Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высылка амэрыканскага прафэсара – студэнты абураныя дзеяньнямі уладаў


Любоў Лунёва, Менск Студэнты, якія ўдзельнічалі ў праектах амэрыканскага прафэсара Тэры Бэша, лічаць, што, адмовіўшыся ад ягоных паслугаў, беларуская адукацыя шмат страціць.

Тэры Бэш вёў некалькі навуковых адукацыйных праектаў на факультэце міжнародных адносінаў і ў інстытуце бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгіяў Белдзяржунівэрсытэту. Студэнты мелі магчымасьць вывучаць міжнароднае гандлёвае права ў навукоўца, які меў багатую практыку на Захадзе. Навіна аб тым, што прафэсар мусіць пакінуць Беларусь, выклікала абурэньне ў студэнцкім асяродзьдзі.

Аляксей Пінчук сёлета скончыў БДУ па спэцыяльнасьці “міжнароднае права”. Ён быў у захапленьні ад лекцыяў Тэры Бэша. Аляксей так пракамэнтаваў Радыё Свабода ад’езд навукоўца:

(Пінчук: ) “Я лічу, што галоўным аспэктам ягонага выкладаньня было ня тое, што ён быў іншаземным навукоўцам, а тое, што ён быў на самай справе практыкам, юрыстам-міжнароднікам зь вялікім стажам. Ён мог выкладаць такія рэчы, якія ў нашай краіне ніхто й ня змог бы выкладаць. Для мяне застаецца загадкай, чаму гэты чалавек будзе дэпартаваны з нашай краіны. Мне вельмі шкада, што лепшыя і найбольш разумныя людзі пакідаюць нашу краіну”.

Рэктар Інстытуту бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгіяў БДУ Ўладзімер Апанасовіч ня ведае, чаму ўлады не падоўжылі часу знаходжаньня Тэры Бэша ў Беларусі.

(Апанасовіч: ) “У панядзелак мы дамовіліся абмеркаваць гэтую сытуацыю ва ўнівэрсытэце. З адпачынку вяртаюцца людзі, якія адказвалі за візы. Усёй сытуацыі мы ня ведаем. Справа ў тым, што ён супрацоўнічаў з намі ня доўгі час, але тыя праграмы, якія ён вёў, праходзілі вельмі няблага. Ніякіх прычынаў нам не назвалі. Статус Тэры Бэша ва ўнівэрсытэце — стажор. Ён праводзіў дасьледаваньні на факультэце міжнародных адносінаў. У нас ён прапанаваў спэцсэмінары. Вёў ангельскую мову. Мы падтрымалі яго прапанову на наступны год і былі ня супраць, каб ён заставаўся яшчэ на год”.

Валянціна Ханенка ўдзельнічала ў праектах Тэры Бэша і была яго асыстэнтам.

(Ханенка: ) “Мне абсалютна незразумела, чаму такога чалавека. Як Тэры Бэш дэпартуюць з краіны, бо ён займаўся выключна навукай і адукацыйнай дзейнасьцю. Ніякай сувязі з палітыкай у яго не было. Ён рабіў акцэнт на мэнэджмэнт, на бізнэс і ніколі не казаў ніводнага слова пра палітыку. Ніколі! Я проста ў шоку”.

Студэнтка БДУ Ганна Бараноўская дадала:

(Бараноўская: ) “Тэры Бэш вельмі добры выкладчык. Ён заўсёды паказваў як трэба працаваць. Ён працаваў сам, чытаў вельмі шмат. Даваў нам шмат матэрыялаў на ангельскай мове, каб мы вывучалі. Мы спыталі неяк: “Навошта вам гэта?” А ён адказаў нам, што яго галоўная мэта — даць нам нейкія пэўныя веды. Такіх выкладчыкаў мала”.

Прэсавы сакратар КДБ Валеры Надтачаеў адмовіўся камэнтаваць сытуацыю з ад’ездам Тэры Бэша.

Прафэсар мусіць пакінуць межы Беларусі разам зь дзьвюма сваімі дачкамі, якія прыехалі да яго на вакацыі. Прафэсару не выдалі новай візы, якая дае права знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.

Летась беларускія ўлады скасавалі візу фізыку з Кінгстанскага ўнівэрсытэту ў Лёндане Алану Флаўэрсу. Яму ў пашпарт паставілі штамп аб тым, што навуковец ня мае права перасякаць мяжу Беларусі цягам пяці гадоў. Калі дэпартацыю брытанскага прафэсара зьвязвалі зь яго грамадзкай дзейнасьцю (ён падтрымліваў незарэгістраваную моладзевую арганізацыю Міжнародны эўрапейскі парлямэнт, у складзе якой былі студэнты), то ў выпадку з Тэры Бэшам прычыны адмовы ў візе застаюцца незразумелымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG