Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі адмовіліся ўзяць на працу актывістку моладзевага руху “Лімон”


Казімер Яноўскі, Гомель Гомельскі гарадзкі аддзел адукацыі адмовіўся прыняць на працу выпускніцу ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны, актывістку незарэгістраванага моладзевага руху “Лімон” Юлію Сівец.

Вясною, калі адбывалася афіцыйнае разьмеркаваньне выпускнікоў філфаку, гарадзкі аддзел адукацыі даслаў ва ўнівэрсытэт пэрсанальную замову на філёляга Юлію Сівец. Аднак на днях аддзел адукацыі адклікаў сваю замову. Гаворыць прарэктар унівэрсытэту імя Францішка Скарыны Сяргей Ханеня:

(Ханеня: ) “Мы атрымалі дакумэнт: гарадзкі аддзел адукацыі інфармуе, што ня можа ўладкаваць Юлію Сівец. Мы абавязаныя даць ёй іншае месца працы”.

Загадчык аддзелу адукацыі гарвыканкаму Анатоль Шэвель адмаўляе сувязь паміж грамадзкай дзейнасьцю выпускніцы Сівец і ўладкаваньнем на працу ў гарадзкой школе.

(Шэвель: ) “Калі б я ведаў грамадзкую дзейнасьць Сівец, то ведаў. Справа ў тым, што разьмеркаваньне выпускнікоў праходзіць да камплектацыі школаў. Камплектацыя адбываецца ў траўні — пачатку чэрвеня. Калі мы правялі камплектацыю і паглядзелі, якія ёсьць вакансіі, то вакансіяў не аказалася. Таму мы і адклікалі з унівэрсытэту сваю заяву”, — так патлумачыў прычыну адмовы ва ўладкаваньні на працу Юлі Сівец загадчык гарадзкога аддзелу адукацыі спадар Шэвель.

Сама выпускніца ўнівэрсытэту не зьдзіўляецца падобным тлумачэньням:

(Сівец: ) “А што яны яшчэ могуць сказаць?! Ня будуць жа яны адкрыта гаварыць, што гэта за маю грамадзка-палітычную дзейнасьць. Сёньня я сустрэла сваю аднапаточніцу, яе таксама забраў гарадзкі аддзел адукацыі, але ў дачыненьні яе такая папера пра пераразьмеркаваньне не прыйшла. Прыйшла толькі на мяне асабіста з усяго філфаку. Канечне, яны знойдуць нейкую афіцыйную прычыну, каб мяне пераразьмеркаваць у глухое месца. Так робіцца паўсюдна, і ня толькі ў зьвязку з разьмеркаваньнем. Тое ж самае робіцца і з выключэньнямі з унівэрсытэтаў. Ніхто ня кажа, што за грамадзка-палітычную дзейнасьць. Выключаюць, напрыклад, за тое, што не пасьпеў здаць іспыты ці яшчэ за нешта такое іншае”.

Будучы студэнткаю, Юлія сапраўды актыўна ўдзельнічала ў розных грамадзка-палітычных акцыях незарэгістраванага моладзевага руху “Лімон”. Яе неаднаразова затрымлівала міліцыя за раздачу ўлётак. Падчас леташняй выбарчай кампаніі ў парлямэнт Юлія была даверанай асобаю кандыдата ў дэпутаты ад кааліцыі “Пяцёрка плюс”, пісала нават заяву ў рэктарат з просьбаю дазволіць на час выбараў вольнае наведваньне заняткаў. Калі ёй адмовілі, напісала на ўнівэрсытэт скаргу ў пракуратуру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG