Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На зьездзе беларусаў сьвету сабраліся прагматыкі


Валяньціна Аксак, Менск Чацьверты зьезд беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, які сёньня распачаўся ў Менску, назіральнікі ўжо ахрысьцілі зьездам прагматыкаў. Галоўнае, што вылучае ягоных дэлегатаў і гасьцей, гэта стваральны інтарэс да заяўленай тэмы “ Беларусь для дыяспары – дыяспара для Беларусі: шляхі да кансалідацыі і разьвіцьця нацыі”.

Амаль усе выступоўцы сёньня гаварылі пра канкрэтныя справы сваіх суполак ці арганізацыяў, якія яны прадстаўляюць. А таксама агучвалі новыя ідэі і праекты. Дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель прадставіў праграму стварэньня энцыкляпэдыі беларускае дыяспары, вострая неабходнасьць якое вельмі адчувальная ў сёньняшняй гістарычнай навуцы.

(Кіпель:) “Выданьне даведніка пра дасягненьні беларусаў у сьвеце. Пра жыцьцё беларусаў у сьвеце – гэта заданьне беларускае нацыі. Бо ўсё, што створана беларусамі па-за Беларусьсю, гэта частка нашае працы, якая ў Менску павінна цэнтралізавацца”.

Дэлегат зь Лёндану старшыня ангельска-беларускага таварыства Васіль Еўдакімаў распавёў пра досьвед яднаньня суайчыньнікаў праз ладжаньне супольных нацыянальных сьвятаў, на якія прыходзіць у Лёндане ўсё больш і больш беларусаў, дзякуючы непалітычнаму прынцыпу дзейнасьці таварыства.

(Еўдакімаў:) “Я мару аб тым часе, калі беларус – гэта будзе вышэй за тое, ці ты чырвоны, ці бел-чырвоны, ці зялёны, ці ты прамаскоўскі, ці ты празаходнік. Галоўнае, што ты – беларус. І калі прыходзяць да нас з зусім іншымі поглядамі, адрознымі ад нашых, прыходзьце. Мы беларусы. Гэта ваш дом. Паразмаўляйце на нашай мове, паглядзіце, што ў нас ёсьць. Можа яшчэ прыйдзеце. Вось тое, што мы імкнемся рабіць”.

Яднае суайчыньнікаў за мяжой значна больш момантаў, чым разьядноўвае. Выступоўцы зазначалі важнасьць пераемнасьці пакаленьняў у запачаткаваных даўно і паўсталых новых эміграцыйных арганізацыях, прывіцьця пачуцьцяў нацыянальнае ідэнтыфікацыі дзецям, якія нарадзіліся ў замежжы. Вось прыклад, пра які распавёў нашаму радыё віцэ-старшыня маскоўскага рэгіянальнага аб’яднаньня беларусістаў Аляксей Каўка.

(Каўка:) “Мы прыехалі сюды з Масквы і з намі прыехаў бацька з сынам, я сьвядома ня буду называць іх прозьвішчы. Сынок гэты гадоў 15 таму прыйшоў у нашую першую ў Маскве беларускую школку. Прайшоў час, выгадаваўся сын. Сёньня ён ужо студэнт нейкага ўнівэрсытэту маскоўскага і які сьвядомы, які інтэлектуальна багаты беларус… Адчыніў беларускі сайт у сеціве, праводзіць вялікую работу…”

Дэлегаты зьезду абмяркоўваюць шмат якія дакумэнты, якія зьбіраюцца прыняць, і выкананьне якіх немажлівае без стасункаў зь дзяржаўнымі ворганамі. Аднак тыя не праявілі цікавасьці да гэтага форуму суайчыньнікаў. Вось што сказала старшыня рады “Бацькаўшчыны” Алена Макоўская.

(Макоўская:) “Ёсьць прадстаўнік ад Міністэрства юстыцыі і ад камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў. Але няма тых асобаў, якіх мы запрашалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG