Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Time" піша пра візыт Тома Стопарда ў Менск


Кастусь Бандарук, Прага Амэрыканскі часопіс «Тайм» зьмясьціў артыкул Юрыя Зараховіча “Дзейнічаць, але не паводле загаду ўладаў”. Аўтар піша, што незалежная культурная ініцыятыва «Свабодны Тэатар», кінула выклік беларускім уладам. У гэтым асабіста пераканаўся знакаміты брытанскі драматург Том Стопард, які ў канцы жніўня – пачатку верасьня наведаў Беларусь.

У адной з п''есаў Тома Стопарда – “Травэстыс” – гаворыцца, што самым красамоўным паказчыкам таго, ці дабро перамагло зло, зьяўляецца свабода мастацтва. У жніўні сёлета Стопард пабываў ў Менску і разам з 70 гледачамі ў адным са сталічных бараў ён глядзеў спэктакль ангельскай аўтаркі Сары Кэйн у перакладзе на расейскую мову “Псыхоз 4,48”. Гэта гісторыя самагубства маладой жанчыны. На думку аўтара часопісу “Тайм” Юрыя Зараховіча, тэма самагубства ва ўмовах беларускай дыктатуры ў савецкім стылі відавочна непажаданая і нават падрыўная, хаця, як лічыць Том Стопард, самагубства – вельмі распаўсюджаная зьява. “Гэта вельмі цікава, што ўлады гэтак насьцярожана ставяцца да мастацтва ў цэлым і да тэатру ў прыватнасьці,” – кажа Том Стопард.

Свабода творчасьці зьяўляецца не адзінай ахвярай 11-гадовага аўтарытарнага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі, – піша Юры Зараховіч на старонках “Тайм”. Аб’яднаньне “ Беларускі Свабодны Тэатр” было заснаванае ў сакавіку летась, і цяпер яно гуртуе каля 40 драматургаў, рэжысэраў і актораў. “Свабодны Тэатар” выклікаў чарговыя рэпрэсіі з боку ўладаў пасьля таго, як яго прадстаўнікі ўзялі ўдзел ў сьвяткаваньні 25-й гадавіны заснаваньня славутага польскага прафсаюзу “Салідарнасьць”.

Выклік дзяржаве заўсёды небясьпечны, але ўсё болей беларусаў ўсьведамляюць, што варта пайсьці на такую рызыку, – піша Юры Зараховіч у часопісе “ Тайм”. “Свабодны Тэатар” быў заснаваны менавіта дзеля таго, “каб быць свабоднымі і свабодна працаваць”, – кажа Яна Русакевіч, выканаўца ролі ў п’есе “Псыхоз 4,48”. Замест свабоды сябры “Свабоднага Тэатру” сутыкнуліся з рэпрэсіямі ўладаў. Пасаду рэжысэра ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы страціў Уладзімір Шчэрбань, гэтак жа як і акторка Яна Русакевіч. У Маскоўскім Мастацкім тэатры, дзе мастацкім кіраўніком Алег Табакоў, ідуць рэпэтыцыі п’есы “Вось я іду” Мікалая Халезіна, аднаго з кіраўнікоў “Свабоднага тэатра”, а на радзіме яе ніхто не ставіць, бо, як кажа аўтар, у Беларусі існуе цэнзура.

У мінулым месяцы ініцыятыва “Свабодны Тэатар” абвясьціла конкурс для драматургаў, і ўжо апублікавала на сваёй інтэрнэт-старонцы больш як 300 працаў. Акторы вымушаныя выступаць ў прыватных памяшканьнях, у мінулым месяцы іхны выступ адбыўся ў бары. “Псыхоз 4, 48” быў паказаны ўжо тры разы ў розных памяшканьнях, уласьнікі якіх моцна рызыкуюць. “Калі выганяць нас адусюль, мы гатовы выступаць нават пад адкрытым небам,” – кажа Халезін.

Паводле артыкулу ў часопісе “Тайм”, пакідаючы Менск, Том Стопард заявіў, што ў адрозьненьне ад колішніх СССР і Чэхаславаччыны, якія драматург наведаў шмат гадоў таму, “у Беларусі страх у людзей прыхаваны, і часам немагчыма зразумець, што ты знаходзісься ў таталітарнай дзяржаве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG