Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАГАТЭ: праблемы ў чарнобыльцаў не ад радыяцыі, а ад стрэсу


Алена Струвэ, Менск “Аварыя на Чарнобыльскай АС насамрэч не садзейнічала такой вялікай колькасьці сьмяротных выпадкаў ці мэдычных паталёгіяў, як прынята лічыць сярод вялікай колькасьці насельніцтва у пацярпелых рэгіёнах Беларусі, Украіны і Расеі”– такая галоўная пазыцыя аўтараў прадстаўленай сёньня ў Вене спэцыяльнай справаздачы, прысьвечанай наступствам гэтай буйной катастрофы 1986 году. Паводле аўтараў дакумэнту – прадстаўнікоў МАГАТЭ – галоўныя мэдычныя праблемы жыхароў Чарнобыльскай зоны зьвязаныя са стрэсамі і нізкім узроўнем жыцьця. Больш падрабязна са справаздачай вас пазнаёміць наша карэспандэнтка.

Аўтары справаздачы – сто незалежных назіральнікаў МАГАТЭ – вядомыя ў сьвеце навукоўцы і экспэрты-практыкі. Як вынікае зь іхнага дасьледаваньня, дзесяткі і нават сотні сьмяротных выпадкаў, якія ў пэўных колах прынята зьвязваць з чарнобыльскімі наступствамі, выкліканыя ў сапраўднасьці нізкім узроўнем жыцьця грамадзтва.

Як лічыць адзін з дасьледчыкаў і аўтараў справаздачы доктар мэдыцыны Фрэд Мэтлер, галоўная небясьпека для чарнобыльцаў ў тым, што хваробы ідуць “ад галавы” альбо ад інтэлектуальнага здароўя. Людзі зацыкленыя на нэгатыўных ацэнках уласнага здароўя, яны фатальна вераць у скарочаную працягласьць жыцьця. Ім уласьцівы недахоп ініцыятывы і залежнасьць ад дапамогі дзяржавы. Усё гэта, паводле прафэсара Мэтлера, мае значны мацнейшы нэгатыўны эфэкт, чым рэальныя дозы радыяцыі.

Прафэсар унівэрсытэту Нью-Мэксыка ў ЗША Фрэд Мэтлер ёсьць аўтарам 295 навуковых публікацыяў па праблемах радыялягічнай мэдыцыны. Спадар Мэтлер зьяўляецца сябрам шматлікіх камісіяў ААН, якія займаюцца пытаньнямі радыяактыўнага ўзьдзеяньня, распрацоўшчыкам шэрагу чарнобыльскіх праектаў, экспэртам ў галіне міжнароднага ядзернага тэрарызму. Як заявіў ён ў часе сёньняшняй прэзэнтацыі справаздачы ў Вене, у дакумэнт упершыню ўключаны аналіз ўсіх прадстаўленых урадамі пацяреплых краінаў сьмяротных выпадкаў, выкліканых чарнобыльскімі наступствамі. За клінічнай карцінай назіралі ня толькі прадстаўнікі МАГАТЭ, але і сябры шэрагу незалежных агенцтвае ААН, у тым ліку, ад Расеі, Украіны і Беларусі.

Калі Фрэд Мэтлер бачыць галоўную праблему Чарнобыля ў гэтак званым паралюшы і фаталізму насельніцтва, то прафэсар мэдыцыны Бэрнскага ўнівэрсытэту спадар Нідэкер настойвае на тым, што прычынай усіх хваробаў ёсьць радыяцыя.

(Нідэкер: ) “Ёсьць эпідэміёлягі, мэдыкі-нуклеолягі, дзіцячыя лекары з заходнеэўрапейскіх краінаў, якія наведвалі Беларусь і Ўкраіну. Нават у нас у Швайцарыі, якую чарнобыльскія наступствы кранулі ў значна меншай ступені, назіраюцца падвышаныя паказчыкі радыяактыўнага цэзію. Даказана, што ўсё гэта мае нэгатыўныя наступствы для здароўя нашых жыхароў. Што да Беларусі, то як паказваюць дасьледаваньні майго калегі Юрыя Бандажэўскага, то дынаміка кардыялягічных захворваньняў у вас значна вырасла, радыяактыўны цэзій вельмі высокі, і шмат людзей па-ранейшаму захворваюць на сэрца. У зьвязку з высокім узроўнем радыяактыўнага ёду, павялічылася колькасьць захворваньняў на шчытападобную залозу. Таксама ёсьць небясьпека дынамікі захворваньняў на рак касьцей.

Мне падаецца, што апошнія высновы калегаў, якія зьвязваюць усё з нізкім ўзроўнем жыцьця і стрэсамі ў пацярпелых рэгіёнах, надзвычай неадказныя. Асабліва, калі яны зыходзяць ад спэцыялістаў ў пытаньнях барацьбы з ядзерным тэрарызмам. Наступствы радыяактыўнага забруджваньня трэба больш уважліва вывучаць на прыкладзе Беларусі і Ўкраіны”.

А вось меркаваньне прафэсара Юрыя Бандажэўскага:

(Бандажэўскі: ) "У МАГАТЭ, зразумела, сваё гледзішча, якое існуе даўно і ўвесь час. Але чаму сярод аўтараў справаздачы толькі сто навукоўцаў, якія так лічаць. Можна назьбіраць іх значна больш. Так ніхто не забараняе лічыць. Папера церпіць усё. Можна напісаць, што заўгодна. Іншая справа – трэба мець адказнасьць за справы людзей. Што да маёй пазыцыі, то яе я выказаў на падставе дасьледаваньняў. Стаўленьне да гэтага ёсьць грамадзкім пытаньнем. Калі хтосьці ня хоча гэтага чуць, дык я не праб''ю ілбом сьцяну. Мяне пачуе той, хто захоча пачуць".
XS
SM
MD
LG