Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мой тата ваяваў і перамог не за такое жыцьцё для сваіх дзяцей”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”

Трэцяга ліпеня ў Беларусі шмат згадваюць пра вайну. На ўрачыстых сходах і мітынгах гучаць агульныя словы пра подзьвіг, самаахвярнасьць і патрыятызм. А ў сямейным і сяброўскім коле людзі часта ўспамінаюць пра іншую вайну — пра жыцьцё і сьмерць сваіх блізкіх, пра няпраўду і крывадушнасьць, голад і галечу. І ўспаміны гэтыя гучаць дысанансам з агульным пераможна-патэтычным тонам.

Наша слухачка Сафія Табола зь вёскі Заазерцы Шаркоўшчынскага раёну разважае пра цану перамогі ў другой усясьветнай вайне. Яна піша:

“Афіцыйная прапаганда любіць паўтараць, што найбольшы ўклад у перамогу над фашызмам унесьлі народы былога СССР. А я часта думаю: чым вымяраецца гэты ўклад? Колькасьцю ахвяраў? Памерам тэрыторыі, якую спачатку пакінулі ворагу, а потым вызвалялі? Колькасьцю палонных? Колькасьцю спаленых разам зь людзьмі вёсак? Колькасьцю штрафных батальёнаў і “заградатрадаў”, якія расстрэльвалі сваіх? Калі так, то, сапраўды, наш уклад у тую перамогу найбольшы. А што, калі той уклад вымяраць колькасьцю зьберажоных жыцьцяў? Каб найбольшым гонарам была найменшая колькасьць ахвяраў. Бо я ня ведаю, ці варта было забіваць аднаго нямецкага салдата, каб потым фашысты спалілі цэлую вёску? Ці трэба было салдата, які цудам уцёк з палону, кідаць у свой сібірскі лягер сьмерці? Ці можна апраўдаць ахвяры, якія нёс цэлы народ, калі яго аб’яўлялі здраднікам (як чачэнцаў ці крымскіх татар), і вывозілі на сьмерць у казахстанскія стэпы зімой?

Я магу зразумець, калі салдат забівае ворага, абараняючы Радзіму. Але ніяк не магу дацяміць, навошта, адступаючы, паліць стагі скошанага хлеба, ведаючы, што старыя, жанчыны і дзеці застануцца паміраць ад голаду? Тата расказваў мне, што так было пад Магілёвам у 1941-м. Ён сам быў сьведкам, як, адступаючы, загадалі падпаліць ужо скошаную пшаніцу”.

У сваім лісьце Сафія Табола зь вёскі Заазерцы Шаркоўшчынскага раёну апісвае гісторыю свайго бацькі Міхаіла Венядзіктавіча Сякацкага, які прайшоў усю вайну, быў тройчы паранены, перажыў ленінградзкую блякаду. А дажываў свае дні ў галечы. Чаму так атрымалася? Сафія Табола згадвае пра тое, як улада ставілася да франтавікоў адразу пасьля вайны. Яна піша:

“Дваццаць пяць пасьляваенных гадоў тата пражыў у галечы, бо працоўная пэнсія складала спачатку 12, пазьней — 20, 28 і, нарэшце, 43 рублі (крыху ўзрастала з гадамі, але што гэта былі за грошы). Стажу не было, працаваць ня мог — задыхаўся, кашляў крывёй. А даказаць, што інваліднасьць зьвязана з раненьнямі, ня мог. Рэнтгенаўскі здымак паказваў у лёгкіх асколкі. А дактары казалі: “Пасьля вайны ты працаваў яшчэ дзевяць гадоў. Значыць, ты інвалід працы. Бо, каб страціў здароўе на фронце, дык тады ж аформіў бы і групу інваліднасьці”.

Успаміналі пра тату раз на год, 9 траўня. Апошнія гады нават падарункі ўручалі. 25-годзьдзе перамогі тата сустрэў у бальніцы, і яму перадалі кашулю, юбілейны мэдаль і грамату. А восеньню яго ня стала. І так званай “сьветлай будучыні”, за якую змагаўся, тата так і ня ўбачыў. І калі ёсьць што на тым сьвеце, то, думаю, ён ня раз у труне перавярнуўся, калі ўбачыў, як жывуць яго дзеці, унукі і маленькая праўнучка. Я дакладна ведаю, што мой тата ваяваў і перамог не за такое жыцьцё для сваіх дзяцей”.

Сапраўды, больш за 95% тых, чыімі крывёю і потам дасягнутая тая перамога, ужо няма сярод жывых. Гэта цяпер тым нямногім вэтэранам, якія яшчэ засталіся на гэтым сьвеце, дастаюцца і параўнальна высокія пэнсіі, і бясплатныя кватэры, і машыны, і многія іншыя прывілеі. Людзей гэтых так мала, што для бюджэту гэта невялікія выдаткі. А як дажывалі свой век тыя ўдзельнікі мінулай вайны, што адыходзілі ў 1950-я, 1960-я, 1970-я? Многія гэтак жа, як ваш, спадарыня Табола, бацька — не дачакаліся нават прыстойнай пэнсіі, не кажучы ўжо пра іншае. Найлепшай памяцьцю пра іх маглі б быць клопат і ўвага да іх дзяцей і ўнукаў. Але гэта для дзяржавы — надта дорага. Куды таньней агульныя словы пра “неўміручы подзьвіг”, пампэзныя парады, гучныя салюты ды дзяжурныя кветкі ля безыменных абэліскаў.

Ліст ад Сяржука Буравога з расейскага гораду Старадубу Бранскай вобласьці. Слухач піша:

“За што электарату падабаецца Лукашэнка, у чым яго, так бы мовіць, “канёк”? Гэта — эканоміка і псэўдаінтэграцыя. Ён адчыніў мяжу з Расеяй, а заробкі пры ім адносна расейскіх заробкаў узрасьлі з 24% у 1994 годзе да 73% напрыканцы 2004-га. Вырасьлі яны і адносна сярэдніх заробкаў ва Ўкраіне і Казахстане. А ў чым таямніца посьпеху Юшчанкі? Думаеце, у тым, што ён паабяцаў эўраінтэграцыю, павелічэньне пэнсіяў ды заробкаў, а таксама знайсьці забойцаў журналіста Гангадзэ? Гэта наіўная ідэалягізаваная думка. Насамрэч таямніца ў слабасьці суперніка. Былы “зэк” Януковіч стаўся для жыхароў цэнтральнай Украіны ды іншага памяркоўнага электарату больш непрымальнай фігурай, чым заходнік Юшчанка.

Напрыканцы лета — пачатку восені ва Ўкраіне праводзілі апытаньне: з кім інтэгравацца? З Расеяй — адказалі каля 50%; з Захадам — каля 30%. Колькасьць праціўнікаў уступленьня Ўкраіны ў НАТО ўвосень 2004 году яшчэ больш павялічылася. Такім чынам, Кучма без асаблівых праблемаў перамог бы Юшчанку, калі б пайшоў на трэці тэрмін. Сталіністы ня стануць дэмакратамі, злодзеі — праведнікамі, а камуністы — рыначнікамі. Павагу да правоў асобы, а не да дзяржавы і яе інтарэсаў, імкненьне да сапраўднай, а не да фармальнай справядлівасьці немагчыма прывіць, асабліва калі іх няма наагул. Павінны вырасьці новыя людзі, а гэта працэс няхуткі. Думаю, Юшчанка ня здолеў бы перамагчы ў Беларусі як мінімум да 2020 году. Як і ў Харкаве, дарэчы”.

