Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз 60 гадоў сьвет пачуў сьведку трагедыі ў Нагасакі


Юрась Бушлякоў, Прага 6 верасьня 1945-га амэрыканец Джордж Вэлер стаў першым замежным журналістам, які ўбачыў японскі горад Нагасакі пасьля яго спусташэньня амэрыканскай ядзернай бомбаю. Праігнараваўшы забарону амэрыканскага камандаваньня й прабраўшыся ў Нагасакі, Вэлер падрыхтаваў там чатыры рэпартажы для газэты “Chicago Daily News”. Тыя рэпартажы не былі апублікаваныя – друк забараніла амэрыканская вайсковая цэнзура. Пасьля сьмерці Вэлера, амаль праз 60 гадоў пасьля трагедыі ў Нагасакі, копіі гістарычных сьведчаньняў адшукаў сын журналіста Энтані. Нядаўна рэпартажы Джорджа Вэлера апублікавала японская газэта “Mainichi Shinbun”.

Кар’ера Джорджа Вэлера, выдатнага рэпартэра датэлевізійнай пары, доўжылася шэсьць дзесяцігодзьдзяў. У 1942-м яго ўгаранаравалі Пулітцэраўскай прэміяй. Сярод тых, у каго Вэлер браў інтэрвію, амэрыканскі філёзаф Сантаяна, францускі генэрал дэ Голь, прэзыдэнт ЗША Кенэдзі, імпэратар Этыёпіі Сэлясіе, расейскі пісьменьнік Горкі. За доўгае журналісцкае жыцьцё Вэлер ня раз бываў пад арыштам – у руках гестапа, кітайскіх камуністаў, уладаў паваеннай сацыялістычнай Нямеччыны.

У 1945-м, прабраўшыся ў Нагасакі праз чатыры тыдні пасьля ядзернага выбуху, Вэлер ня змог апублікаваць сваіх сьведчаньняў. У 1990 годзе ў інтэрвію швэдзкай журналістцы ён казаў, што прычынаю няўдачы, апрача яго ўласнай страшэннай упартасьці, быў ачольнік саюзьніцкіх войскаў генэрал Даглас Макартур.

(Вэлер: ) “Макартур не хацеў, каб нехта ехаў у Нагасакі, бо гэта прывяло б да зьяўленьня поўных спачуваньня матэрыялаў пра тое, што здарылася зь людзьмі. Я хацеў мець гэтыя аповеды”.

Пасьля капітуляцыі Японіі 2 верасьня 1945-га Макартур параіў журналістам абмінаць паўднёвую Японію. Але Вэлер рабіў сваё. Ён выправіўся ў арганізаваную вайскоўцамі паездку на пакінутую базу камікадзэ, разьмешчаную на астраўку паблізу паўднёваяпонскага берагу. І ўжо адтуль маторкаю поначы Вэлер дабраўся да таго берагу, а тады й да Нагасакі.

Ён напісаў сотні радкоў, засьведчыўшы наступствы радыяцыйнага апраменьваньня людзей. Пазьней, дзесяцігодзьдзямі, ён спрабаваў тлумачыць, чаму такі надумаў слаць рэпартажы праз пасыльных у Токіё – у рукі цэнзараў Макартура, якія не пакінулі ні радка.

За жыцьця сам Вэлер думаў, што згубіў нават копіі тых рэпартажаў, што па іх не засталося й сьледу. Копіі па сьмерці журналіста знайшоў ягоны сын Энтані – знайшоў у адной з валізак на Вэлеравай віле паблізу Рыму. У чатырох рэпартажах, якія гэтым тыднем апублікавала японская газэта “Mainichi Shinbun”, – эвалюцыя стаўленьня Вэлера да ядзернай зброі: ад апраўданьня бомбавай атакі да глыбокай заклапочанасьці ў сувязі з наступствамі бамбаваньня.

(Фрагмэнты з рэпартажаў: ) “Я першы амэрыканец, якому ўдалося пранікнуць у Нагасакі. Гід, што суправаджае мяне, цудоўна пра гэта ведае, і ўвесь час глядзіць на мяне, нібы пытаючыся: “Што ты пра гэта думаеш?”

Хвароба, выкліканая выбухам бомбы, ня лечыцца, дыягназ незразумелы, яна працягвае забіраць чалавечыя жыцьці. Мужчыны й жанчыны, дзеці, у якіх няма заўважных прыкмет хваробы, паміраюць кожны дзень. Некаторыя зь іх па некалькі тыдняў знаходзіліся ў прымесьці, каб пазбавіцца наступстваў выбуху. Дактары маюць сучасныя лекі, але шчыра прызнаюцца, што ня могуць даць рады ў такой сытуацыі”.

У інтэрвію швэдзкай журналістцы Бэртыль Вэдын у 1990-м Вэлер прыгадваў, як дактары ў Нагасакі адкрывалі пасьля выбуху, што радыяцыя зьнішчае ў людзей трамбацыты, якія забясьпечваюць згусаньне крыві. Людзі масава паміралі, трацячы кроў – даволі было ўсяго толькі пракалоць палец.

(Вэлер: ) “Асноўнае, што я хацеў паказаць, – гэта тое, што наступствам бомбавай атакі быў не агонь, не згараньне людзкіх целаў, апрача, вядома, тых выпадкаў, калі людзі мелі няшчасьце апынуцца там, дзе бомба ўпала. Наступствам была гібель трамбацытаў. Гэта вяло да павольнай сьмерці. Людзі – там, дзе быў я, першы пасьля выбуху рэпартэр у Нагасакі, – працягвалі паміраць. Яны сядзелі кружкамі, з усімі сваімі сямейнікамі вакол, і сямейнікі да апошняга заставаліся верныя тым, хто паміраў, спрабавалі суцешыць у тыя апошнія гадзіны”.

Галоўнай прычынаю таго, што рэпартажы з Нагасакі ня ўбачылі сьвету, сам Вэлер лічыў нежаданьне Макартура дзяліць ляўры пераможца вайны з вучонымі, што вынайшлі ядзерную бомбу.

Грэг Мітчэл, аўтар дасьледаваньня “Хірасіма ў Амэрыцы”, бачыць значна глыбейшыя прычыны. У сваёй кнізе ён піша пра афіцыйнае замоўчваньне ў ЗША факту й клапатлівых наступстваў выкарыстаньня атамнай бомбы. На думку Мітчэла, такое замоўчваньне было патрэбнае амэрыканскім уладам у той час, як яны пачыналі рэалізацыю шырокамаштабнай праграмы разьвіцьця ядзернай зброі:

(Мітчэл: ) “Гісторыя Джорджа Вэлера – адна зь вялікіх загадак, адзін з найбольш абуральных прыкладаў. Вядома, у ядзерны час гэта выключна важная гісторыя. Вельмі ўражвае, што праз 60 гадоў у друку нарэшце зьявіліся сьведчаньні пра тое, што здарылася там”.
XS
SM
MD
LG