Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць ў Ратамцы пра вяртаньне ў грамадзкае жыцьцё імя Сталіна?


Ігар Карней, Менск Каб пачуць адказ на пытаньне тыдня (на гэтым тыдні — “Як вы ставіцеся да вяртаньня імя Сталіна ў грамадзкае жыцьцё?”), наш карэспандэнт выправіўся ў Ратамку пад Менскам.

І вось што казалі насельнікі Ратамкі.

(Гандлярка крамы: ) “Як стаўлюся? Вядома, што адмоўна. Бо адбываецца зусім не шараговая і не бяскрыўдная падзея — вяртаецца імені Сталіна ў штодзённае жыцьцё. І ўсё гэта пачалося неяк разам — і “лінію Сталіна” адкрылі, і партрэты Сталіна на нядаўнім шэсьці да дня Незалежнасьці несьлі. Гэта ўсё вельмі сумна, бо вядома, колькі крыві на гэтым чалавеку. І, тым ня меней, адбываецца вось такая паўсюдная яго рэанімацыя”.

(Спадар: ) “Цяпер ужо дагаварыліся да таго, што ў 1930-я гады ва Ўкраіне генацыд быў. Які генацыд? Мой бацька ўсё гэта бачыў: так, быў голад, але маштабы яго перабольшаныя тэндэнцыйна”.

(Спадар: ) “Гэта частка нашай гісторыі, я маю на ўвазе колісь адзіную краіну — Савецкі Саюз. Таму ніхто Сталіна нам не навязвае. Гэта само сабой адбываецца”.

(Школьніца: ) “Я ня думаю, што вяртаць у нашае жыцьцё імя Сталіна гэтак неабходна. Бо, як расказвалі нам у школе, на сумленьні Сталіна шмат ахвяраў, і ўжо адно гэта даказвае, што вяртаць гэтае імя ня трэба. Але, зрэшты, я не зьдзіўлюся, калі неўзабаве ў школе мы пачнем вывучаць тое, што рабіў Сталін і, магчыма, гэта нават будзе падавацца як прыклад для перайманьня”.

Днямі за 10 кілямэтраў ад Ратамкі з помпай адкрыўся мэмарыял пад гучнай назвай “лінія Сталіна”. На прэзэнтацыю гістарычна-культурнага комплексу быў запрошаны вэтэран вайны Барыс Забельскі, які сядзеў на адной трыбуне з Аляксандрам Лукашэнкам. Кажа, што некалькі апошніх гадоў вэтэраны як ніколі раней запатрабаваныя для розных шэсьцяў і парадаў. Праўда, Забельскі хоць і ваяваў, але пра існаваньне “лініі Сталіна” даведаўся толькі летась.

(Забельскі: ) “Пры канцы мінулага году пачаліся размовы пра гэтую “лінію Сталіна” на старой польскай мяжы — я маю на ўвазе ў нас тут, у Беларусі”.

(Карэспандэнт: ) “Але, на ваш погляд, ці трэба было аднаўляць гэтую “лінію Сталіна”?”

(Забельскі: ) “Мы адыходзім з гэтага сьвету, і адыходзім вельмі хутка. Таму для маладога пакаленьня, для яго патрыятычнага выхаваньня гэта, канечне, адыграе вялікую ролю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG