Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Кастусь Шыдлоўскі


Кастусь Шыдлоўскі, Браслаў Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”.

Асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе Кастусь Шыдлоўскі — навуковы супрацоўнік Браслаўскага музэйнага аб’яднаньня, кіраўнік Браслаўскага краязнаўчага таварыства, аўтар шматлікіх навукова-папулярных кніг пра родны горад і самае прыгожае ў Беларусі азёрнае наўкольле.

Даволі часта ў сваім жыцьці, асабліва ў маладзейшыя гады, адчуваў патрэбу штосьці зьмяніць, распачаць нешта новае. Прасьцей падавалася вызначыць нейкі рубеж і ад яго пачынаць зьмены. Як для каго, а для мяне найбольш зручным рубяжом уяўляўся панядзелак. Здавалася, адгуляеш сабе выходныя, а там і любая справа будзе па сілах. Вось толькі ў рэчаіснасьці часьцей за ўсё выходзіла па-іншаму.

Былі б усе падставы лічыць панядзелак цяжкім, няўдалым днём, калі б не адна акалічнасьць: вось ужо каля дваццаці гадоў працы ў Браслаўскім музэі панядзелак зьяўляецца маім выходным днём. Сапраўды, у гэтым нешта ёсьць: пераважная большасьць людзей навокал пачынае новы працоўны тыдзень, а ты можаш сплянаваць панядзелак па сваім жаданьні. Даўно заўважыў, што шукаюць цябе па нейкіх тэрміновых справах у гэты дзень ня так часта, як у астатнія дні. Удзячны выходнаму ў панядзелак і за тое, што найбольш балючыя палітычныя паразы апошняга дзесяцігодзьдзя, пераважная большасьць якіх па часе зьвязана з канцом тыдня, меў магчымасьць перажываць сам-насам. У такі час хочацца зьехаць куды далей, нікога ня бачыць, ня чуць і паспрабаваць самастойна разабрацца ў сытуацыі.

* * * Браслаў... Канец траўня-пачатак чэрвеня... Доўгачаканая, але ад таго ня менш раптоўная хваля цяпла, хутчэй сьпякоцьця. Разьвітальны сюрпрыз халоднай, мокрай і нуднаватай вясны. Толькі вось лета не падтрымала гэтага шчодрага ўчынку. Надвор’е зноўку занудзілася. У мястэчку пануе пах зямлі, салодкі водар палісаднікаў, якія патанаюць у квецені. Сьвежая яшчэ зеляніна і птушкі, галасы якіх у гэтую пару ня ў стане паглынуць іншых гукаў гарадка.

940 гадоў з часу першай згадкі Браслава ў пісьмовых крыніцах. У адрыўным календары “Родны край” гэта падзея аднесена да 7 сакавіка (між іншым, панядзелак). Сьвята гораду плянуецца правесьці дзесьці ўлетку. Калі б у мяне была магчымасьць выбраць для Браслава дзень народзінаў, абавязкова прыпыніўся б на якім травеньскім дні.

Асабліва хораша ў пагодны травеньскі дзень на Замкавай гары. Дрэвы яшчэ не апусьцілі зялёнай заслоны. Зь любой кропкі гарадзішча глядзіцца магутнай цэласьцю ў атачэньні азёрных абшараў. “Тут як на караблі”, — заўважае нехта з гасьцей. І ты мусіш пагадзіцца: сапраўды, параўнаньне трапнае. Аднак у мяне ёсьць сваё параўнаньне. Аднаго разу давялося ўбачыць Замкавую гару з вышыні птушынага палёту. Ды гэта ж гіганцкі накладны замок, нібы накінуты руплівай гаспадарскай рукой на вузкі міжазёрны перашыек. А што, усё лягічна: замак — замок.

У далёкім ХІ стагодзьдзі паўстаў Браслаў як вартавы, аберагаючы, замыкаючы адзіны на ўсё бліжэйшае навакольле зручны праход да крывіцкай сталіцы — Полацку — ад земляў суседніх балтаў. І цяпер Браслаў разьмешчаны на памежжы.

