Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці братоў Мурашкаў зьвярнулася зь лістом да Аляксандра Лукашэнкі


Браніслава Станкевіч, Віцебск Валянціна Мурашка ўпэўненая, што ейныя сыны Віталь і Юрый, затрыманыя па падазрэньні ў арганізацыі выбухаў 14-га і 22-га верасьня, ні ў чым не вінаватыя, і што супрацоўнікі міліцыі і пракуратуры проста імкнуцца як найхутчэй адрапартаваць аб раскрыцьці злачынства.

Нагадаем, у выніку абодвух выбухаў у цэнтры Віцебску пацярпелі больш як 40 чалавек. Нашым слухачам, напэўна, ужо вядома з розных беларускіх мэдыяў, што Аляксандар Лукашэнка падчас візыту на Гомельшчыну абвясьціў, што вінаватых у арганізацыі выбухаў у Віцебску нарэшце знайшлі. І тым ня менш маці падазраваных спадзяецца на дапамогу Лукашэнкі, калі просіць вызваліць сыноў.

Валянціна Мурашка пэўная, што ейных сыноў, 23-гадовага Юрыя і 25-гадовага Віталя затрымалі несправядліва. У сваім лісьце на імя Аляксандра Лукашэнкі яна напісала пра тое, як гадаваліся ейныя сыны, як любілі майстраваць, цікавіліся тэхнікай і як сталі падазраванымі – на яе думку, цалкам беспадстаўна.

(Мурашка: ) “Напісала, як яны расьлі – добра вучыліся, скончылі ліцэй, потым унівэрсытэт, заўсёды цікавіліся тэхнічнай літаратурай. Пра допыты, пра ператрусы – як рабілі першы ператрус, і сьледчы напісаў, што нейкія дэталі ляжалі на стале. Насамрэч, яны ляжалі пад сталом і былі пакрытыя пылам. Мой Віталь зрабіў заўвагу, каб напісалі праўду – што яны былі пакрытыя пылам. Адпаведна, імі даўно ніхто не карыстаўся. Але сьледчы адмовіў – сказаў, што гэта ня мае значэньня”.

У лісьце да Аляксандра Лукашэнкі маці затрыманых пералічыла адразу некалькі выпадкаў, калі сьледчыя і супрацоўнікі міліцыі падманвалі родных, правакавалі іх, як не сказалі праўды, нават калі арыштоўвалі сыноў – толькі папярэдзілі, што забяруць на допыт і праз гадзіну прывязуць. Аднак з тае пары – ад 30-га верасьня – сваякі ня бачылі Віталя і Юрыя. Зь імі ня толькі забаронена сустракацца, але й нават перадаваць цёплае адзеньне. Тым часам ва ўсіх сваякоў зроблена па некалькі ператрусаў, а з кватэры Мурашкаў розныя рэчы, нібыта для досьледаў, забіралі чатыры разы.

Пералік таго, што забралі, зьмяшчаецца на 8-мі аркушах паперы. Гэта і кусачкі для мэталу, і часопісы “Радыёаматар”, і дэталі, якія засталіся пасьля сьмерці ад бацькі, які працаваў майстрам па рамонтце гадзіньнікаў, і працэсар ад уласнага кампутара Юрыя. Яшчэ спадарыня Мурашка кажа, што пасьля ператрусу зьнік альбом зь дзіцячымі фотаздымкамі, а таксама банкаўская картка, па якой Юры атрымліваў заробак. Забралі і прылады для рамонту кватэры, якую даводзіў да ладу Віталь, рыхтуючыся да ўласнага вясельля. Дарэчы, вясельле ў яго было 25-га верасьня, і ягоная жонка Натальля сьцьвярджае, што ўвесь апошні месяц яны рыхтаваліся да супольнага жыцьця, і не ўяўляе, каб Віталь мог тым самым часам рыхтаваць выбухі. Маці, спадарыня Валянціна, гаворыць, што ўвечары 22-га верасьня, калі ахвярамі выбуху сталіся больш як 40 чалавек, абодва сыны ўвогуле знаходзіліся дома. Цешча Віталя, Людміла Балаболічава, прапанавала абавязкова згадаць у лісьце да Аляксандра Лукашэнкі тое, што ўсе тыя рэчы, якія падаліся сьледчым падазронымі, хлопцы мелі ўсе магчымасьці загадзя схаваць або зьнішчыць, і тое, што гэта не было зроблена, і ёсьць іхным алібі.

(Балаболічава: ) “Каб яны былі вінаватыя, яны б гэта ўсё прыбралі, за адну ноч вычысьцілі – і каробкі, і гадзіньнікі, і з кампутара ўсё! Значыць, яны ні сном ні духам не вінаватыя. Проста хочуць дакласьці Лукашэнку, выслужваюцца перад ім, а ён праўды ня ведае, яму гэта не дакладаюць. У яго ж двое сыноў! Ці ж ён не разумее маці, у якой двух сыноў забралі? Не вінаватыя ж яны, кругом усе крычаць, што яны невінаватыя!”

Адказу на ліст Валянціны Мурашкі ў адміністрацыю прэзыдэнта дагэтуль няма, а падазраваныя ў арганізацыі выбухаў браты знаходзяцца пад вартай ужо больш як тры тыдні. Сваякі спадзяюцца, што праўда ў рэшце рэшт высьветліцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG