Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве створаная беларуска-расейская праваабарончая камісія


Алесь Дашчынскі, Менск У Маскве адбылося першае ўстаноўчае паседжаньне грамадзкай беларуска-расейскай праваабарончай камісіі Савету пры прэзыдэнце Расеі ў справе судзеяньня ў разьвіцьці інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека. У працы камісіі бяруць удзел кіраўнікі аўтарытэтных праваабарончых арганізацыяў абедзьвюх краінаў, грамадзкія дзеячы і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі.

Сярод тых, хто ўвайшоў у склад гэтай беларуска-расейскай праваабарончай камісіі — Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара, старшыня БХК Тацяна Процька, вядомы адвакат Гары Паганяйла, сябра праваабарончага цэнтру “Вясна” Тацяна Равяка, шэф-рэдактар газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна, праваабаронца Алена Танкачова і іншыя.

З расейскага боку ў склад камісіі ўвайшлі старшыня Савету пры прэзыдэнце Расеі ў правах чалавека Эла Памфілава, праваабаронца Сяргей Кавалёў, журналіст Павал Шарамет, старшыня маскоўскай Хэльсынскай групы Людміла Аляксеева ды іншыя.

Склад гэтай камісіі яшчэ ўдакладняецца. Сустаршынямі абраны генэрал Валеры Паўлаў і старшыня савету зьнешняй і абароннай палітыкі Расеі Сяргей Караганаў. Паводле спадара Караганава, у склад камісіі таксама запрошаны афіцыйныя прадстаўнікі расейскіх уладаў. Сяргей Караганаў падсумоўвае вынікі сёньняшняй сустрэчы.

(Караганаў: ) “Гэта азначае, што некаторыя людзі ў расейскім грамадзтве занепакоеныя станам правоў чалавека ў Беларусі гэтак жа, як і ў Расеі і хочуць стварыць яшчэ адзін мэханізм абароны гэтых правоў. Якраз сёньня мы зацьвердзілі плян працы і пачнём паступова яго выконваць, прыцягваць увагу грамадзкасьці да тых ці іншых фактаў, паляпшаць інфармацыйную працу, каб беларускае і расейскае грамадзтва лепш ведала рэальную сытуацыю, у тым ліку ў галіне правоў чалавека і грамадзянскіх свабодаў. Даступнымі мэтадамі будзем абараняць тых людзей, якія зьяўляюцца ахвярамі палітычных рэпрэсій”.

Сяргей Караганаў заявіў, што камісія гатовая да супрацоўніцтва і з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску, бо ёсьць намер канструктыўна садзейнічаць паляпшэньню сытуацыі. Што найбольш хвалюе спадара Караганава цяпер у Беларусі?

(Караганаў: ) “Многае трывожыць. Рэальна павялічваецца колькасьць палітзьняволеных, фактычна зьнішчаюцца рэшткі свабодных мэдыяў, незалежныя грамадзкія арганізацыі. Ствараюцца ўмовы, калі Беларусь заганяе сябе ў тупік, зь якога можа быць вельмі дрэнны зыход. Асабліва ўлічваючы тое, што Расея можа апынуцца суўдзельніцай гэтага дрэннага зыходу, а я гэтага не хачу, бо ў нас дастаткова сваіх праблемаў. Тым болей, што мы зьяўляемся сябрамі саюзнай краіны і таму маем поўнае права і нават абавязак узаемна абараняць правы”.

Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага шэсьць гадоў таму апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара, распавяла пра асноўныя кірункі дзейнасьці створанай у Маскве грамадзкай камісіі.

(Ганчар: ) “Праваабарончая дзейнасьць — гэта палітзьняволеныя, выкрадзеныя палітыкі, СМІ, грамадзкія арганізацыі і выбарчае права. Мы вельмі прадуктыўна папрацавалі і хутка знаходзілі ўзаемавыгаднае вырашэньне пытаньняў”.

Падчас сустрэчы ў старшыні Савету пры прэзыдэнту Расеі ў правах чалавека Элы Памфілавай закраналася сытуацыя з падрыхтоўкай да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Паведамленьне на гэтую тэму зрабіла сяброўка праваабарончага цэнтру “Вясна” Тацяна Равяка.

(Равяка: ) “Ужо ўведзены ў дзеяньне з 1 лютага закон аб унутраных войсках Міністэрства ўнутраных справаў, якім фактычна даецца права прэзыдэнту краіны даваць загад на прымяненьне зброі. І мы лічым, што гэтыя зьмены ўнесеныя невыпадкова, гэта закладаецца ў сцэнар падрыхтоўкі да будучых прэзыдэнцкіх выбараў”.

Праваабаронцы зь Беларусі і Расеі вырашылі дамовіцца аб супрацоўніцтве яшчэ падчас сустрэчы ў Маскве, якая адбылася на пачатку гэтага году. На ёй прысутнічалі старшыня савету па зьнешняй і абароннай палітыцы Расеі Сяргей Караганаў, старшыня савету пры прэзыдэнту Расеі ў правах чалавека Эла Памфілава, упаўнаважаны ў правах чалавека ў Расеі Ўладзімер Лукін. Тады Эла Памфілава паабяцала ўсур’ёз заняцца праблемай правоў чалавека ў Беларусі і палітычных зьнікненьняў. Затым у сакавіку адбылася сустрэча Зінаіды Ганчар з Элай Памфілавай у Маскве, на якой абмяркоўваліся магчымасьці супрацоўніцтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG