэтуль не ўстаноўлена”.

Далей генпракурор піша пра справу Ганчара і Красоўскага, якія зьніклі ў 1999 годзе. “Дадзеныя праведзенага сьледзтва паказваюць, што недалёка ад лазьні яны гвалтоўна былі выкрадзены неўстаноўленымі асобамі і адвезеныя ў невядомым кірунку. Іх месцазнаходжаньне дагэтуль не ўстаноўлена”.

Паводле Пятра Міклашэвіча, па гэтых справах быў праведзены вялікі аб''ём сьледчай і апэратыўнай працы, у тым ліку на тэрыторыі Расеі. Цяпер праца ў раскрыцьці злачынстваў працягваецца, аб''яўлены міжнародны вышук зьніклых, сьледзтва правярае любую інфармацыю, якая магла б садзейнічаць раскрыцьцю выкраданьняў.

У сярэдзіне сьнежня гэты ліст мяркуе разгледзіць на сваім паседжаньні расейска-беларуская грамадзкая праваабарончая камісія, створаная пры расейскім Савеце ў правах чалавека. Але ўжо цяпер яе сябры заяўляюць, што генпракуратура Беларусі дала фармальны адказ.

Паводле дырэктара расейскага Інстытуту правоў чалавека Валянціна Гефтэра, на падставе гэтага ліста зь беларускай пракуратуры неабходна зьвярнуцца да генпракурора Расеі:

(Гефтэр: ) “Нашага пракурора мы, зразумела, ведаем пра што хочам прасіць. У нас надзея на тое, што расейская пракуратура ўважліва паставіцца да тых аргумэнтаў, якія мы ім прадставім і скажа, можа яна ці ня можа, а нам хацелася б, каб магла, праводзіць адпаведныя апэрытаўна-сьледчыя мерапрыемствы, якія зьвязаны з гэтымі справамі. У першую чаргу па справе Завадзкага, хаця і па справе Ганчара і Красоўскага таксама. Ну, усё можна пры жаданьні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG