Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 чэрвеня нарадзіўся Зыгмунт Абрамовіч


RFE/RL Каляндар Свабоды – 24 і 25 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 24 і 25 чэрвеня.

Сёньня ў Беларусі – Купальле, вялікае традыцыйнае сьвята, якім адзначаецца дзень летняга сонцастаяньня, а ў царкве – дзень нараджэньня Яна Хрысьціцеля.

24 чэрвеня ў 1989 годзе адбыўся першы зьезд Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. Менскія ўлады адмовіліся даць для зьезду памяшканьне і сотні фронтаўцаў атрымалі запрашэньне зь Вільні, ад літоўскага руху “Саюдзіс”. Першы зьезд пачаўся ў Віленскім палацы прафсаюзаў на ТУравай гары і цягнуўся два дні.

24 чэрвеня – дзень нараджэньня славутага польскага мастака Яна Матэйкі. Матэйка прыйшоў на сьвет і ўсё жыцьцё пражыў у Кракаве, аднак многія ягоныя творы прысьвечаныя гісторыі нашага краю і ягоных людзей. "Сьцяпан Батура пад Псковам", «Хрышчэньне Літвы», «Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл у палацы Радзівілаў у Вільні». Самае знакамітае палатно Яна Матэйкі – “Грунвальдзкая бітва” мае памер ажно 50 квадратных мэтраў.

Сёньня адзначае свае народзіны міжнародны грасмайстар Барыс Гельфанд. Мянчук Гальфанд стаў адным з найбольш яркіх прадстаўнікоў сучаснага шахматнага сьвету.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

25 чэрвеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваўся Нупрэй. Зь ягоным імем у народным календары зьвязвалі час пасьпяваньня суніц. А яшчэ ў гэты дзень сеялі грэчку, пра што сьведчыць прыказка: “Хто на Нупрэя пасее грэч, той будзе бліны печ”.

25 чэрвеня 1892 году нарадзіўся Зыгмунт Абрамовіч, які стане адным зь вядучых актораў Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Гэта быў унікальны вандроўны тэатар, які напачатку мінулага стагодзьдзя перасоўваўся па гарадох ды мястэчках са спэктаклямі, танцамі, песьнямі й дэклямаваньнем вершаў. У 1919 годзе Зыгмунт Абрамовіч пераехаў у Польшчу, таму, магчыма, рэпрэсіі супраць беларускіх адраджэнцаў яго абмінулі і дажыў ён амаль да ста гадоў.

Сёньня таксама – дзень нараджэньня Джорджа Оруэла, ангельскага пісьменьніка, чыя папулярнасьць у Беларусі прыпала на гады перабудовы. Ягоныя антыўтопіі “1984-ты” і “Фэрма” выйшлі па-беларуску напачатку 90-х гадоў.

Яшчэ адно імя сусьветнае культуры, якое ў нас стала шырака вядомае толькі пасьля перабудовы – Антоніа Гаўдзі, архітэктар з Барсэлёны, які прыдумаў свой стыль у дойлідзтве. Найбольш вядомы ягоны твор – сабор Саграда фамілія – працягвае будавацца і сёньня. Антоніа Гаўдзі нарадзіўся 25 чэрвеня 1852 году.
XS
SM
MD
LG