Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натарыюсы адмаўляюцца засьведчваць подпісы за рэфэрэндум


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Група палітыкаў, сярод якіх спадары Лявонаў, Фралоў ды Вайтовіч, выступіла з ініцыятывай правядзеньня рэспубліканскага рэфэрэндуму. На яго плянуецца вынесьці тры пытаньні, датычныя стаўленьня людзей да спыненьня росту кошту камунальных паслугаў, да працоўных кантрактаў, а таксама магчымасьці допуску назіральнікаў на выбарах дзеля кантролю за падлікам галасоў. На дадзены момант у розных рэгіёнах краіны ствараюцца ініцыятыўныя групы, якія непасрэдна будуць зьбіраць подпісы грамадзянаў на карысьць правядзеньня рэфэрэндуму. Аднак, як высьветлілася, мясцовыя ўлады чыняць перашкоды гэтаму працэсу.

Адразу заўважу, што подпісы пад заявамі грамадзянаў, якія выказалі жаданьне ўвайсьці ў склад ініцыятыўнай групы, павінныя засьведчвацца ў дзяржаўнай натарыяльнай канторы. У Наваполацку дагэтуль праблем у гэтым пляне не было, але сёньня, калі каардынатар стварэньня ініцыятыўных групаў Ігар Сухарукаў прыйшоў у гарадзкую натарыяльную кантору, дык пачуў, што дакладнасьць подпісаў засьведчвацца ня будзе. Гаворыць Ігар Сухарукаў:

(Сухарукаў: ) “Да гэтага часу я засьведчыў у натарыяльнай канторы дакладнасьць 47 подпісаў пад заявамі сябраў ініцыятыўных групаў. І вось сёньня прынёс чарговую партыю заяваў, але загадчыца натарыяльнай канторы гораду Наваполацку Галіна Шчарбіцкая адмовілася іх рэгістраваць. Прычына: званок зь Віцебскага ўпраўленьня юстыцыі, паводле якога загадана подпісы не засьведчваць”.

Як паведамілі мне ў гарадзкой натарыяльнай канторы, рэгістрацыя подпісаў часова прыпыненая на прапанову абласнога ўпраўленьня юстыцыі.

Спадар Сухарукаў кваліфікаваў гэта як парушэньне канстытуцыйных правоў грамадзянаў і напісаў адпаведную заяву ў кнігу скаргаў і прапановаў. Ён зьбіраецца таксама пісаць скаргі ў вышэйшыя інстанцыі, але пры гэтым перакананы, што ўсе спасылкі на канстытуцыйныя правы ў сёньняшняй сытуацыі гучаць недарэчы.

(Сухарукаў: ) “Зьбіраемся пісаць заяву ў пракуратуру, але, шчыра кажучы, надзеяў няшмат. Бо мы сёньня жывем не па Канстытуцыі, а па вусных распараджэньнях чыноўнікаў, прычым нават не рэспубліканскага, а абласнога маштабу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG