Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошні тэкст Васіля Быкава быў прысьвечаны Аляксандру Якаўлеву


Сяргей Навумчык, Прага На 82-м годзе жыцьця памёр расейскі акадэмік, былы сакратар ЦК КПСС Аляксандар Якаўлеў. На Захадзе яго называлі “архітэктарам перабудовы”.

Былы першы сакратар Стаўрапальскага крайкаму і сакратар ЦК КПСС па сельскай гаспадарцы Міхаіл Гарбачоў, калі зрабіўся генсэкам, меў намер усяго толькі мадэрнізаваць савецкую імпэрыю, захаваўшы яе менавіта імпэрыяй і абавязкова – камуністычнай.

На шчасьце, ён запрасіў на пасаду сакратара ЦК па ідэалёгіі былога амбасадара ў Канадзе Аляксандра Якаўлева. Якаўлеў таксама быў партыйным функцыянэрам (у свой час нават дэбатаваў з Салжаніцыным з марксісцкіх пазыцыяў – але дэбатаваў, а не рэпрэсаваў).

Генсек Гарбачоў ініцыяваў “перабудову” – рэфармацыю камуністычнай сыстэмы “паводле Леніна”. Якаўлеў дамагаўся “галоснасьці” – даючы як сакратар ЦК больш свабоды сродкам масавай інфармацыі, якія, хай спачатку і дазавана, але пачалі пісаць праўду. У тым ліку – праўду пра Леніна і камуністаў. У выніку, гэтая праўда абрынула і камуністычную сыстэму, і саму “перабудову”, і савецкую імпэрыю.

Канечне, дысыдэнты – той жа Салжаніцын ці ў Беларусі Пазьняк – шмат якія працэсы бачылі глыбей і патрабавалі больш радыкальнага – але зусім магчыма, што каб не ўмераны рэфарматар Якаўлеў, аднаму б не дазволілі вярнуцца, апублікаваць на радзіме “Архіпэляг ГУЛаг”, другі не атрымаў бы магчымасьць голасна сказаць праўду пра Курапаты і ўтварыць Народны Фронт. Зрэшты, гэта быў двухбаковы працэс – і дысыдэнты істотна ўплывалі на эвалюцыю мысьленьня кіраўнікоў СССР.

Менавіта Якаўлеў на пачатку перабудовы ўступіў у дэбаты зь Нінай Андрэевай, якая ў газэце ЦК КПСС запатрабавала вярнуцца да прынцыпаў сталінізму – і партыйныя сакратары “на месцах” былі гатовыя ўспрыняць яе тэзы як кіраўніцтва да дзеяньняў. Якаўлеў спыніў камуністычных паханоў. Менавіта дзякуючы намаганьням Якаўлева мы даведаліся, што сакрэтны пакт Молатава-Рыбэнтропа сапраўды існаваў – чаго не жадала прызнаваць большасьць народных дэпутатаў СССР.

Аднойчы я доўга гутарыў зь Якаўлевым пра Быкава – ён лічыў Васіля Ўладзіміравіча адным з тых, хто маральна падтрымліваў рэфарматараў. Сам жа Быкаў заўсёды цёпла выказваўся пра акадэміка Якаўлева. Адзін з апошніх быкаўскіх тэкстаў, напісаных ў Празе – а магчыма, самы апошні ў жыцьці – быў якраз прысьвечаны Якаўлеву. Ён мае назоў “Зь цемры” і завяршаецца гэтак: “Аляксандар Мікалаевіч Якаўлеў адрынуў прыкры туман змрочных аблудаў і адным зь першых указаў шлях зь цемры ЦК – у гэтым ягоны неацэнны маральны і грамадзянскі подзьвіг”.
XS
SM
MD
LG