Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: выкарыстоўваеш сымболіку – плаці грошы


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Улады горадау Магілёву вырашылі браць грошы за выкарыстаньне сымболікі – герба і сьцяга абласнога цэнтру. Рашэньне на гэты конт прыняў Магілёўскі гарадзкі савет.

Для выкарыстаньня афіцыйных геральдычных сымабляў Магілёва цяпер трэба атрымаць дазвол гарвыканкаму і заплаціць грошы: шэсьць базавых велічыняў (гэта на сёньня 153 тысячы рублёў) за выкарыстаньне на працягу году і дзьве базавыя велічыні (51 тысячу) — за адзін раз. Гаворыць кіраўніца аддзелу ідэалёгіі Магілёўскага гарвыканкаму Ала Сушкова:

(Сушкова: ) “Аплата бярэцца толькі з тых арганізацыяў, якія выкарыстоўваюць гэтую сымболіку ў нейкіх камэрцыйных мэтах. Гэта абсалютна невялікі збор, які бярэцца раз на год”.

Новае рашэньне ўлады, падкрэсьліла Ала Сушкова, зьяўляецца абсалютна законным і датычыцца прадпрыемстваў і арганізацыяў усіх формаў уласнасьці. Ужо зьвярнулася па дазвол Магілёўскае аддзяленьне чыгункі.

Сымбалі Магілёва былі афіцыйна зацьверджаны напачатку гэтага году. Гербам Магілёва стаў старажытны сымбаль 17 стагодзьдзя з Пагоняй. Улада спрабавала стварыць новы герб з выявай ільва, але грамадзкасьць і дэпутаты такой ідэю не падтрымалі. Магілёўцам падабаецца герб гораду: у блакітным полі тры срэбраныя вежы, у адчыненых варотах рыцар і ны шыльдзе над варотамі — узброены коньнік, Пагоня.

Дэпутат Магілёўскага гарсавету ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Кірыл Шарапкін галасаваў за новае рашэньне аб выкарыстаньні сымболікі. Ён лічыць, што ўвядзеньне збору пашырыць выкарыстаньне старажытнага герба Магілёва.

(Шарапкін: ) “Кожны мае права выкарыстоўваць сымболіку гораду, калі займаецца працай у сваім горадзе. Добра, што ў нашым горадзе зьявяцца тавары, на якіх будзе эмблема гораду, наша Пагоня — як элемэнт герба, маецца на ўвазе”.

Дэпутат гарсавету Аляксандар Агееў лічыць, што на рашэньне аб увядзеньні збору паўплывалі эканамічныя прычыны.

(Агееў: ) “З улікам эканамічнай сытуацыі і перавыкананьня бюджэту, увядзеньня ўсё новых падаткаў, усё сьведчыць пра тое, што грошай добра не хапае ў бюджэце. Можа быць, з улікам нашай беднасьці гэта часовае рашэньне сёньня апраўданае”.

Днямі таксама і аблвыканкам зацьвердзіў інструкцыю аб выкарыстаньні герба і сьцяга Магілёўскай вобласьці. Асноўны элемэнт герба Магілёўшчыны — абраз Брацкай Божай маці, а абласны сьцяг — чырвонага колеру. Аблвыканкам дазволіў выкарыстоўваць сымболіку ў афіцыйных выпадках і як дэкаратыўны элемэнт, калі да герба і сьцяга паставіліся паважліва. Браць грошы за выкарыстаньне абласных геральдычных сымбаляў не прадугледжана. Новы збор распаўсюджваецца толькі на герб і сьцяг гораду Магілёва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG