Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 чэрвеня войскі саюзьнікаў высадзіліся ў Нармандыі


RFE/RL Каляндар Свабоды – 5 і 6 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 5 ды 6 чэрвеня.

Спачатку – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

5 чэрвеня ў Беларусі афіцыйна адзначаўся Дзень Эўфрасіні Полацкай – найбольш славутай беларускай сьвятой, якая зьдзейсьніла свой подзьвіг на ніве адукацыі ўласнага народу. А яшчэ 5 чэрвеня было царкоўнае сьвята – Ушэсьце, якое адзначаецца на саракавы дзень пасьля Вялікадня, калі адбылося ўзьнясеньне Хрыста на неба.

Ушэсьце супадае з даўнейшым, дахрысьціянскім беларускім абрадам “пахаваньня стралы”. Стралою называлі маланку. А хавалі яе, імкнучыся задобрыць нябесны агонь. Да апошняга часу “пахаваньне стралы” найлепей захавалася на Веткаўшчыне. І якраз па тых месцах наймацней ударыла чарнобыльскае адсяленьне.

5 чэрвеня 1938 году савецкімі карнымі органамі быў расстраляны Юры Лістапад – адзін з самых пасьлядоўных і гераічных змагароў за незалежную і дэмакратычную Беларусь.

Цяпер – пра сёньняшнія даты.

6 чэрвеня ўшаноўваюць сваіх вялікіх паэтаў суседзі Беларусі. Польшча адзначае дзень нараджэньня Яна Каханоўскага, а Расея – Аляксандра Пушкіна.

6 чэрвеня 1944 году войскі саюзьнікаў высадзіліся ў Нармандыі, гэта паўночная Францыя. Такім чынам у другой сусьветнай вайне быў адкрыты пераломны другі фронт.

6 чэрвеня 1762 году прыйшоў на сьвет архітэктар Вісарыён Паўлаў. Маючы ўсяго 23 гады, Паўлаў быў прызначаны на пасаду Магілёўскага губэрнскага архітэктара. З маладым імпэтам ён узяўся за перапляніроўку і перабудову гарадоў усходняй Беларусі. Такім чынам абнаўляліся Талачын, Рагачоў, Клімавічы, Крычаў... Але самы вядомы твор Паўлава – гэта палац губэрнатара ў Віцебску, што захаваўся да нашых дзён. Іншы ягоны будынак – вялізны Іосіфаўскі сабор у Магілёве – быў зруйнаваны за савецкім часам.

6 чэрвеня 1841 году ў маёнтку Мiлькаўшчына пад Горадняй у сям’i юрыста Бэнэдыкта Паўлоўскага нарадзілася будучая пісьменьнiца Эліза Ажэшка, якая ўсю сваю творчасьць прысьвеціць роднай Беларусі.

6 чэрвеня 1905 году ў вёсцы Пуцілкавічы на Ўшаччыне нарадзіўся Пятрусь Броўка, народны паэт Беларусі. Акадэмік, галоўны рэдактар выдавецтва “Беларуская савецкая энцыкляпэдыя”, старшыня Саюзу пісьменьнікаў быў настолькі папулярны ў народзе, што і народ складаў пра яго вершы. Сёньня Броўку спаўняецца 100 гадоў.
XS
SM
MD
LG