Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Птушыны грып: унівэрсальнай вакцыны дагэтуль няма


Сьвятлана Курс, Прага Два гады спатрэбіцца для таго, каб узяць пад кантроль цяперашнюю эпідэмію птушынага грыпу, – заявілі спэцыялісты Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ). Эпідэмія ахоплівае ўсё новыя рэгіёны. Калі ж вірус набудзе здольнасьць перадавацца ад чалавека да чалавека, пандэмія можа забраць да 150 мільёнаў людзкіх жыцьцяў. Калі зьявіцца надзейная вакцына ад сьмяротнага вірусу?

У Эўропе “птушыны грып” выяўлены ў Вялікай Брытаніі, Румыніі, Турэччыне й Харватыі. У Расеі ён зьявіўся за Ўралам і пайшоў на Захад – у Калмыкію, у Цьвярскую вобласьць.

І на Захадзе, і на Ўсходзе мэдыкі думаюць, як ратавацца ад навалы, якая можа выкасіць мільёны людзей гэтак жа хутка, як курэй. Прэсавы сакратар САЗ Дзік Томпсан распавёў, што вірусы птушынага і чалавечага грыпу, калі «нападуць» на адну клетку, могуць генэтычна зьмяшацца й стварыць новы штам, які будзе перадавацца ад чалавека да чалавека, як звычайны грып, але нашмат больш сьмяротны.

Каардынатар САЗ па барацьбе з птушыным грыпам Давід Набара заявіў, што колькасьць сьмерцяў ад магчымай пандэміі можа скласьці ад 5 да 150 мільёнаў чалавек. Усё залежыць ад таго, як сьвет падрыхтуецца.

Пакуль няма вакцыны супраць самага небясьпечнага штаму H5N1.

Спэцыялісты напружана працуюць над стварэньнем новых прэпаратаў. "The New York Times" днямі паведаміла, што група францускіх навукоўцаў прадставіла вакцыну ад вірусу. Пасьля прышчэпкі чвэрць пацыентаў у веку да 65 гадоў справіліся зь вірусам. Аднак нямецкія спэцыялісты выказваюць скепсіс: гэта толькі клінічныя выпрабаваньні. Дзейснасьць францускай вакцыны не праверылі на дзецях і пажылых людзях.

Расейскія навукоўцы днямі заявілі, што цалкам падрыхтаваныя да працы над стварэньнем вакцыны супраць “птушынага грыпу” чалавека.

Пакуль няма надзейнае вакцыны, трэба прышчапляцца тымі, якія мэдыцына можа прапанаваць. Птушыны грып перадаецца паветрана-кропельным шляхам, а таксама праз харчаваньне. Тэрмічна апрацаванае мяса не зьяўляецца крыніцай інфэкцыі. Трэба абмежаваць кантакты з жывымі птушкамі й сырым мясам ды яйкамі.

Новы швайцарскі сродак “Tamiflu” – найноўшае й найлепшае, што мае на сёньня чалавецтва ў барацьбе з птушыным грыпам. Але вірус і яго можа апярэдзіць: у Ганконгу ўжо выявілі штам, устойлівы да “Tamiflu”. Таму прапаноўваюць дадаткова прышчапляць прэпарат "Relenza".

Для беларусаў даступныя расейскія прэпараты “Remаntadin” і “Arbidol”. Іх дзеяньне заснаванае на разбурэньні мэханізму жыцьцятворчасьці грыпозных вірусаў.
XS
SM
MD
LG