Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сваю палітычную дзейнасьць беларуская апазыцыя ператварыла ў крыніцу заробкаў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Адна з асноўных тэмаў многіх лістоў на “Свабоду” — прэзыдэнцкія выбары, што маюць адбыцца ў Беларусі ў 2006 годзе. Ці здолее дэмакратычная апазыцыя вылучыць са свайго асяродзьдзя кандыдата, здольнага перамагчы на гэтых выбарах? Які лёс чакае Беларусь, калі дэмакратычныя зьмены ў краіне не адбудуцца?

Наш слухач Алесь Марціновіч з Баранавічаў, як і ў многіх сваіх папярэдніх лістах, у новым допісе выказвае крытычны погляд на магчымасьці ды пэрспэктывы беларускай апазыцыі. Ён піша:

“Усім, нават апалітычнаму беларускаму абываталю, відаць: беларуская апазыцыя ўсё больш маргіналізуецца на самы край грамадзтва. Сваю палітычную дзейнасьць яна ператварыла ў банальную крыніцу заробкаў. Вядома, гэта зусім не алігархічныя даходы, але ўсё ж нядрэнныя і надзейныя. Гісторыя была трагедыяй у асобе Валэнсы і “Салідарнасьці”, а паўтараецца фарсам з Пазьняком і КХП-БНФ. Праўда, ёсьць і іншыя, так бы мовіць, “вандроўныя ў цемры” — Баршчэўскі, Трусаў, Бураўкін. Наіўныя яны са сваімі асьветніцкімі ідэямі. Давайце, маўляў, чытаць пад коўдрай Быкава, Караткевіча, Геніюш і рыхтаваць сябе і сваіх дзяцей у нейкі момант прачнуцца і стаць у адну хвіліну гэткай Швайцарыяй на менскіх пагорках. Тэорыя эвангелічнай сэктанцкай групаўшчыны і маральнай зьмены сьвету празь сябе. Доля ісьціны тут ёсьць, але ня ў выпадку прымяненьня да беларускай анамаліі.

Усё ў беларускай апазыцыі тухлае, нікчэмнае, старое. Таму і ня пойдзе прадбачлівы Казулін у правадыры ўсяго гэтага балагану ад Лябедзькі да Вячоркі (хіба што на старасьць захоча падзарабіць). …На вачах скурчылася, блякне і распадаецца харызматычная ніша суперніка Лукашэнкі на выбарах восені 2006 году”.

Апазыцыя ў Беларусі, спадар Марціновіч, такая, якую на гэты момант здольнае вылучыць са свайго асяродзьдзя беларускае грамадзтва і якой дазваляе ёй быць жорсткая аўтарытарная ўлада. У парлямэнце апазыцыйных фракцыяў, як вядома, няма; на тэлебачаньне лідэрам апазыцыі доступ закрыты; атрымаць афіцыйны дазвол на мітынгі і шэсьці ў цэнтры гораду амаль нерэальна; колькасьць недзяржаўных палітычных газэтаў набліжаецца да нуля… Гэта сёньняшнія рэаліі, у якіх дзейнічае дэмакратычная апазыцыя і якія абумоўліваюць яе становішча, якое вы, спадар Марціновіч, называеце маргінальным (хоць наўрад ці гэта справядліва).

У сваім лісьце вы паўтараеце папулярную сярод афіцыйных прапагандыстаў тэзу — пра тое, што лідэры апазыцыі, маўляў, “ператварылі сваю дзейнасьць у крыніцу ўласных заробкаў”. Вядома, нельга выключаць, што хтосьці зь людзей, якія прыйшлі ў апазыцыю (а доступ туды не закрыты нікому) мае на мэце карысьлівыя ўласныя мэты. Але нешта не відаць сярод апазыцыйных лідэраў Беразоўскіх ды Абрамовічаў. Жывуць пераважна ў такіх жа, як і ўсе, савецкіх кватэрах, езьдзяць на ўжываных машынах, купленых на рынку ў Малінаўцы… Да таго ж, спадар Марціновіч, варта мець на ўвазе, што дапамога заходніх фондаў жорстка кантралюецца.

Тэма здольнасьцяў і магчымасьцяў дэмакратычнай апазыцыі закранаецца і ў кароткім лісьце Васіля Мароза зь Бешанковічаў. Ён піша:

“Увесь час чую па “Свабодзе”, як апазыцыянэры скардзяцца: там іх пабілі, туды не пусьцілі, адтуль выключылі, сюды не дазваляюць ісьці… А яны што хацелі — каб ім улада на талерачцы ўсё паднесла? Уладу так проста ніхто не аддае. За яе змагаюцца. Так было паўсюль, дзе адбыліся дэмакратычныя зьмены, і ў Польшчы, і ў Чэхіі, і ў Літве, і ва Ўкраіне. Колькі дзён стаялі на Майдане ў Кіеве сотні тысяч украінцаў дзеля таго, каб прымусіць уладу лічыцца са сваёй воляй? Вось да гэтага павінна быць гатова і беларуская апазыцыя. Зможа яна вывесьці на вуліцы Менску паўмільёна сваіх прыхільнікаў? Павераць ёй людзі? Пераканае яна народ у тым, што праўда — на яе баку? Тады і прыйдзе да ўлады. Але для гэтага трэба мець сілы, талент і вялікія арганізатарскія здольнасьці. А калі ты слабы і нямоглы, дык і няма чаго сунуцца ў гэту бойку: сядзі на печы ды грызі сухары”.