* * * У травеньскім празрыстым паветры са старажытнага гарадзішча можна ўбачыць збудаваньні Ігналінскай атамнай станцыі, што ў Літве. Гэта ня проста суседняя краіна, гэта ўскраіна аб’яднанай Эўропы, якая імкнецца да супольнага жыцьця паводле адзінай Канстытуцыі. Хаця, як паказваюць апошнія падзеі, эўрапейская інтэграцыя — працэс складаны, часам супярэчлівы. Аднак найбольш важна, што арыентуецца ён на волевыяўленьне народаў. Згадваецца, што ў свой час, пакутліва пераадольваючы шматлікія перашкоды, нараджаўся Акт Канстытуцыі 3 Траўня 1791 году — Асноўнага закону Рэчы Паспалітай, першай канстытуцыі ў Эўропе і другой у сьвеце пасьля амэрыканскай. Сярод гарачых прыхільнікаў Канстытуцыі 3 Траўня, сярод тых, хто спрычыніўся да яе пераможнага абвяшчэньня, быў і дэпутат ад Браслаўскага павету Тамаш Ваўжэцкі. Яго голас быў заўважны ў коле дзяржаўных рэфарматараў. Абіралі ж пасла на мясцовым сойміку, тут, на Замку. У той час мы яшчэ не былі на задворках Эўропы.

Напрыканцы ХХ стагодзьдзя лёс наканаваў Браславу зноў апынуцца на дзяржаўным памежжы. Дай Божа, каб гэтая мяжа хутчэй стала ўнутрыэўрапейскай, а дзень памежніка, што прыпадае акурат на канец траўня, самым непрыкметным сьвятам у Браславе.

Збудаваньне Ігналінскай станцыі можна ўспрымаць і зусім па-іншаму, калі згадаеш пра рэактары, аналягічныя чарнобыльскім. Гэтыя вежы і трубы, як ашчэр зьніклай імпэрыі. Сярод мірных зялёна-блакітных краявідаў яны выклікаюць пачуцьцё трывогі.

* * * Не пакідае трывога і за будучы лёс маляўнічага Браслаўскага навакольля. Гэтую дабраслаўлёную зямлю, дадзеную нам ад Бога, ужо даўно трэба было б аднесьці да ліку каштоўных нацыянальных скарбаў краіны. Аднак, створаны якраз дзесяць гадоў таму Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры” ня стаў ні запаведнай тэрыторыяй, ні зонай разумнага спалучэньня прыродаахоўнай, турыстычнай і гаспадарчай дзейнасьці. Наадварот, як ніколі, існуе вялікая пагроза страты таго, што яшчэ засталося.

Гэтымі днямі ў Браславе працягваюць шчыраваць розныя сьледчыя групы, якім пастаўлена задача выкрыць злоўжываньні ў дзейнасьці адміністрацыі Нацыянальнага парку. Скандал атрымаў розгалас на ўсю краіну. Да яго прыцягнута ўвага вышэйшага кіраўніцтва. Але паўстае пытаньне: хто стварыў сытуацыю, у якой сталі магчымымі злоўжываньні? Абодва прызначаныя зь Менску дырэктары аказаліся крымінальнікамі.

Нацыянальны парк — падразьдзяленьне сумнавядомай адміністрацыі прэзыдэнта. Закрытая структура ў закрытым грамадзтве. І кіраўнікі адміністрацыі (хто зь іх пакінуў гэтае крэсла без скандалу?), і іх адданыя стаўленікі паводзілі сябе на гэтай зямлі нахабна і па-барбарску. Колькі будоўляў зьнявечылі запаведныя берагі маляўнічых азёраў? А чым лепшы “галоўны турыст” краіны, які падчас знаёмства з браслаўскім навакольлем аддаў загад збудаваць гарналыжны комплекс на гары Маяк, лепшай аглядальнай кропцы ня толькі Браслаўшчыны, але і ўсяго Беларускага Паазер’я, краявіды зь якога заварожваюць сэрца. Гэта ўсё адно, што храм пад трамплін прыстасаваць. Не кранае сэрцаў дачасьнікаў тутэйшая прыгажосьць. Толькі ці ёсьць у іх сэрцы?

У злачынную дзейнасьць аказаліся ўцягнутымі дзясяткі мясцовых людзей. У многіх зь іх папросту не было выбару. Загады ў Нацыянальным парку не абмяркоўваюцца. Не адна браслаўская сям’я з трывогай чакае, чым завершыцца праца “государевых людей”. А Нацыянальны парк узначаліць наступны дырэктар-вараг. Наўрад ці ён будзе лепшым за папярэднікаў.

* * * За час, што займаюся дасьледаваньнямі гісторыі Браслаўшчыны, у мяне выпрацаваўся жартаўлівы дэвіз: “Браслаўшчына — цэнтар сусьвету”. Дэвіз, між іншым, унівэрсальны, ён падыходзіць да ўсіх, хто займаецца краязнаўствам пэўнага рэгіёну, мястэчка, вёсачкі. Замкавая гара — цэнтар старажытнага Браслава. Здаецца, да гарадзішча вельмі пасуе роля цэнтру сусьвету. І зоркі адсюль падаюцца большымі, бліжэйшымі да цябе.

