Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнік міліцыі ўдарыў жонку Зьмітра Завадзкага ў твар (фота)


Ганна Соусь, Менск Сёньня ў Менску супрацоўнікі АМАПу разагналі акцыю “Ланцуг неабыякавых людзей”, прымеркаваную да пятай гадавіны зьнікненьня тэлеапэратара ОРТ Зьмітра Завадзскага. Пад час разгону адзін з супрацоўнікаў АМАПу ўдарыў у твар жонку Завадзкага – Сьвятлану.

Каля 30 ўдзельнікаў “Ланцугу неабыякавых людзей” прастаялі з партрэтамі Зьмітра Завадзскага і Веранікі Чаркасавай на Кастрычніцкім пляцы толькі некалькі хвілінаў. Некалькі дзесяткаў амонаўцаў адразу пачалі выціскаць людзей з пляцу.

(Спадарыня: ) “Куды вы нас гоніце, хлопцы?”

(Спадарыня: ) “Не чапайце мяне.”

(Спадар: ) “Гэта сапраўдны бандытызм”.

Калі адбываўся разгон акцыі, на ўвесь пляц гучалі навіны тэлеканала ОНТ.

Адзін з амапаўцаў ударыў у твар Сьвятлану Завадзкую і зьмяў партрэт яе мужа Зьмітра Завадзскага.

(Завадзкая: ) “Фашысты! Вы толькі ўмееце забіваць людзей, а не абараняць… Я не магу стаяць з партрэтам свайго мужа. У мяне няма нават такой магчымасьці ў гэтай краіне.”

Гаворыць прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Уладзімер Дзюба.

(Дзюба: ) “Гэта дзікунства, тое, што адбылося. Адзін з амапаўцаў ударыў у твар жонку Дзімы Завадзкага. Гэта вельмі брыдка і нізка. Так не павінны рабіць людзі, якія мусяць абараняць грамадзкі спакой і грамадзянскія правы. Усё наадварот, атрымоўваецца”.

Супрацоўнікі АМАПу прымусілі ўдзельнікаў акцыі дайсьці да Траецкага прадмесьця. У той жа час каля дзесяці чалавек заставаліся стаяць на Кастрычніцкай плошчы. Сярод іх Анатоль Лябедзька.

(Лябедзька: ) “Што адбывалася… Спрабавалі ўсіх накіраваць адтуль. Я ня ведаю, чаму гэтае месца? Відаць, Аляксандру Рыгоравічу не падабаецца, калі на Кастрычніцкім пляцы ёсьць іншая думка і людзі, якія ня хочуць глядзець вачыма Аляксандра Рыгоравіча. Тое, што адбываецца, гэта палітычная шызафрэнія”.

Сярод тых, хто браў удзел у “Ланцугу неабыякавых людзей”, прымеркаваным да пятай гадавіны зьнікненьня Зьмітра Завадзскага – ягоныя калегі-журналісты, сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі БНФ, Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, Андрэй Клімаў, Валер Шчукін ды іншыя апазыцыйныя актывісты.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG