Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адседзеўшы 3.5 гады ў ЗША, Рычард Барткевіч зьбіраецца стаць беларусам


Ігар Карней, Менск Сын алімпійскай чэмпіёнкі Вольгі Корбут і аднаго з салістаў “Песьняроў” Лявона Барткевіча пасьля трох з паловай гадоў, праведзеных у амэрыканскай турме за падробку грошай, дэпартаваны з ЗША. 26-гадовы Рычард Барткевіч вярнуўся ў Беларусь, ня маючы ніякага грамадзянства: за акіян сям’я выправілася яшчэ за савецкім часам, калі Рычард быў дзіцем, і дзеля выезду яму афармляўся савецкі замежны пашпарт. Цягам наступных паўтара дзясятка гадоў, пражытых у ЗША, спробаў атрымаць грамадзянства гэтай краіны не было. Беларускага грамадзянства ў Рычарда Барткевіча таксама няма, бо ў сувэрэннай Беларусі ён ніколі ня жыў.

На 27-м годзе жыцьця Рычард Барткевіч мусіць зноў стаць беларусам. Упершыню ад 1990 году, калі маці вывезла яго ў ЗША “далей ад Чарнобылю”, хлопец трапіў дадому. Паводле цяперашняга мужа Вольгі Корбут Аляксея, які жыве ў Маскве, Рычард ад пачатку верасьня жыве ў бацькі — разам са зводным братам Крысьціянам, якому восем месяцаў, і новай 20-гадовай жонкай бацькі (сёлета Лявон Барткевіч ажаніўся трэці раз, і ад кожнага шлюбу ў яго сын). Ёсьць зьвесткі, што паралельна Рычард актыўна зьбірае даведкі для афармленьня беларускага пашпарта. Ва Ўпраўленьні пашпартна-візавай службы Міністэрства ўнутранах справаў сказалі, што атрымаць беларускае грамадзянства ў Рычарда Барткевіча шанцы ёсьць — тым больш, што бацька яшчэ раней прадбачыў падобны паварот падзеяў і прыходзіў па кансультацыі.

(Супрацоўнік ПВС: ) “Ці буде ён забясьпечаны дакумэнтамі? З улікам, што ягоны бацька грамадзянін Рэспублікі Беларусь, канечне, нейкі дакумэнт яму дадуць — альбо пасьведчаньне асобы без грамадзянства, альбо грамадзянства Беларусі і, адпаведна, беларускі пашпарт. Але ён мае права на набыцьцё грамадзянства Беларусі, гэта адназначна. Наколькі я ведаю, Леанід Барткевіч яшчэ раней прыходзіў да нас, кансультаваўся — ён вельмі не хацеў, каб сына дэпартавалі са Штатаў, але спрабаваў неяк падстрахавацца. Ня памятаю, хто канкрэтна, але нехта нам яго “сватаў”: маўляў, трэба дапамагчы, гэта ж такі чалавек!..”

Сёньня ў нашым ранішнім эфіры Лявон Барткевіч пацьвердзіў, што тэрмін турэмнага зьняволеньня Рычарда сапраўды скончыўся. Дагэтуль у сваіх інтэрвію Барткевіч казаў, што сын сядзіць не ў турме, а накіраваны на перавыхаваньне ў спэцыяльны інтэрнат. Па іншую інфармацыю Лявон Барткевіч адсылае да Вольгі Корбут, праўда, нумар тэлефону пры гэтым сказаць адмаўляецца. Зрэшты, сама Корбут з прэсай не размаўляе прынцыпова.

(Барткевіч: ) “Гэта трэба Вользе тэлефанаваць, яна ведае”.

(Карэспандэнт: ) “Але казалі, што Рычард нібыта ўжо ў Менску?”

(Барткевіч: ) “А хто казаў? Ня ведаю, хто там у Маскве ці дзе яшчэ мог такое ўзяць…”

(Карэспандэнт: ) “Але тэрмін яго зьняволеньня ўжо скончыўся?”

(Барткевіч: ) “Ну, так, так. У яго там па бізнэсе штосьці было…”

У 2001 годзе 100-даляравыя купюры на суму 4 тысячы даляраў паліцыя Атланты знайшла ў доме, дзе тады жыла сям’я Корбут і Барткевіча. Неўзабаве Рычард прызнаўся, што з дапамогай кампутара надрукаваў фальшывых грошай на 20 тысяч даляраў. Ад пачатку судовага працэсу казалі, што беларускаму фальшываманэтчыку пагражае пазбаўленьне волі на 20 гадоў, штраф 250 тысяч даляраў і дэпартацыя з ЗША. Аднак у 2002 годзе суд агалосіў іншы вырак: 3,5 гады арышту і кампэнсацыя на 5 тысяч даляраў крамам, у якіх ён расплачваўся фальшыўкамі. Пра дэпартацыю сказана нічога не было.

Аднак, калі ў канцы жніўня гэтага году Рычард Барткевіч вызваліўся з турмы, ён адразу ж быў дэпартаваны, нават не сустрэўшыся з маці. Афіцыйнай падставай была названая адсутнасьць у яго амэрыканскага грамадзянства. Сама Вольга Корбут стала амэрыканкай зусім нядаўна, ужо пасьля таго, як другі раз выйшла замуж.

Сваякі адмаўляюцца гаварыць пра тое, чым зьбіраецца займацца ў Беларусі Рычард. Жыць у бацькі сыну было б складана — сям’я старэйшага Барткевіча вымушаная арандаваць кватэру, паколькі ранейшая, падараваная музычна-спартоваму дуэту яшчэ Пятром Машэравым, была прададзеная перад ад’ездам у ЗША. Ня выключана, што ўрэшце Рычард скарыстаецца запрашэньнем гарадзенскіх сваякоў, якія гатовыя яго прытуліць — у Горадні жывуць тры цёткі Рычарда, родныя сёстры Вольгі Корбут. Расказваюць, што менавіта яны і сустракалі Рычарда на менскім лётнішчы. Дарэчы, адна зь іх, Людміла Бажко, як і Вольга, колісь трэніравалася ў славутага трэнэра Рэнальда Кныша, але ў вялікі спорт так і не пайшла. Праўда, як і астатнія зацікаўленыя члены сям’і, гаварыць пра пляменьніка адмовілася, паклаўшы слухаўку ўжо пры слове “журналіст”.

***

Наша карэспандэнтка ў Вашынгтоне Алеся Сёмуха ўдакладняе легальныя аспэкты дэпартацыі:

(Сёмуха: ) "Паводле інфармацыі атрыманай з аддзелу іміграцыі і мытнага кантролю пры дэпартамэнце унутранай бясьпекі (Homeland Security Department), Рычард Барткевіч па рашэньні іміграцыйнага судзьдзі быў дэпартаваны з ЗША 9 верасьня сёлета. Паводле законаў ЗША, асобы, асуджаныя па артыкулах крымінальнага кодэксу, якія ня маюць грамадзянства краіны, мусяць быць дэпартаваныя ў краіну іх грамадзянства або нараджэньня. Выдаткі на дэпартацыю бярэ на сябе ўрад ЗША. Вяртаньне ў ЗША такім асобам звычайна забароненае або на пэўны тэрмін, ад 10 да 20 год, або назаўсёды.

Як паведаміла прадстаўніца аддзелу іміграцыі і аховы дзяржаўных межаў Эрнэстын Фобс, той факт, што маці Рычарда Барткевіча засталася ў ЗША не дае яму аўтаматычна права на вяртаньне, нават калі маці – грамадзянка краіны. Паводле Эрнэстын Фобс, юрыдычны аддзел вырашыць на колькі гадоў Рычарду будзе забаронены ўезд у ЗША. Хутчэй за ўсё гэта будзе 10-гадовы тэрмін."
XS
SM
MD
LG