Палітычная барацьба, сапраўды рэч жорсткая, вымагае мужнасьці, а часам і самаахвярнасьці. І размова, спадар Мароз, ідзе не пра тое, каб апазыцыя мела нейкія цяплічныя ўмовы, альбо што яна чакае нейкіх прывілеяў ад улады. Праблема ў тым, ці існуюць і ці выконваюцца ў Беларусі правы грамадзянаў на палітычныя погляды, на справядлівыя выбары ўлады, на масавыя дэманстрацыі? Паводле Канстытуцыі, правы такія нібыта гарантаваны. Але рэаліі часта сьведчаць зусім пра іншае. Пра гэта мы і паведамляем у сваіх праграмах.

Новы ліст ад нашага даўняга слухача і сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:

“Моладзі цяпер займацца палітыкай альбо грамадзкай дзейнасьцю, якая не кантралюецца ўладай, небясьпечна. Усе актывісты ўзятыя на ўлік, за імі сочаць. Але з гэтай прычыны людзі ня сталі думаць інакш. Вялікая частка моладзі ня згодная з палітыкай улады, думае інакш, чым яе прымушаюць гаварыць на палітзанятках. Людзі ўсё бачаць і робяць з назіраньняў уласныя высновы. Паглядзіце, як жыве ўлада. Старшыні калгасаў, кіраўнікі райвыканкамаў, іншыя вялікія і дробныя начальнікі за кошт дзяржавы будуюць асабнякі — нібыта як службовае жыльлё. Потым за сымбалічныя грошы прыватызуюць, і аказваецца, што вялізная маёмасьць коштам на сотні тысяч даляраў за бесцань пераходзіць ім. Што гэта, калі не карупцыя?”

Афіцыйныя заробкі чыноўнікаў (у тым ліку такіх высокапастаўленых, як кіраўнікі раёнаў) у Беларусі даволі сьціплыя. Але чыноўная вэртыкаль знайшла нямала спосабаў, каб шматкроць іх павялічыць за кошт бюджэту. Гэткая вось, так бы мовіць, “прыватызацыя” дазваляе спрытнаму начальніку у адзін момант займець маёмасьць, рэальны кошт якой складае заробак гэтага чыноўніка за дзясяткі гадоў. Лічыць гэта карупцыяй у чыстым выглядзе наўрад ці выпадае: фармальна начальнік нічога не парушае — у Беларусі дзейнічаюць законы, якія дазваляюць такую прыватызацыю паводле рэшткавага кошту збудаваньня, у якім жыў грамадзянін. Іншая рэч, што адзін жыў у аднапакаёвай “хрушчоўцы” у рабочым квартале, а другі — у трохпавярховым асабняку ў зялёнай зоне на беразе возера.

Ліст ад Віктара Баранава з Рагачова:

“Апошнім часам усё больш прыходжу да высновы, што няма больш сэнсу глядзець тэлевізар ды слухаць мясцовае радыё. Інфармацыі там — нуль. Часам нават складваецца ўражаньне, што рэдакцыі гэтых сродкаў масавай інфармацыі зусім не хвалюе, ці ёсьць у іх гледачы і слухачы. Навіны — другарадныя, неістотныя. А пра тое, што важна і цікава, маўчаць. Музыка — пераважна расейская “папса”. Няма клясыкі, няма вялікіх выканаўцаў мінулых гадоў. Фільмы — у асноўным старыя савецкія. Шмат карцінаў пра вайну, у якіх заўсёды перамагае Чырвоная армія, а савецкія разьведчыкі заўсёды хітрэйшыя і разумнейшыя за нямецкіх альбо амэрыканскіх. Дзе праўда, дзе выдумка, нават не спрабуеш разабрацца: проста выключаеш тэлевізар. На каго ўсё гэта разьлічана? Няўжо журналістам ды рэжысэрам абыякава, што думаюць людзі пра іхную прадукцыю? Абы грошы плацілі?

Тое ж і ў эканоміцы. Праяўляючы цьвердалобасьць, правіцелі замарожваюць разьвіцьцё дзяржавы. Мяне вельмі ўражвае той факт, што былая сацыялістычная ГДР, якая ўжо пятнаццаць год у складзе адзінай Нямеччыны, дагэтуль ня можа паводле эканамічных паказьнікаў зраўняцца з заходняй Нямеччынай. Што тады казаць пра Беларусь”.

Беларускі тэле- і радыёэфір манапалізаваны, спадар Баранаў. Ён знаходзіцца пад жорсткім кантролем дзяржавы, кіруецца дзяржаўнымі чыноўнікамі. Таму ўсе мясцовыя радыё- і тэлекампаніі падобныя адна на адну, паведамляюць толькі тыя навіны і ў тым сьвятле, як патрабуе ад іх уласьнік — дзяржава. Дзяржаўнае тэлебачаньне і радыё запоўнена зводкамі з палёў і фэрмаў, і ў той жа час ні слова не паведаміла пра масавую галадоўку жодзінскай моладзі альбо пра суд над лідэрамі апазыцыі Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам. І становішча зьменіцца толькі тады, калі грамадзяне Беларусі будуць мець крыніцы альтэрнатыўнай інфармацыі. Калі зьявіцца хаця б адзін даступны тэлеканал, палітыку якога ня будуць вызначаць дзяржаўныя ўласьнікі ды цэнзары.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну, Раман Зіноўеў зь Лёзна, Васіль Цюхай зь Беразіна, Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну і Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG