Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: у Горадні ўжо нельга глядзець польскую тэлевізію


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская прэса піша сёньня пра сьледзтва ў справе забойства аўтара “Народнай Волі” Васіля Гроднікава, а таксама пра тое, што жыхароў Гарадзеншчыны ўлады пазбавілі магчымасьці глядзець перадачы першага каналу польскага тэлебачаньня.

“Чаму загінуў журналіст?” – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары аўтарытэтнага польскага штодзёньніка “Rzeczpospolita”. Газэта піша, што занепакоенасьць справай Васіля Гроднікава, які пісаў для “Народнай волі”, выказаў Міжнародны інстытут прэсы ў Вене.

Паводле штодзёньніка, кіраўніцтва інстытуту заклікала беларускія ўлады правесьці “тэрміновае і падрабязнае сьледзтва ў справе забойства”, а таксама “зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць напады на журналістаў”.

“Гроднікаў загінуў амаль праз год пасьля забойства журналісткі незалежнай газэты “Салідарнасьць” Веранікі Чаркасавай, якая была забітая ў сваёй кватэры ў Менску. Сьледзтва ў справе забойства Чаркасавай дагэтуль ня скончанае. Беларускія ўлады былі скрытыкаваныя за тое, што замест таго, каб зьвярнуць увагу на матывы, зьвязаныя з працай журналісткі, яны ўзяліся за яе сына-юнака”, - піша “Rzeczpospolita”.

Штодзёньнік адзначае, што сьледзтва ў справе забойства Васіля Гроднікава ідзе вельмі павольна, што можа сьведчыць аб тым, што ўлады ўвогуле ня хочуць шуму вакол гэтай справы, асабліва ў гадавіну сьмерці Веранікі Чаркасавай.

“Rzeczpospolita” нагадвае пра зьнікненьне і праўдападобную сьмерць ў 2000-м годзе іншага журналіста – Зьмітра Завадзкага, аднак падае меркаваньні беларускіх журналістаў і праваабаронцаў, якія лічаць, што пакуль няма падставаў, каб справу Васіля Гроднікава лічыць палітычнай.

Між тым “Gazeta Wyborcza” зьмяшчае сёньня кароткі матар’ял пра тое, што ад мінулага панядзелку на Гарадзеншчне ўжо нельга глядзець перадачы першай праграмы польскага тэлебачаньня, бо так вырашыла беларускае міністэрства інфармацыі.

“Тыя, хто глядзеў першую праграму праз кабэльнае тэлебачаньне, атрымалі магчымасьць замест яе прыймаць праграмы прыватнага тэлеканалу “Polsat”, але нават гэтага ня будуць мець жыхары шэрагу гарадоў і мястэчак у Заходняй Беларусі – напрыклад Ваўкавыску ці Шчучына, якія дагэтуль глядзелі менавіта перадачы першай праграмы”, - піша “Wyborcza”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG