Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейская экспэдыцыя мае раскрыць таямніцы Вэнэры


Юрась Бушлякоў, Прага Найбліжэйшымі днямі эўрапейская касьмічная станцыя адправіцца вывучаць Вэнэру. Вядомая тысячагодзьдзямі як ранішняя зорка, падобная памерамі да Зямлі, Вэнэра дасюль застаецца вялікай загадкаю. У выніку ранейшых расейскіх і амэрыканскіх дасьледаваньняў мы ведаем пра невыносныя для чалавека тэмпэратуру й ціск на паверхні Вэнэры, а таксама пра наяўнасьць у атмасфэры гэтай плянэты серкавай кіслаты. Вучоныя спадзяюцца, што цяперашняя місія станцыі “Вэнэра-экспрэс” дапаможа ўстанавіць, што выклікала на плянэце неймаверны парніковы эфэкт.

Чаму клімат Вэнэры настолькі непрымальны для чалавека? Ці можна лічыць Вэнэру плянэтаю, дзе так званы парніковы эфэкт сягнуў піку? Эўрапейскае касьмічнае агенцтва спадзяецца атрымаць адказы на гэтыя пытаньні.

Чакаецца, што першая інфармацыя пачне паступаць у красавіку 2006 году, калі, паводле разьлікаў спэцыялістаў, станцыя мае дабрацца да Вэнэры. 1270-кіляграмовы апарат забясьпечаны шасьцю наборамі інструмэнтаў, прызначаных для дасьледаваньня спэцыфічнай атмасфэры Вэнэры.

Доктар Эндру Коўтс – супрацоўнік Мюлардаўскай лябараторыі касманаўтыкі ў Лёндане.

(Коўтс: ) “Вэнэру можна разглядаць як “злавеснага двайніка” Зямлі, бо яна была народжаная тым самым спосабам, але разьвівалася ўжо крыху іначай. Напрыклад, тэмпэратура паверхні Вэнэры вышэйшая за тэмпэратуру ў духоўцы, ціск на паверхні гэтай плянэты ў 90 разоў большы за атмасфэрны ціск на Зямлі, у атмасфэры Вэнэры ўтрымліваецца серкавая кіслата, на гэтай плянэце імклівы парніковы эфэкт”.

Вучоныя хацелі б дазнацца, што робіць атмасфэру Вэнэры такой густой і таксычнай. Прафэсар Фрэд Тэйлар з Оксфардзкага ўнівэрсытэту дапускае, што прынамсі адной з прычын насычанасьці атмасфэры зьяўляецца інтэнсіўная вульканічная актыўнасьць плянэты. Зразуменьне таго, якія працэсы адбываюцца на Вэнэры, можа быць карысным пры вырашэньні кліматычных праблем на Зямлі.

(Тэйлар: ) “Гэта нашмат больш экстрэмальныя працэсы ў параўнаньні з тымі, якія маюць месца на Зямлі. Дык жа калі мы зразумеем Вэнэру, гэта дасьць нам новыя веды аб тым, як паводзіць сябе парніковы эфэкт, асабліва ва ўмовах вялікай канцэнтрацыі вуглякіслага газу. І гэтая інфармацыя будзе каштоўная пры плянаваньні, як нам бараніць нашую плянэту”.

Запуск эўрапейскай станцыі “Вэнэра-Экспрэс” з касмадрому Байканур, плянаваны на 26 кастрычніка, нязначна адкладаецца. Зьвязана гэта з тэхнічнымі непаладкамі, выяўленымі ў расейскай ракеты “Саюз-Фрэгат”, якая мае даставіць эўрапейскую станцыю да Вэнэры.
XS
SM
MD
LG