Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальная бібліятэка адмаўляецца распаўсюджваць кнігі Васіля Быкава


Галіна Абакунчык, Менск Яшчэ ў ліпені на прэзэнтацыі трох першых кніжак 14-томнага выданьня поўнага збору твораў Васіля Быкава было абвешчана: увесь наклад хутка распаўсюдзяць па ўсіх бібліятэках краіны. Аднак і напрыканцы восені амаль усе кнігі Быкава па-ранейшаму ляжаць у Саюзе пісьменьнікаў Беларусі. Чаму?

Прэзэнтацыя першых трох тамоў сапраўды адбылася яшчэ ўлетку. Аднак дагэтуль амаль увесь наклад застаецца на складзе. Прычыны тлумачыць старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч.

(Пашкевіч: ) “Мы сутыкнуліся з такой цяжкасьцю: Нацыянальная бібліятэка, бібліятэчныя калектары бясплатна прымаць, дапамагаць распаўсюджваць кнігі адмаўляюцца. Мы накіравалі два афіцыйныя лісты ад Саюзу пісьменьнікаў на імя міністраў культуры й інфармацыі з просьбай паспрыяць бясплатнаму распаўсюду кніг, але адказу пакуль не атрымалі. Відаць ізноў давядзецца шукаць сродкі на распаўсюд кнігі й спадзяюся, што Радыё Свабода дапаможа праінфармаваць грамадзтва, і можа да гэтай ідэі яшчэ падключацца грамадзкія, дзяржаўныя арганізацыі, інстытуты”.

Гаварыў старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Алесь Пашкевіч. Нагадаю, што выданьне поўнага збору твораў Васіля Быкава распачалося паводле ініцыятывы аргкамітэту ў справе ўшанаваньня памяці Быкава і Саюзу пісьменьнікаў Беларусі пры падтрымцы грамадзкай ініцыятывы “Воля народу”. Гэта некамэрцыйная, дабрачынная акцыя, мэта якой – бясплатная перадача збору твораў Васіля Быкава кожнай бібліятэцы краіны. Нагадаю таксама, што пасьля выхаду першай часткі 14-томніка, кіраўнік штабу “Волі народу” Мікалай Карташаў заявіў пра крадзеж часткі накладу зь ягонага гаража. Паводле спадара Карташава, міліцыя працягвае пошук злачынцаў. Вось што ён паведаміў.

(Карташ: ) “Заканчваўся тэрмін апэратыўнай праверкі паводле факту выкраданьня кнігаў. Аднак рашэньнем ГУУС Менгарвыканкаму час апэратыўнай праверкі па факце кражы быў прадоўжаны. Вось такая гісторыя”.

(Карэспандэнтка: ) “Заявіў кіраўнік штабу грамадзкай ініцыятывы “Воля народу” Мікалай Карташаў. Аднак старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч адмежаваўся ад заяваў пра выкраданьне часткі накладу. Ён кажа, што гаворка можа весьціся толькі пра асабістыя дзвяць кніг спадара Карташава.

(Пашкевіч: ) “Зараз народ навучыўся рабіць сабе рэкляму так: выдадуць нейкую кнігу накладам 100 асобнікаў, а затым заявіць, што астатні наклад канфіскаваны альбо скрадзены. Зразумейце мяне правільна, як каардынатара гэтага праекту. Я баюся, каб пра гэтую высакародную справу не падумалі, што й гэта так... Гонар Саюзу пісьменьнікаў ёсьць гонар Саюзу пісьменьнікаў! Я заяўляю, што ўсе кнігі на месцы, і кожны можа прыйсьці і паглядзець. А заадно дапамагчы, бо гэта ж тоны кніг – тры тысячы экзэмпляраў! І як плянавалася, кожная бібліятэка краіны атрымае ў падарунак поўны збор твораў Васіля Быкава”.

(Карэспандэнтка: ) “Паводле Алеся Пашкевіча, днямі завяршылася ўкладаньне і падрыхтаваная да друку другая частка збору твораў Васіля Быкава – чацьвёрты, пяты й шостыя тамы. Прэзэнтацыя другога трохтомніка плянуецца на Каляды”.

Нагадаю, што поўны збор твораў Васіля Быкава выходзіць паводле ініцыятывы Саюзу пісьменьнікаў пры падтрымцы палітычнага руху “Воля народу”. Гэта першы выпадак у гісторыі краіны, калі выданьнем збору твораў Народнага пісьменьніка Беларусі апякуецца грамадзкасьць. Поўныя зборы твораў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Уладзімера Караткевіча й іншых клясыкаў беларускай літаратуры выходзілі пры дапамозе Інстытуту літаратуры й Нацыянальнай акадэміі навук.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG