Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі завялі крымінальную справу супраць былога прэм’ер-міністра Міхаіла Касьянава


Сяргей Абламейка, Прага У нядзелю расейскія сродкі масавай інфармацыі са спасылкай на крыніцу ў пракуратуры паведамілі, што супраць былога прэм’ер-міністра краіны Міхаіла Касьянава заведзеная крымінальная справа па факце незаконнай прыватызацыі элітнай дачы. Сёньня гэтае паведамленьне было афіцыйна пацьверджанае.

Крымінальная справа пачатая паводле запыту ў Генэральную пракуратуру журналіста газэты “Московский комсомолец” і адначасова пракрамлёўскага дэпутата Дзяржаўнай Думы Аляксандра Хінштэйна. 24 чэрвеня Хінштэйн падаў у пракуратуру першую частку свайго запыту, а 1 ліпеня – другую, зь некаторымі дадаткамі. І ў той жа дзень, 1 ліпеня, генэральная пракуратура завяла супраць Касьянава крымінальную справу. Якраз на гэтую хуткасьць сёньня зьвяртае ўвагу большасьць назіральнікаў. Паводле камэнтароў, крымінальны перасьлед Касьянава наўпрост зьвязаны зь яго палітычнай дзейнасьцю. Як вядома, Касьянаў заявіў пра магчымасьць свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі ў 2008 годзе.

У запыце ў пракуратуру пракрамлёўскі дэпутат Хінштэйн піша пра незаконную, на яго думку, прыватызацыю двух элітных дачаў непадалёк ад Масквы, якія некалі належалі Міхаілу Суславу і Канстантыну Чарненку. Гэтыя ўчасткі прыватызавалі, нібыта, блізкія да Касьянава фірмы. Паводле Хінштэйна, сёньня прыватызаваная Касьянавым дача каштуе 30 мільёнаў даляраў.

(Хінштэйн: ) “Больш карумпаванага чым Касьянаў прэм’ер-міністра ў найноўшай гісторыі Расеі не было. Вось гэтая схільнасьць расейскай апазыцыі прымаць у свае шэрагі розных прайдзісьветаў выклікае, шчыра кажычы, адмоўную рэакцыю”.

Хінштэйн таксама заявіў, што калі пракуратура будзе аб’ектыўнай, Касьянава чакае справядлівае пакараньне.

Тым часам у камэнтарах да гэтай падзеі многія аглядальнікі сьцьвярджаюць, што крымінальны перасьлед Касьянава мае палітычныя прычыны. Вось што заявіў кіраўнік фонду “Heritage Foundation” у Маскве Яўгені Волк.

(Волк: ) “Я разглядаю артыкул Хінштэйна і тое, што пракуратура адрэагавала вельмі хутка як яўна палітычную акцыю, накіраваную на застрашэньне Касьянава, на тое, каб выключыць яго з прэзыдэнцкай гонкі на раньняй стадыі і ня даць яму стаць сур''ёзнай палітычнай фігурай”.

Сам Міхаіл Касьянаў праз сваю прэсавую сакратарку распаўсюдзіў сёньня пісьмовую заяву, у якой цалкам адкідае абвінавачаньне ў карупцыі. Ён піша, што за 25 гадоў дзяржаўнай службы ніколі не засноўваў прыватных фірмаў і не аддаваў незаконных загадаў.

Дадамо, што прэсавая сакратарка Касьянава сёньня паведаміла, што яе шэф знаходзіцца ў двухтыднёвым замежным адпачынку, аднак плянуе вярнуцца ў Расеі і прыступіць да працы 25 ліпеня, і што Касьянаў па-ранейшаму лічыць палітычны курс, які праводзіць сёньняшняе кіраўніцтва краіны, памылковым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG