Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэмінар НАТО ў Вільні – зноў у цэнтры ўвагі Беларусь і беларуская мова


Тацяна Поклад, Вільня На сэмінары па пытаньнях Беларусі ў Вільні, арганізаванага Парлямэнцкай асамблеяй НАТО і Літоўскім Соймам, абмяркоўвалася стратэгія Эўразьвязу ў справе незалежнага вяшчаньня на Беларусь. Адбылася дыскусія адносна формаў падтрымкі незалежных СМІ ў Беларусі Эўразьвязам і мовы магчымага незалежнага вяшчаньня на Беларусь.

Выступоўцы зь Беларусі крытыкавалі стратэгію Эўразьвязу ў справе падтрымкі незалежных СМІ. Дакладчык па пытаньнях Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Азім Малазадэ ў часе дыскусіі адзначыў, што “праблема якаснага незалежнага вяшчаньня – гэта ня столькі праблема мовы, колькі неабходнасьці даць магчымасьць беларусам рабіць гэта самім”, бо, да прыкладу “радыёстанцыя “Дойчэ Вэле”, хаця і здольная вельмі добра прэзэнтаваць Нямеччыну ў сьвеце, але гэтым не вырашаецца праблема якаснага інфармаваньня жыхароў Беларусі.”

Спэцыяльны дакладчык ААН у сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Адрыян Сэвэрын сказаў, што “людзі бяз нацыянальнай ідэнтычнасьці ня здольныя абараніць дэмакратыю”.

Паводле Адрыяна Сэвэрына, “Беларусь сутыкаецца ня толькі з праблемамі дэмакратыі, але з праблемамі ўзмацненьня нацыянальнай ідэнтычнасьці й нацыянальнай незалежнасьці.”

Дэпутатка Літоўскага Сойму Раса Юкнявічэне, якая старшынявала на сэсіі сэмінару, прысьвечанай пэрспэктывам дэмакратызацыі Беларусі, сказала для нашага радыё:

(Юкнявічэне: ) “Праблема палягае ня толькі ў тым, што Лукашэнка адняў у беларусаў права выбару, але ў тым, што заходні сьвет часткова заплюшчвае вочы і ня вельмі ўсьведамляе, што там адбываецца. Дзеля таго патрэбныя такія дыскусіі.

Я цалкам згодныя з тым, што мы позьнімся, моцна позьнімся. Зашмат сэмінараў, і занадта мала канкрэтных дзеяньняў. Я вельмі хачу, каб гэтай восеньню, гэтай зімою пачаліся канкрэтныя дзеяньні – і найперш магчымасьці для беларусаў атрымоўваць інфармацыю. Не 15-хвілінную перадачу, якая ахопіць 0,5 % жыхароў, але вельмі сур''ёзную інфармацыю, якая будзе супрацьвагай той прапагандысцкай машыне, якая цяпер існуе ў Беларусі.”

Раса Юкнявічэне ў літоўскім Сойме ачольвае парлямэнцкую групу “За дэмакратычную Беларусь”, яна намесьніца кіраўніка літоўскай дэлегацыі ў ПА НАТО. Паводле Р.Юкнявічэне, сытуацыя з дэмакратыяй у Беларусі, значна горшая, чым у Аўганістане, які яна наведала на гэтым тыдні.

(Юкнявічэне: ) “У Аўганістане я пабачыла, якая вялікая талака міжнароднай супольнасьці працуе дзеля таго, каб людзі там маглі свабодна абіраць, – гэтае магчымасьці пазбаўленыя людзі ў Беларусі. Хай сабе нават яны абяруць тых самых людзей, якія і цяпер пры ўладзе – але, калі гэта будзе, па-першае, выбар людзей, якія маюць інфармацыю пра ўсе іншыя магчымыя альтэрнатывы, па-другое, калі гэта будзе такая ж дэмакратычная сыстэма выбараў, якая цяпер ёсьць у тым жа Аўганістане, – без парушэньняў, без фальсыфікацыяў. У гэтым сэнсе ва Аўганістане лепшая сытуацыя, чым у Беларусі. Вядома, я не кажу пра эканоміку, – пра тое, што ў Аўганістане некаторыя рэгіёны (эканамічна) адстаюць на 400 гадоў ад Эўропы. Беларуская нацыя, вядома, частка новага цывілізаванага сьвету. Тым больш балюча, што такая нацыя ня мае такіх магчымасьцяў выбіраць, якія мае Аўганістан.”

Вядомы літоўскі палітоляг Лаўрас Белініс, дырэктар грамадзкай арганізацыі “Інстытут Беларусі”, якая аб''ядноўвае навукоўцаў, цьвердзіць, што такія сэмінары патрэбныя, гэта – частка неабходнай працы ў справе дэмакратызацыі:

(Белініс: ) “Усё-ткі практычны сэнс (такіх сэмінараў) насамрэч вялікі, бо бракуе пэўнага дыялёгу паміж беларускімі палітыкамі й прадстаўнікамі заходніх краінаў, якія так ці іначай спрабуюць падтрымаць дэмакратычныя працэсы. І той, і іншы бок вынікі не заўсёды задавальняюць. Таму такія размовы – гэта ўзгадненьне пазыцыяў, пошук аптымальных шляхоў, каб дзейнічаць разам. Беларускім апазыцыйным палітыкам не бракуе актыўнасьці, але ім не хапае еднасьці – яны ня могуць дамовіцца, часам дзеля дробязяў, а галоўнае, – пра што тут гаворыцца, – ім бракуе тых істотных палітычных рэсурсаў, якія мелі, напрыклад, украінцы, – гэта і ўзаемадачыненьні незалежных палітычных структураў і грамадзтва ў рэгіёнах, а галоўнае – свабодныя і добра разгалінаваныя СМІ.”

У пятніцу ўвечары ў Вільні пачаў працу яшчэ адзін міжнародны сэмінар, прысьвечаны праблемам Беларусі і каардынацыі дзейнасьці недзяржаўных арганізацыяў у Эўропе і Беларусі. Сэмінар “Эўропа для Беларусі” ладзіць незалежная літоўская арганізацыя “Аб''яднаны цэнтар грамадзянскіх ініцыятываў”. Падрабязьней пра віленскі сэмінар “Эўропа для Беларусі” – у нашай заўтрашняй праграме.

Гл. таксама • Парлямэнцкая Асамблея НАТО праводзіць сэмінар у справах Беларусі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG