Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жодзінскія галадоўнікі мяркуюць сёньня скончыць акцыю


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Сёньня трынаццаты дзень галадоўкі моладзевых актывістаў у Жодзіне. Акцыя пачалася 25 траўня на знак пратэсту супраць выключэньня дэмакратычнай моладзі з навучальных установаў краіны. Цяпер засталося тры ўдзельнікі: Зьміцер Чарткоў, Яўген Валкавец і Аляксандр Вінаградаў.

Паводле іх уласных ацэнак, яны адчуваюць сябе здавальняюча. Аднак, паводле бацькоў і блізкіх гэтых юнакоў, яны бадзёрацца, а насамрэч іх здароўе выклікае трывогу. Напрыклад, у мінулую пятніцу, калі я быў у Жодзіна, то самы юны удзельнік акцыі 16-гадовы Павал Каранюхін таксама мне казаў, што са здароўем добра, але літаральна праз гадзіну ён страціў прытомнасьць. Толькі пасьля гэтага старэйшыя ўдзельнікі акцыі папрасілі прыпыніць яе непаўнагадовых. Дарэчы, зараз тыя, хто застаўся, праводзяць акцыю на прыватнай кватэры па праспэкце Леніна. Гаспадыня кватэры Тамара Красоўская так выказала сваё стаўленьне да галадоўнікаў:

(Красоўская: ) “Мне вельмі іх шкада. Я бачу іхныя пакуты. Я ім сказала: “Дзеці, падумайце добра. Ня варта жыцьцё губіць. Ніхто ні за каго ня адказвае, кожны адказвае за сябе. Вы павінны сур’ёзна падумаць. Як дарослыя”. Мне іх шкада. Я хварэю душой і сэрцам. І плачу. Як маці. Дзяцей гэтых добра ведаю. Вельмі добрыя дзеці. Вельмі шкада, што яны нікому не патрэбныя ў нашай дзяржаве”.

Паводле аргкамітэту акцыі, сёньня мяркуецца скончыць яе. На гэтым настойваюць, як мы ўжо чулі, бацькі і блізкія галадоўнікаў. Таксама вельмі раілі ім спыніць галадоўку фактычна ўсе наведнікі, якія прыяжджалі ў Жодзіна ў часе акцыі. У прыватнасьці, на гэтым настойвалі сябры Рады беларускай інтэлігенцыі: Уладзімір Колас, Сяргей Законьнікаў, Лявон Баршчэўскі і Гергій Ліхтаровіч. А яшчэ прасілі жодзінскіх юнакоў не ахвяраваць здароўем замежныя дыпляматы. Я нагадаю, іх на мінулым тыдні наведалі прадстаўнікі амбасады ЗША у Беларусі, ад імя амбасадаў краінаў Эўразьвязу кіраўнік амбасады Чэхіі Уладзімір Румл, прадстаўнікі Офісу АБСЭ у Менску. Я прысутнічаў у часе сустрэчы з галадоўнікамі спадара Румла, які таксама выказаў глыбокую занепакоенасьць магчымымі нэгатыўнымі наступствамі для здароўя працяглай галадоўкі.

Якія папярэднія вынікі жодзінскай акцыі? Паводле назіральнікаў, да гэтай акцыі пра выключэньне з навучальных установаў прадстаўнікоў дэмакратычнай моладзі гаварылася як пра адзінкавыя і не зьвязаныя між сабою выпадкі. Жодзінская моладзь фактычна ўпершыню зьвярнула ўвагу грамадзтва, што ў сапраўднасьці –гэта не асобныя выпадкі, а зьява. А менавіта: супраць удзельнікаў моладзевага дэмакратычнага руху праводзіцца мэтанакіраваная кампанія па выключэньні іх з устаноў адукацыі. Толькі ў адным 60-тысячным горадзе Жодзіна сямёра юнакоў былі выкінутыя на вуліцу з такіх устаноў. Пасьля таго, як галадоўнікі заявілі гэтаму пратэст, высьветлілася, што і ў іншых гарадах ёсьць маладыя людзі, якіх адлічылі за ўдзел у дэмакратычным руху. Адным словам, зараз, паводле назіральнікаў, можна казаць пра дыскрымінацыю ў Беларусі моладзі, якая мае апазыцыйныя настроі. Інакш кажучы, улады хочуць, каб прадстаўнікі дэмакратычнай моладзі заставаліся невукамі. Якраз на гэта удзельнікі акцыі зьвярнулі ўвагу, у прыватнасьці, замежных дыпляматаў. У адказ кіраўнік амбасады Чэхіі Уладзімір Румл ад імя амбасадаў краінаў Эўразьвязу запэўніў галадоўнікаў, што дыпляматычныя місіі замежных краінаў, возьмуць, так бы мовіць, на кантроль пытаньне з выключэньнем у Беларусі з навучальных установаў дэмакратычнай моладзі па палітычных матывах. Галадоўка, паводле назіральнікаў, атрымала розгалас і ўнутры краіны. У прыватнасьці, вось што зазначыў на гэты конт лідэр моладзевай арганізацыі “Правы альянс” Юрась Карэтнікаў:

(Карэтнікаў: ) “Сапраўды, зараз у нас такая сытуацыя, што вельмі запалохана грамадзтва. Моладзь, нават калі яны выступае супраць ціску рэжыму, але яна баіцца страціць месца працы, месца вучобы. І вось такімі мужнымі крокамі жодзінская моладзь паказала, што ў прынцыпе можна змагацца, што ёсьць надзея на перамены. Я чуў водгукі студэнтаў, навучэнцаў менскіх установаў, інфармацыя да іх дайшла і ўсе проста захопленыя мужнасьцю гэтых людзей. Гэта яшчэ й штуршок, што ў прынцыпе ў Беларусі могуць адбыцца перамены. Сітуацыя ў Жодзіна паказвае, што грамадзтва падрыхтаванае, чакае такіх вось мужных крокаў і чакае сваіх герояў. Моладзь – гэта такая іскра, якая можа запаліць полымя, ў сэрцах усёй беларускай моладзі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG