Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 чэрвеня - першы этэр амэрыканскага тэлеканалу CNN


RFE/RL Каляндар Свабоды – 1 чэрвеня. Што адбывалася ў сьвеце і ў Беларусі 1 чэрвеня.

Cёньня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. У зьвязку з гэтым самыя разнастайныя календары згадваюць мудрыя словы старажытнага Піфагора: “Беражыце сьлёзы вашых дзяцей, каб яны маглі праліваць іх на вашай магіле”. Ёсьць і больш блізкія да нас у часе і прасторы сэнтэнцыі. Да прыкладу, народны пісьменьнік Беларусі Янка Брыль напісаў, што “Адносіны да дзяцей – беспамылковая мера духоўнай вартасьці чалавека”.

Сёньня – дзень нараджэньня Міхала Глінкі, кампазытара, заснавальніка расейскай клясычнай музыкі. Паходзіў Міхал Глінка са старажытнага беларускага шляхецкага роду. Адзін зь ягоных продкаў Віктарын Глінка атрымаў у падарунак ад караля Ўладзіслава Чацьвертага маёнтак у Смаленскім ваяводзтве. Гэта было ў тыя часы, калі Смаленшчына разам зь цяперашняй Беларусяй складала адну краіну – Вялікае Княства Літоўскае. Дык вось, пасьля таго, як Смаленск перайшоў да Расеі, Віктарын Глінка узяў расейскае падданства і стаў заснавальнікам расейскае галіны свайго роду. Натуральна, гэта ня стала перашкодай таму, каб самая славутая опэра Міхала Глінкі “Жыцьцё за цара” атрымала сталую прапіску ў Менскім опэрным тэатры. Праўда, называлася яна ў савецкія часы па-іншаму – “Іван Сусанін”.

Таксама сёньня – дзень нараджэньня Канстанціна Вераніцына, забытага пісьменьніка, аўтара клясычнай у беларускай літаратуры паэмы “Энеіда навыварат”. Гэтая паэма яшчэ ня так даўно лічылася ананімнай. Аднак літаратуразнавец Генадзь Кісялёў, правёўшы на працягу дзесяцігодзьдзяў грунтоўнае дасьледаваньне, даказаў аўтарства Вераніцына.

У першы дзень лета прыйшлі на сьвет Сяргей Пясецкамі, аўтар папулярнага раману “Каханак Вялікай Мядзьведзіцы”, і празаік, драматург і перакладчык Алесь Асташонак.

А яшчэ першы дзень лета – гэта дзень нараджэньня знакамітай акторкі Мэрылін Манро, якая стала адным з сымбаляў Амэрыкі, і дзень першага этэру амэрыканскага тэлеканалу CNN, які ведаюць і глядзяць па ўсім сьвеце.
XS
SM
MD
LG