Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйна пацьверджаная гібель беларускіх пілётаў у авіякатастрофе ў Конга


Ігар Карней, Менск Міністэрства замежных справаў Беларусі пацьвердзіла інфармацыю пра двух загінулых падчас катастрофы ў Конга грамадзянаў Беларусі, хоць прозьвішчы пры гэтым не называюцца. Паводле расейскай амбасады ў Бразавілі, самалётам Ан-26 авіякампаніі “Эйр Касаі” былога Заіру, а цяпер Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, кіравалі грамадзянін Расеі і два беларусы, якія ў выніку катастрофы загінулі разам з пасажырамі.

Як паведамілі ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі, 10 верасьня побач са сталіцай Конга Браззавілем пацярпеў катастрофу самалёт Ан-26 авіякампаніі “Эйр Касаі”, які выконваў палёт з гораду Баэндэ ў сталіцу Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (былы Заір) Кіншасу. Загінулі ўсе пасажыры і тры члены экіпажу — адзін расеец і два беларусы. Былы лётчык грамадзянскай авіяцыі Генадзь Кавалёў, які доўга працаваў па кантрактах у Афрыцы, не зьдзіўляецца, што катастрофы на “чорным кантынэнце” здараюцца ўсё часьцей: авіяпарк цэнтральна-афрыканскіх краінаў яшчэ 10 гадоў таму можна было здаваць на мэталялом.

(Кавалёў: ) “Гэта ж самалёт, а не аўтамабіль: ён так проста не лятае. Рознымі праўдамі і няпраўдамі працягваюць рэсурс, замяняюць нейкія элемэнты, агрэгаты, і ён далей служыць. Але ўжо час настаў, новай тэхнікі туды не нагналі, усё тая ж засталася. Гэта і ёсьць асноўнай праблемай”.

Пасьля кожнага надзвычайнага здарэньня з удзелам беларусаў кіраўніцтва Дзяржаўнага камітэту авіяцыі дае зразумець: заробкі авіятараў у Беларусі паступова набліжаюцца да міжнародных нормаў і сэнс небясьпечных “ваяжоў” губляецца. На гэта Генадзь Кавалёў рэагуе наступным чынам:

(Кавалёў: ) “Заробкі ніяк ня могуць выраўнацца. Там хоць і плацяць, як і тут, зыходзячы з гадзінаў налёту, але грошы гэта зусім іншыя. Гэта адназначна”.

Як удакладняе Генадзь Кавалёў, у гэтым рэгіёне Афрыкі надзвычай багатыя радовішчы алмазаў, што наўпрост тлумачыць фінансавую забясьпечанасьць невялікай праслойкі, якая трымае ў руках у тым ліку і авіяперавозкі. Алмазы ёсьць асноўнай валютай, і нават зь некаторымі нанятымі пілётамі авіякампаніі разьлічваюцца “натурай”. Між тым, былы пілёт кажа: высокія заробкі не падмацаваныя ніякімі сацыяльнымі гарантыямі, ня кажучы ўжо пра бясьпеку.

(Кавалёў: ) “Там увогуле ні пра якія гарантыі нельга весьці нават гаворкі. Ніякіх гарантыяў ні на што не даецца. Ніхто ні за што не адказвае, бо гэта “канец геаграфіі”.

У 1997 годзе Заір быў перайменаваны ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга, аднак, як кажуць пілёты, якія ў розныя гады працавалі там па кантрактах, паняцьце аб дэмакратыі ў гэтым рэгіёне чыста ўмоўнае. Вайсковы спэцыяліст Аляксандар Жук, які ў складзе міратворцаў ААН базаваўся ў Кіншасе, ледзьве ня стаў сьведкам забойства прэзыдэнта ДРК.

(Жук: ) “Я быў у Конга ў якасьці ваеннага прадстаўніка. Неаднаразова прапаноўвалі застацца, але я сказаў: “Не, даражэнькія, дзякуй, больш такога задавальненьня не хачу, як-небудзь на радзіме праісную”. Белыя, шчыра трэба сказаць, урэшце адтуль уцякаюць. Я сам ледзьве ня стаў сьведкам забойства прэзыдэнта. Былі ў яго, дамаўляліся наконт умоваў перамір’я, а праз чатыры гадзіны ягоны ж ахоўнік яго і забіў. У мяне кантракт быў працяглы, але з прычыны такой сытуацыі ў краіне атрымаўся ў тры разы карацейшы. Таму цалкам натуральна, што эўрапейскі чалавек адчувае сябе там не ў сваёй талерцы”.

Лягічнае пытаньне — чаму авіяперавозкамі не займаюцца мясцовыя спэцыялісты, а практычна ўсе спэцыялісты наймаюцца з-за мяжы? Сваю вэрсію выказвае экс-пілёт грамадзянскай авіяцыі Генадзь Кавалёў.

(Кавалёў: ) “Цяжка іх чамусьці навучыць. Тэхніку купілі, абсталяваньне, але самі ня лётаюць, лётаюць нашы. Праўда, беларусаў там мала, пераважна ўкраінцы. Самалёты і экіпажы ў асноўным з Украіны: ад усёй авіяцыі, якая там займаецца камэрцыяй, на 80% яна прадстаўленая Ўкраінай”.

Ад пачатку году ў авіякатастрофах у Афрыцы загінулі дзевяць беларускіх пілётаў, яшчэ адзін памёр пасьля вяртаньня дадому ад малярыі. Як паведамілі ў МЗС Беларусі, цяпер вядзецца ўдакладненьне асобаў загінулых 10 верасьня пілётаў і вывучаецца магчымасьць транспартаваньня іх на радзіму.
XS
SM
MD
LG