Быў час, калі на зорнай карце сусьвету месца Браслава пазначалася сваёй адметнай зоркай. Яе сьвятло запаліў чалавек незвычайнага лёсу, Браславец зь вялікай літары. На Замкавай гары ўзвышаецца белы прыгожы абэліск над магілай Станіслава Нарбута, мясцовага лекара, грамадзкага дзеяча, чалавека розных талентаў і вялікай душы, які самаахвярна любіў людзей і аддана служыў ім. А яшчэ ён да бясконцасьці любіў Браслаў і лічыў яго самым лепшым месцам у сьвеце. Больш за сорак гадоў таварышыў Станіслаў Нарбут мясцоваму люду, і ўдзячныя жыхары Браслаўшчыны пахавалі яго на абарончым вале гарадзішча, адкуль бачны гарадок і навакольле. На вяршыні помніка разьмясьцілі ліхтар. Помнік-маяк патрэбны быў рыбакам і падарожным у непагадзь. Яго сьвятло было шляхаводнай зоркай, патрэбнай для чалавечых душ, якія заблукалі ў прыцемках.

Вось ужо колькі гадоў ліхтар не гарыць, спачатку эканомілі сьвятло, а пазьней ліхтар разьбіў шаленец вецер. Няўтульна і пуста стала на Замку. Цэнтар сусьвету бяз зоркі.

Ёсьць такія аб’екты сярод сузор’яў — чорныя дзіры. Яны нічога не выпраменьваюць, адно толькі паглынаюць. Няўжо гэта адзін з тваіх сымбаляў, Браслаў? Чорная дзіра абыякавасьці, хлусьні, крывадушнасьці. Трывожна ў сэрцы, няўтульна і холадна ў душы. Ці ёсьць патрэба ў тым, што ты робіш, што для цябе важна і дорага? Што рабіць, каб нешта зьмянілася? Шукаю, але не знаходжу адказу. Унізе, ля падэшвы старажытнага замчышча завіхаюцца ў штодзённай мітусьні абыякавыя месьцічы.

* * * Нібы адно імгненьне, мільгануў мой працоўны тыдзень — аўторак, серада, чацьвер, пятніца, субота. Паездкі, экскурсіі, тэлефанаваньні, процьма тэрміновых і ня вельмі справаў, пісьмовы стол, закіданы паперамі, якія так і не ўдалося разгрэбсьці.

Cуботнім надвячоркам пасьля працы ты крочыш утульнымі зялёнымі вулачкамі мястэчка. Яны амаль пустыя і ад таго яшчэ больш утульныя, свойскія. Натоўпы гасьцей запоўняць іх трохі пазьней, пры ўмове, што будзе добрае надвор’е. Ты кіруесься дадому, дзе цябе заўсёды чакаюць і разумеюць.

На хвілінку захацелася забегчы на Замак. Вецер перасоўвае па небе цяжкаватыя аблачыны. Дзе-нідзе празь іх прабіваюцца сонечныя промні. Рэльефная карціна неба, як у люстэрку, адбіваецца ў азёрнай вадзе. Зеляніна гарадзішча ў атачэньні бэзу, які акупаваў стромкія схілы. Бэзавы колер, бэзавы пах — яшчэ адна адмеціна травеньскай пары.

Якая ва ўсім гэтым экспрэсія! Не, Замкавая гара ня можа быць чорнай дзірой. Настройцеся на адпаведную хвалю і зважайце: яна выпраменьвае энэргію пакаленьняў продкаў, якія жылі і працавалі тут, палівалі гэтую зямлю потам і крывёю. Ты амаль фізычна адчуваеш моцны паток, які знаходзіць сваё месца ў вечнай энэргіі сусьвету. Толькі ад цябе залежыць, ці здолееш ты далучыць да яго свой праменьчык. Драбязой падаюцца і абставіны часу, і твой настрой, і твае хістаньні.

Дахаты ты ідзеш спакойны і ўпэўнены.

Яшчэ трошкі, і пачнецца новы тыдзень — вядома ж, ад панядзелка, які стаў маім улюбёным днём, якога чакаеш не для таго, каб пачаць нешта новае, а таму, што ён дае надзею годна працягваць тое, што ўжо пачата.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG