Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cёньня гадавіна зь дня сьмерці журналісткі Веранікі Чаркасавай. “Ужо тады стала зразумела, што на банальную так званую “бытавуху” забойства не падобна”


RFE/RL Вераніку Чаркасаву забілі летась раніцай 20 кастрычніка ва ўласнай кватэры, калі яна зьбіралася на працу. Цела журналісткі знайшлі позна ўвечары яе сын і айчым. Яны выклікалі “хуткую дапамогу” і міліцыю. Потым іх прызналі падазраванымі ў крымінальнай справе. У выніку перажытых стрэсаў Антон, сын забітай журналісткі, трапіў у шпіталь. Бацька Антона забраў яго да сябе ў Маскву, каб сын пазьбег прымусовай псіхіятрычнай экспэртызы. Нарэшце, з Антона і з айчыма Веранікі Чаркасавай зьнялі статус падазраваных. Наша карэспандэнт Любощ Лунёва была на кватэры Веранікі Чаркасавай адразу пасьля таго, як айчым Веранікі Ўладзімір Мялешка выклікаў міліцыю.

(Вядоўца: ) Люба, вы былі на кватэры Веранікі Чаркасавай адразу пасьля таго, як айчым Веранікі Ўладзімір Мялешка выклікаў міліцыю. Ці выказваліся тады якія-небудзь вэрсіі забойства сьледчымі?

(Лунёва: ) “Калі я прыехала, у пад’ездзе на лесьвіцы ўжо былі некаторыя мае калегі з газэтаў, дзе працавала Вераніка. Мы ў кватэру не заходзілі, каб не сапсаваць адбіткі абутку ці іншыя рэчавыя доказы. Усе былі папросту ў шокавым стане.

Прыехала група экспэртаў. У кватэру запрасілі панятых. Пайшлі Леанід Міндлін і Сяргей Грыц. Яны там знаходзіліся пакуль працавалі экспэрты. А нас з Марынай Загорскай адвезьлі ў РУУС у сьледчы аддзел і там здымалі паказаньні. Сьледчыя самі запытвалі нас, што мы самі мяркуем пра матывы забойства, хто гэта мог зьдзейсьніць. Мяне папрасілі даць псіхалягічны партрэт Веранікі. Распавесьці, якой я яе ведала. Калі я казала, што яна была інтэлігентная, раўнаважаная і з унікальным пачуццём гумару, то бачыла, што гэта выклікае нейкую разгубленнасьць сьледчых. Ужо тады стала зразумела, што на банальную так званую “бытавуху” забойства не падобна”.

(Вядоўца: ) Люба, як рэагавалі журналісты, калі даведаліся, што Антона і айчыма зрабілі падазраванымі ў справе?

(Лунёва: ) “Я размаўляла са сваімі калегамі. Мы абмяркоўвалі гэтую сытуацыю. Больш за тое, сьледчы Чумачэнка, калі нас выклікаў да сябе і гадзінамі размаўляў з намі, то ён рабіў акцэнт на тым, што Антон нешта не дагаворвае і хлусіць. Апроч таго, статыстыка сьведчыць, што падлеткі забіваюць сваіх бацькоў у часе буйных спрэчак. Але калегі Веранікі не верылі, што гэта той выпадак. Тым больш, што мы бачылі Антона позна ўвечары. Яго твар быў жахлівага белага колеру. Хлопчык быў у шоку. Так прыкінуцца немагчыма. Усе спачувалі сям’і. Маці Веранікі спачатку згубіла сваю дачку, а потым ёй давялося яшчэ змагацца за лёс свайго ўнука. Хлопчыка паклалі ў шпіталь пасьля таго, як ён адмовіўся есьці, размаўляць. Медыкі нават казалі, што спатрэбяцца месяцы, каб хлопчык адаптаваўся. Але ён справіўся. Потым у Маскве хадзіў у школу і нармальна вучыўся. Антон вярнуўся, бо хоча жыць дома ў Менску і хадзіць у сваю школу, у свой клас. Дарэчы, гэтая мара не зьдзейсьнілася. Магчыма, гэта ўжо становіцца сумнай традыцыяй, але школу закрылі, бо там цяпер будзе месьціцца раённая пракуратура. Дзяцей раскідалі па розных школах”. Калегі Веранікі Чаркасавай, каб ушанаваць памяць журналісткі, выдалі кніжку яе публікацый у газэтах за апошнія 10 гадоў. Маці Веранікі Дыяна Чаркасава кажа, што гэта ёсьць маральнай падтрымкай сваякоў Веранікі.

(Чаркасава:) “Мы не адчувалі сябе пакінутымі. Нам дапамагалі і дапамагаюць калегі Веранікі, Беларуская асацыяцыя журналістаў, калектыў газэты “Салідарнасьць”. Хачу сказаць ім: “Вялікі дзякуй!” Намаганьнямі гэтых самаадданых людзей выдадзена кніжка Веранікі “Чырвоным па беламу”. У ёй сабраная частка таго аб чым пісала, чым жыла Вераніка. Мне здаецца, што яна патрэбна людзям. Яна будзіць думку, нагадвае пра нейкія нашы балючыя праблемы, якія хвалююць нас і сёньня, нягледзячы на тое, што нарысы былі напісаныя цягам апошніх дзесяці гадоў.”

(Лунёва: ) “Сёньня праз 4 гадзіны мы, калегі, сябры Веранікі Чаркасавай, паедзем на могілкі, каб ускласьці кветкі, запаліць сьвечку і памянуць Вераніку”.
XS
SM
MD
LG