Ці няма ў вашых, спадар Буравы, высновах супярэчнасьці? Згадайце: Віктар Януковіч лічыўся афіцыйным пераемнікам Леаніда Кучмы. Ён цалкам падзяляў ягоную эканамічную і палітычную праграму, на падтрымку Януковіча быў кінуты ўвесь так званы “адміністрацыйны рэсурс”. За Януковіча галасаваў менавіта электарат Кучмы. І крымінальнае мінулае пераемніка наўрад ці мела вырашальнае значэньне. Украінцы галасавалі (і потым пратэставалі на Майдане) за сваю будучыню, якую самая палітычна актыўная і дынамічная частка ўкраінскага грамадзтва бачыць зусім не ў вяртаньні да аўтарытарызму і не ў васальскіх адносінах з Расеяй.

І наўрад ці вы, спадар Буравы, маеце рацыю, калі сьцьвярджаеце, што беларусы галасавалі б за Юшчанку інакш, чым украінцы. Два гэтыя народы этнічна і гістарычна вельмі блізкія, стагодзьдзямі жылі ў адной дзяржаве, сутыкаліся з падобнымі эканамічнымі і духоўнымі праблемамі, аднолькава цярпелі ад нацыянальнай дыскрымінацыі. І ўсё гэта не магло бясьсьледна зьнікнуць за паўтара дзесяцігодзьдзя пасьля распаду Савецкага Саюзу.

На заканчэньне ліст ад Мікалая Пуцейкі з Магілёва. Слухач піша:

“Амаль усе мае суседзі — беспрацоўныя. Адзін вымушаны быў звольніцца зь “ляжачага” заводу, на якім па паўгоду не плацілі мізэрных заробкаў. Другі кінуў працу ў школе, бо ня мог за сьціплую настаўніцкую зарплату пракарміць вялікую сям’ю. Трэцяга скарацілі з навукова-дасьледчага інстытуту. І ў той жа час амаль штодня я чую і бачу, як улада хваліцца, што ў Беларусі амаль няма беспрацоўя. Статыстыка падае, што беспрацоўных — 1,5%. А вось у Нямеччыне ажно 10%. І там, маўляў, людзі гаруюць. Але ж гэта хлусьня. Адкуль яны бяруць гэтыя лічбы?

Я часта ежджу ў вёску ў Касьцюковіцкі раён. Бяз працы там кожны другі. Ісьці ў калгас за сорак тысяч рублёў ня хочуць, гэта мізэрныя грошы. А на ўлік у службе занятасьці іх ня ставяць. Кажуць: “Вы не беспрацоўныя, ідзеце ў калгас: такім, як вы, дапамогу па беспрацоўі плаціць ня можам”.

Вы сам, спадар Пуцейка, апісалі мэханізм таго, як ствараецца гэткая нібыта суцяшальная статыстыка адносна беспрацоўя. Адно што, ня ставяць на ўлік тых, хто ня хоча працаваць на нізкааплатных месцах. А другое, дапамогі па беспрацоўи ў Беларусі настолькі мізэрныя, а іхнае атрыманьне абстаўлена такімі складанымі бюракратычнымі працэдурамі (а яшчэ і абавязковымі прыніжальнымі грамадзкімі работамі), што многія людзі, страціўшы працу, не становяцца на афіцыйны ўлік. Самастойна шукаюць спосабащ выжываньня: выяжджаюць на заробкі за мяжу, займаюцца нелегальнай альбо паўлегальнай дзейнасьцю — дробным гандлем, рамёствамі, транспартнымі паслугамі.

Рэальнае беспрацоўе ў Беларусі, як сьцьвярджаюць многія адмыслоўцы, прынамсі ў некалькі разоў вышэй за той нізкі ўзровень, які абвяшчаецца афіцыйна. Але дакладная лічба невядомая. Вызначыць яе даволі проста, калі выкарыстаць тыя мэтодыкі, якімі карыстаюцца ў заходніх краінах. Але ў Беларусі такога жаданьня не выяўляюць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG