Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырваныя з карэньнем дрэвы ледзьве ня ўвальваліся ў вокны кватэр


Ігар Карней, Менск Закладнікамі стыхіі сталі пераважна людзі, якія аказаліся ў дарозе. Паводле беларускай чыгункі, на пад’ездах да Менску цягнікі стаялі ад дзьвюх да шасьці гадзін, пакуль падразьдзяленьні Міністэрства надзвычайных сытуацый прыбіралі з рэек паваленыя дрэвы й наладжвалі парваныя лініі электраперадач. Ёсьць зьвесткі пра адключэньні электрычнасьці ў асобных шпіталях. А некаторыя расказваюць, што паваленыя дрэвы толькі выпадкова не ўвальваліся ў вокны кватэр.

Сьвятлана Кулікова ўжо адлічвала апошнія гадзіны, калі цягнік “Адлер-Брэст” прыбудзе на менскі вакзал: за 52 гадзіны дарогі моцна стамілася, і хацелася толькі аднаго — патрапіць дадому. Аднак давялося затрымацца.

(Кулікова: ) “У цягніку ніхто нічога не гаварыў, таму што правадніца сама нічога ня ведала. Прачнулася пасярод ночы растрапаная й сама ў пасажыраў пыталася: праехалі Барысаў ці яшчэ не — адчыняла людзям дзьверы, ці праспала? Нам яшчэ пашанцавала: мы спазьніліся на паўтары гадзіны, ці крыху больш — на гадзіну сорак. А людзі ў іншых цягнікох і па чатыры гадзіны чакалі. Відаць, прыбіралі дрэвы з дарогі. Таму адзінае жаданьне, вельмі ўзрослае за 52 гадзіны дарогі, — памыцца”.

Ранішні цягнік “Санкт-Пецярбург-Брэст” спазьніўся з прыбыцьцём на тры з паловай гадзіны. Максымальны час затрымкі ў дарозе, паводле беларускай чыгункі, склаў шэсьць гадзін. Усяго ў заторы трапілі каля чатырох дзясяткаў пасажырскіх і грузавых цягнікоў, а таксама электрычак.

Тым часам у прыёмнай менскага мэтрапалітэну сказалі, што спыненьня цягнікоў мэтро не было. Нягледзячы на адсутнасьць электрычнасьці ў цэнтры Менску, мэтрапалітэн працаваў ад рэзэрвовага сілкаваньня. Але на станцыі мэтро “Парк Чалюскінцаў” дзяжурная расказала, што электрычнасьць адключалася, і гэта паўплывала на працу прапускных аўтаматаў. Затое не было электрычнасьці амаль ува ўсіх падземных пераходах, і ў некаторых месцах гэта пагражала некантраляванай цісканінай.

Учорашні вечар бальшыня людзей у Менску праседзелі без сьвятла. А ў Калодзішчах пад Менскам дагэтуль няма ні сьвятла, ні вады. Пра гэта расказала жыхарка Калодзішчаў Алена.

(Алена: ) “Сьвятла няма ад учарашняга вечара. Вады таксама няма ніякай — ні гарачай, ні халоднай. Цывілізацыя папросту сышла. Засталося яшчэ адключыць газ — і будзе зусім “добра”. Вельмі шмат павырываных з карэньнем дрэваў. Таму не рызыкнула сёньня ехаць у Менск на электрычцы: ці мала што?”

Найбольш матэрыяльна пацярпелых ад учорашняй стыхіі, відавочна, сярод аўтаўладальнікаў. Згодна з папярэднімі дадзенымі, у адным толькі Менску ад паваленых дрэваў пацярпелі больш за 60 аўтамабіляў. Прычым, страховак на выпадак прыродных здарэньняў практычна ні ў кога з гаспадароў не было. Жыхарка аднаго са сталічных раёнаў, спадарыня Валянціна, расказала, што ў ейным двары вецер паваліў дзьве вялізныя таполі. Разьбіты дзьве машыны, адна — з украінскімі нумарамі.

(Валянціна: ) “Кіяўлянам яшчэ крыху пашанцавала — толькі капот пагнуўся й фару разьбіла. А другая машына ўвогуле “ўсьмятку”. А калі б дрэвы крыху паваліла наўскасяк, то якраз заляцелі б да мяне ў спальню. Галоўнае — сьмех які: цяпер працуюць на ліквідацыі наступстваў “жэсаўцы”, ніякага МНС тут няма. Дрэваў не абхопіш, а яны пілуюць іх нажоўкамі. Хоць бы “Дружбай” якой, а то сякерай сякуць, нажоўкамі дапілоўваюць. Добра яшчэ, што ня лобзікамі”.

Ёсьць зьвесткі пра непрацяглае адключэньне электрычнасьці ў 1-м, 2-м, 3-м і 6-м гарадзкіх шпіталях, інфэкцыйнай клініцы й на станцыі хуткай мэдычнай дапамогі. Дакладна вядома, што некалькі гадзін не было сьвятла ў рэабілітацыйным цэнтры ў Аксакаўшчыне пад Менскам. На пацыентах, як цьвердзяць у Міністэрстве аховы здароўя, адбытыя інцыдэнты не адбіліся.

Гл. таксама • Ад стыхіі пацярпелі каля чвэрці населеных пунктаў Беларусі (фотарэпартаж)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG