ЖЭНЭВА. Агенцтва ААН у справах уцекачоў выказала глыбокую занепакоенасьць з нагоды арышту узбэцкага праваабаронцы ў Казахстане, куды ён уцёк каб пазьбегнуць затрыманьня ва ўласнай краіне.
Прадстаўнік Высокага Камісара ААН у справе ўцекачоў Рон Рэдманд заявіў, што Лутфула Шамсудзінаў і шасьцёра ягоных сямейнікаў 24 чэрвеня, празь месяц пасьля выезду з Узбэкістану, прызнаныя ААН ўцекачамі.
Рэдманд сказаў, што казахскія ўлады не павінны выконваць запыт узбэцкіх уладаў аб экстрадыцыі Шамсудзінава, бо паводле Жэнэўскай канвэнцыі 1951 году забараняецца сілай выдаляць уцекачоў у краіны іхнага паходжаньня.