Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паедзе Лукашэнка на саміт ААН?


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка намерваецца ўзначаліць беларускую афіцыйную дэлегацыю, якая неўзабаве накіруецца ў Нью-Ёрк для ўдзелу ў Сусьветнай канфэрэнцыі на найвышэйшым узроўні. Канфэрэнцыя адбудзецца 14– 16 верасьня.

Ні прэзыдэнцкая прэсавая служба, ні Міністэрства замежных спраў Беларусі пакуль не распаўсюджваюць ніякіх зьвестак адносна ўдзелу афіцыйнай дэлегацыі Беларусі ў Сусьветнай сустрэчы лідэраў краін. Начальнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі:

(Лёгкі: ) “Я пакуль не адказваю на пытаньні, заўтра ўся інфармацыя будзе ў эфіры. Заўтра пра ўсё раскажам вам, чытайце сайт прэзыдэнта, там пра ўсё будзе сказана.”

Інфармацыю пра склад дэлегацыі і пра магчымую паездку ў ЗША Аляксандра Лукашэнкі адмовіўся паведаміць і намесьнік начальніка ўпраўленьня інфармацыі Міністэрства замежных спраў Руслан Есін. Аднак міністэрства рассылае запрашэньні на адмысловую прэсавую канфэрэнцыю намесьніка міністра Віктара Гайсёнка, прысьвечаную дзейнасьці Рэспублікі Беларусь у ААН, а таксама плянаванаму ўдзелу беларускай дэлегацыі ў 60-й сэсіі Генэральнай асамблеі ААН.

(Есін: ) “У цяперашні момант склад дэлегацыі ўдакладняецца. У сераду ў нас будзе прэсавая канфэрэнцыя Гайсёнка, і вы атрымаеце ўсю неабходную інфармацыю.”

Такім чынам адказаць на пытаньне, ці паедзе А.Лукашэнка ў ЗША на саміт ААН, абяцаюць афіцыйна паведаміць сёньня. Нагадаем, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка быў уключаны ў сьпіс афіцыйных асобаў, якім у 2002 годзе быў забаронены ўезд у ЗША і ў краіны Эўразьвязу. ЗША як і Эўразьвяз зрабілі тады такі крок, улічваючы адхіленьні ад дэмакратычных прынцыпаў і вяршэнства закону, а таксама парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

Аднак гэтыя санкцыі былі адмененыя ў выпадку паездкі А.Лукашэнкі ў ЗША на канфэрэнцыю ААН. Калі з боку ЗША ня ўзьнікне нейкая выключная рэакцыя, тлумачаць у прадстаўніцтве ААН у Беларусі. Пакуль у гісторыі няма такога прыкладу, каб на мерапрыемства ААН не пусьцілі нейкага палітыка ці кіраўніка краіны. Той жа лідэр КНДР Кім Чэн Ір, якога дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс назвала “небясьпечным чалавекам”, а КНДР -- апірышчам тыраніі, мае прыехаць на саміт у Нью-Ёрку. На гэтую акалічнасьць зьвяртае ўвагу і старшыня камісіі ў міжнародных справах Савету рэспублікі Беларусі Мікалай Чаргінец.

(Чаргінец: ) “Ёсьць пагадненьне паміж ААН і краінай знаходжаньня арганізацыі - ЗША , дзе гаворыцца, што краіна знаходжаньня ня мае права чыніць нейкія перашкоды палітыкам і кіраўнікам краінаў, якія едуць для працы ў ААН. Так што калі ЗША захочуць выступіць супраць усяго сьвету, то могуць пайсьці на гэта. Калі Буш не жадае, ён можа не сустракацца з Лукашэнкам, не піць па сто грам, але што наконт пытаньня – пускаць не пускаць, то гэта не прэрагатыва ЗША”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька нагадвае: ААН ня мусіць узгадняць з афіцыйным Вашынгтонам пытаньне прыезду кіраўніка Беларусі ў Нью-Ёрк і пытаньне выдачы візы – тэхнічнае. Аднак гэта не азначае, што Лукашэнка можа мець камунікацыі з прадстаўнікамі ўладаў ЗША.

(Лябедзька: ) “Калі апошні раз Лукашэнка прымаў удзел у чарговым саміце ААН, ён не атрымаў - відаць адзіны - запрашэньне на афіцыйны абед, які даваўся ад імя ЗША як краіны, дзе знаходзіцца ААН. Ён вымушаны быў вярнуцца ў Беларусь. Я думаю, што гісторыя можа мець паўтарэньне”.

Анатоль Лябедзька не выключае, што апошняе рашэньне Лукашэнкі наконт Кангрэсу дэмакратычных сілаў зьвязанае менавіта з жаданьнем паехаць на саміт ААН у ЗША і мець там нейкія камунікацыі, маўляў, беларускі рэжым ідзе на нейкія саступкі. Паводле спадара Лябедзькі, заява Лукашэнкі аб дапамозе ў правядзеньні кангрэсу – папулісцкая. Справа тут ня толькі ў памяшканьні для кангрэсу дэмсілаў.

(Лябедзька: ) “Было б лягічна таксама паставіць на парадак дня асьвятленьне падрыхтоўкі да кангрэсу, каб нам далі прамы эфір, каб мы маглі распавесьці нашым грамадзянам, што гэта за мерапрыемства, пра яго мэты і задачы. Патрэбныя пэўныя гарантыі, і МЗС магло б узяць на сябе такія абавязкі спрыяць атрыманьню візаў міжнародных гасьцей, якія б прыехалі на запрашэньне арганізатараў кангрэсу. Было б лягічна, каб былі скасаваныя рэпрэсіі , якія былі ўчыненыя адносна ўдзельнікаў сходаў. Трэба спрыяць па поўнай праграме, а не рабіць папулісцкія заявы.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG